Беларуская Служба

Беларускі комік у эміграцыі: “Мой гумар пра тое чым жывуць людзі”

29.12.2023 14:32
З чаго смяецца публіка і аб чым думае комік у эміграцыі.
Аўдыё
  • Міхась Ільін адзін з нямногіх прадстаўнікоў менавіта беларускага стэндапу ў Польшчы.
Ілюстрацыя shutterstock

Гумар у Беларусі таксама павінен адпавядаць…

Міхась Ільін адзін з нямногіх прадстаўнікоў менавіта беларускага стэндапу ў Польшчы. Праўда, да гэтага ён яшчэ і журналіст. Падчас пратэстаў працаваў у Беларусі, з’язджаць давялося разам з рэдакцыяй.

-Тады ўжо стала зразумела, што людзей саджаюць за каментары, проста за набор тэксту, а ў мяне быў на той момант даволі папулярны твітэр. І я зразумеў, што быць такім гумарыстам у Беларусі таксама небяспечна. Месяц, два, тры і прыйдуць за мной…

У стэндапе Міхась пачынаў з 2017 году. А да падзей 20-га было не адно выступленне, а таму таксама здолеў адчуць, што гумар у Беларусі павінен адпавядаць пэўным ідэалагічным патрабаванням улады.

-Былі ўжо нават не намёкі, а канкрэтныя рэчы. Мне казалі, што з восені 21-га году я быў у чорных спісах, як артыст. І мне нават сказалі, што калі мой твар з’явіцца на афішах, то такое мерапрыемства не атрымае гастрольнае пасведчанне.

 

Пачынаў стэндап па-расейску

Наагул, стэндапам Міхась зацікавіўся напачатку 2010-х гадоў, калі пачалі з’яўляцца пераклады замежных выступаў, у прыватнасці амерыканскіх. Напачатку яму было цікава як гледачу, а потым падумалася: а чаму я так не змагу.

-Першыя тры ці чатыры выступы былі даволі добрыя. Хаця звычайна ў іншых першыя нават некалькі дзясяткаў выступаў не вельмі атрымліваюцца. А ў мяне было наадварот. Потым пайшоў спад і толькі калі я зразумеў у чым мае памылкі, усё закруцілася, як трэба.

Міхась згадвае, што пачынаў стэндап па-расейску, хаця практычна ніколі не глядзеў расейскіх комікаў. Проста так тады выглядала сітуацыя з мовай. Былі спробы рабіць гэта ў Мінску, але ахвотных на беларускі стэндап прыходзіла няшмат.

-Калі мы ўжо апынуліся тут, я і іншыя комікі ў нейкі момант падумалі - чаму не, калі ўжо зарадзіўся такі трэнд, што нават Ідрак Мірзалізадэ – комік такі, пачаў выступаць па-беларуску. То чаму мы не зможам. Я ўжо год выступаю ў Польшчы і толькі па-беларуску. На рускай мове ўжо адмаўляюся, калі запрашаюць.

 

Сярэдні партрэт гледача цяжка скласці

Цікаўлюся ў суразмоўцы – як успрымаецца зараз гумар, аб чым ён, адкуль бяруцца тэмы? На яго думку, жарт дае магчымасць хоць на нейкі час расслабіцца і забыцца, адцягнуць дрэнныя думкі. І гэта патрэбна людзям, яны і прыходзяць на канцэрты. А што датычыць тэмаў, то, маўляў, іх шмат.

-Пра Лукашэнку шмат, шмат пра розныя праблемы ў Беларусі. Ну і, вядома, эмігранцкае жыццё, бо гэта ўсё ж тое чым я жыву і чым жывуць гледачы. І гэтыя ўсе перажыванні мае адлюстроўваюцца ў людзях і маюць водгук.

А публіка, паводле Міхася, самая разнастайная. Прыходзяць і маладыя і старэйшыя людзі.

-Насамрэч, самая разнастайная публіка, сярэдні партрэт цяжка скласці. Гэта можа быць моладзь 20 плюс і 30 плюс і г.д. Калі канцэрт адбываецца на вялікай пляцоўцы, скажам на 100 чалавек, то абавязкова 5-6 з іх могуць быць і 60 плюс. Прыходзяць часам людзі ўзросту маёй мамы. Часам нават здараецца няёмка, бо разумееш, што жарты на розныя тэмы і потым думаеш, што не хацеў бы, каб мама глядзела такі выступ. Але ў агульным усё нармальна.

Спрабую дарыць людзям пазітыўныя эмоцыі

-А як жарт ужываецца з сумам, з нядобрым настроем, ад таго, што вайна, што мы ўсе ў эміграцыі?

-Я сваімі жартамі спрабую людзям дарыць усё ж нейкія пазітыўныя эмоцыі. І спадзяюся, што прынамсі падчас маіх выступаў яны забудуць пра той сум. Я проста агучваю тыя бытавыя праблемы з якімі людзі штодня сутыкаюцца ў эміграцыі. Кшталту звязаныя з легалізацыяй ці яшчэ з чым-небудзь. Галоўнае, што ў людзей гэта мае водгук, яны разумеюць гэтыя праблемы і самі могуць з іх пасмяяцца.

Дарэчы, пра сваё ўласнае жыццё ў эміграцыі Міхась кажа, што наракаць няма чаго. Пераезд у яго адбыўся з рэдакцыяй, працу шукаць не трэба было, ды і ў Польшчы асабліва асвойвацца было не складана, бо частка жыцця праходзіла ў Брэсце. А там людзі папросту ці ні штодня ў краму ездзілі ў Тэрэспаль.

-У мяне нават і зараз ёсць жарт, што ў Польшчы так шмат беларусаў і ўкраінцаў, а таму цяжка пачуць польскую мову. І за два гады знаходжання тут я стаў ведаць польскую мову горш, чым да пераезду. Уся мая польская мова – так, мам карту Бедронкі. І то гэта ў тым выпадку калі мы з прадавачкай удаем, што не ведаем расейскай мовы.

Рыхтуйся да горшага, але спадзявайся на лепшае…

Цікаўлюся ў суразмоўцы – як палякі ставяцца да беларускага стэндапу, ці прыходзяць на канцэрты? Аказваецца, у іх свой вельмі добры стэндап і яны аддаюць яму перавагу. А яшчэ Міхась заўважае, што стэндап у іх даволі смелы, высмейваюцца і ўлады, і касцёл.

-Але комікі ў Польшчы не сутыкаюцца з такімі праблемамі з якімі сутыкаюцца комікі ў Беларусі…

І яшчэ карцела запытацца ў коміка – што ён думае пра вяртанне дадому, ці верыць, што гэты час хутка наступіць?

-У прынцыпе я рыхтуюся да горшага, у тым плане, што я не раблю сабе пазітыўных думак кшталту заўтра памрэ і адразу збіраем рэчы і едзем дадому. Я рыхтуюся да таго, што гэта можа зацягнуцца яшчэ на год дзесяць. Складана ўсё ж, што ў цябе ў пэўным сэнсе ёсць такая нявызначанасць. Але ў любым выпадку я яшчэ не гатовы асімілявацца, у мяне ўсё роўна яшчэ такое адчуванне: рыхтуйся да горшага, але спадзявайся на лепшае…

Павел ЗАЛЕСКІ

Слухайце аўдыё!