Беларуская Служба

Беларускі рэжысёр хоча перанесці на тэатральную сцэну ў Польшчы творы Сяргея Пясэцкага і Францішка Аляхновіча (ФОТА)

22.12.2023 08:01
«Мая мэта – зрабіць інсцэнізацыю раманаў гэтых аўтараў, гэта значыць пераўтварыць і перапрацаваць іх творы ў драматургію».
Аўдыё
  • «Мая мэта – зрабіць інсцэнізацыю раманаў гэтых аўтараў, гэта значыць пераўтварыць і перапрацаваць іх творы ў драматургію»
Вялікая сцэны Польскага тэатру ў Познані крыніца: Польскі тэатр у Познані

На днях сталі вядомыя лаўрэаты стыпендыі Gaude Polonia Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы на 2024 год. Сярод іх – 16 чалавек з Беларусі.

Стыпендыя Gaude Polonia ўручаецца польскім Мінкультам штогод для маладых дзеячаў культуры з краін Усходняй Еўропы. Удзельнікі праграмы атрымліваюць магчымасць рэалізацыі праекту цягам паўгода ў выбраных польскіх установах культуры. У рамках стыпендыі польскі бок выдзяляе сродкі на працу, пражыванне і мэты, звязаныя з рэалізацыяй праекту.

Лаўрэатам Gaude Polonia стаў Мікіта Ільінчык – беларускі драматург і тэатральны рэжысёр, актуальна – рэзідэнт Польскага тэатру ў горадзе Быдгашч. На працягу шасці месяцаў творца будзе рэалізаваць праект у супрацы з Польскім тэатрам у горадзе Познань.

Мікіта Ільінчык   крыніца: асабісты архіў М.Ільінчыка Мікіта Ільінчык крыніца: асабісты архіў М.Ільінчыка

«Для мяне як асобы, якая займаецца тэатрам і якая працуе з тэатрам, вельмі важна пазнаваць мастацкія тэатральныя асяроддзі ў розных польскіх гарадах, таму што ў Польшчы тэатральная сістэма дэцэнтралізаваная, і гэта мне вельмі падабаецца», – зазначыў Мікіта Ільінчык.

Францішак Аляхновіч (злева) і Сяргей Пясэцкі/грамадскі набытак
Францішак Аляхновіч (злева) і Сяргей Пясэцкі/грамадскі набытак

Ён таксама сказаў, што яго стыпендыяльны праект будзе звязаны з польска-беларускімі аўтарамі – пісьменнікамі Сяргеем Пясэцкім і Францішкам Аляхновічам.

«Мая мэта – зрабіць інсцэнізацыю раманаў гэтых аўтараў, гэта значыць пераўтварыць і перапрацаваць іх творы ў драматургію. Планую таксама правесці перфарматыўныя чытанні маіх тэкстаў паводле раманаў Пясэцкага і Аляхновіча з удзелам польскіх і беларускіх акцёраў», – распавёў Мікіта. Ён таксама падкрэсліў, што ў рамках праекту падрыхтуе цыкл лекцый пра творчасць згаданых пісьменнікаў.

Мікіта Ільінчык сказаў, што Gaude Polonia – гэта важная стыпендыя, якую раней атрымалі вядомыя прадстаўнікі беларускай культуры і мастацтва.

«Гэтая стыпендыя дае магчымасць рэалізаваць праекты, якія нельга зрабіць у Беларусі, і якія, на жаль, Беларусі непатрэбныя», – сказаў тэатральны дзеяч.

размова цалкам – слухайце аўдыёфайл

З Мікітам Ільінчыкам размаўляў Валеры Саўко

відэа: польска-беларускі спектакль «Эмма» - аўтар п'есы і рэжысёр Мікіта Ільінчык