Беларуская Служба

Запрашаем на навагодні шпацыр па выставах пад адкрытым небам

29.12.2023 14:01
Выстава ў «Лазенках», прысвечаная маці польскай незалежнасці, жонцы маршала Пілсудскага, Аляксандры.
Аўдыё
  • Запрашаем на навагодні шпацыр па выставах пад адкрытым небам
Амфітэатр у парку „Каралеўскія лазенкі” ў ВаршавеAutorstwa Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=61959685

У выходныя запрашаем Шаноўнае сападарства ў сталічны парк «Каралеўскія лазенкі». Гэта не толькі запрашэнне да актыўнага правядзення часу на свежым паветры, але таксама нагода пазнаёміцца з выставай пра вельмі цікавую жанчыну, грамадскую актывістку, жонку і маці польскай незалежнасці Аляксандру Пілсудскую.

Найбуйнейшы ў сталіцы Польшчы парк, які палякі называюць проста «Лазенкамі», займае амаль 80 гектараў. Палацава-паркавы комплекс апошняга караля Польшчы Станіслава Аўгуста Панятоўскага, разпаложаны ў цэнтральным раёне Варшавы і з’яўляецца візітнай картачкай сталіцы.

Менавіта на агароджы каралеўскага парку можна паглядзець выставу пад адкрытым небам, якая прысвечаная жонцы маршала Юзафа Пілсудскага – Аляксандры Пілсудскай.

Выстава пад загалоўкам «Мой выбар. Аляксандра Пілсудская» – гэта таксама падсумаванне, устаноўленага Сеймам Рэспублікі Польшча Года Аляксандры Пілсудскай.

Намеснік дырэктара Музея «Каралеўскія Лазенкі» Радаслаў Калужняк(Radosław Kałużniak) выказаў надзею, што выстава наблізіць гэту выдатную асобу наведвальнікам:

- Я задаволены, што на тэрыторыі парку мы маглі адкрыць выставу, прысвечаную ўнікальнай асобе, якой была Аляксандра Пілсудская. Яна жыла крыху ў цені свайго мужа – выдатная дзяржаўнага дзеяча. Мы спадзяемся, што выстава наблізіць асобу Аляксандры Пілсудскай тым, хто да гэтай пары няшмат пра яе ведаў.

Экспазіцыя адначасова паказваецца ў двух месцах: у варшаўскіх «Лазенках», то бок непадалёк ад Бельведэра, дзе яна жыла шмат гадоў, і ў двары Музея Юзафа Пілсудскага ў Суляювэку, дзе ў 1921 годзе Аляксандра набыла невялікае драўлянае лецішча, а пазней стварыла першы сапраўдны дом для сваёй сям’і, нагадвае дырэктар згаданай установы Роберт Анджэйчык(Robert Andrzejczyk) :

- Для нас, як для Музея Юзафа Пілсудскага ў Суляювэку, гэта быў вельмі важны год, паколькі нашая ўстанова не існавала б без Аляксандры Пілсудскай, 1921 года і рашэння аб куплі зямельнага ўчастка з драўляным лецішчам. Гэта не ўдалося б таксама без працягвання памяці пра Юзафа Пілсудскага, у што ангажавалася Аляксандра Пілсудская.

Аляксандра і Юзаф Пілсудскія з дочкамі: Вандай і Ядвігай Аляксандра і Юзаф Пілсудскія з дочкамі: Вандай і Ядвігай /Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3348122

Нагадваем, сваю незалежніцкую дзейнасць Аляксандра Пілсудская, тады яшчэ Шчарбінская, пачала ў Польскай сацыялістычнай партыі падчас рэвалюцыі 1905 года. У баявым атрадзе арганізацыі яна кіравала транспартам і складамі зброі. Менавіта тады яна пазнаёмілася і пачала шматгадовы раман з Юзафам Пілсудскім. Шчарбіньская ўдзельнічала ў падрыхтоўцы і самой акцыі пад Бязданамі, дзе ПСП арганізавала напад на расійскі паштовы эшалон.

Падчас Вялікай вайны Аляксандра была камандзірам службы разведкі ў Польскіх легіёнах; была актыўная таксама ў Польскай вайсковай арганізацыі. Двойчы сядзела за кратамі.

У 1918 і 1920 гадах у іх нарадзіліся дочкі – Ванда і Ядвіга. Замуж за Юзафа Пілсудскага Аляксандра выйшла толькі ў 1921 годзе, пасля смерці першай жонкі маршала – Марыі, якая да канца жыцця не згаджалася на развод з мужам.

Як жонка, першая лэдзі, а потым жонка маршала яна займалася грамадскай і дабрачыннай дзейнасцю. Як ветэран была ініцыятарам дакументавання ўспамінаў удзельніц барацьбы за незалежнасць.

За свае шматлікія дасягненні Аляксандра Пілсудская была ўзнагароджана, між іншым, Сярэбраным крыжам Ордэна Virtuti Militari, Ордэнам Адраджэння Польшчы і Крыжам Незалежнасці з мячамі. Пасля смерці мужа Аляксандра стала захавальніцай яго памяці.

З 1939 года яна жыла ў эміграцыі ў Вялікабрытаніі, працавала на карысць незалежнасці Польшчы і захавання незалежніцкай спадчыны Юзафа Пілсудскага.

Нягледзячы на шматлікія дасягненні ў барацьбе за незалежнасць і ўдзел у многіх сферах грамадскага жыцця ў Польшчы і ў эміграцыі, Аляксандра Пілсудская сёння здаецца недаацэненай і малавядомай – успрымаецца пераважна праз прызму знакамітага мужа.

Менавіта таму выставе «Мой выбар. Аляксандра Пілсудская» вельмі рада ўнучка Аляксандры Яанна Анышкевіч(Joanna Onyszkiewicz):

- Сапраўды бабулю нейкім чынам абміналі, недаацэньвалі. Праўда Юзаф Пілсудскі – гэта была моцная асоба. Я вельмі рада, што ейная роля ў гісторыі высока ацэньваецца. На прыкладзе Аляксандры Пілсудскай час даказаць, што жанчыны таксама могуць дасягнуць поспехаў.

Выстава «Мой выбар. Аляксандра Пілсудская» – гэта гісторыя пра моцную, непакорлівую і адважную жанчыну, і ў той жа час клапатлівую і чуллівую.

Экспазіцыя складаецца з больш чым дваццаці дошак, на якіх, у сучаснай мастацкай форме, прадстаўлены выявы Аляксандры Пілсудскай у розныя перыяды ейнага жыцця, а таксама яе выказванні. Іх суправаджаюць гістарычныя дошкі з абмеркаваннем важнейшых пытанняў яе жыцця, ілюстраваныя багатай іканаграфіяй.

Выстава паказвае Аляксандру Пілсудскую, не толькі як жонку маршала, але таксама як грамадскую дзяячку, кажа дырэктар Музэя Юзэфа Пілсудскага ў Суляювэку Робэрт Анджэйчык(Robert Andrzejczyk):

- Выстава паказвае ўсё жыццё Аляксандры Пілсудскай. Пачынаем з дзяцінства ў Сувалках. Далей, праца на карысць незалежнасці Польшчы, дзейнасць у Польскай сацыялістычнай партыі, раман з жанатым Пілсудскім, дзейнасць у Польскіх легіёнах, грамадская дзейнасць у свабоднай Польшчы… Другая сусветная вайна і эміграцыя. На канец таксама клопат пра спадчыну Юзафа Пілсудскага.

Аўтары выставы спадзяюцца, што адкрытая да 141-й гадавіны з дня нараджэння Аляксандры Пілсудскай экспазіцыя, наблізіць постаць і маляўнічую біяграфію гэтай незвычайнай жанчыны – прадстаўніцы бунтарскага пакалення, а таксама стане натхненнем для сучасных жанчын.

IAR/аз

Нацыянальны музей у Варшаве запрашае на выставу піянера рэпартажнай фатаграфіі Бруна Барбі

22.12.2023 16:01
У 1960-1980 гады фотажурналіст Бруна Барбі падарожнічаў па ПНР, чаго вынікам стала кніга пад загалоўкам: «Польшча».