У Варшаве на кінафестывалі «Бульбамуві» паказалі першыя дзве серыі серыялу «Працэсы» Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя. Аўтары чатырохсерыйнага фільму называюць яго «серыялам пра Беларусь будучыні, цалкам знятым у Польшчы».
Серыял складаецца з чатырох эпізодаў: «Ператрымка», «Патрыятычнае практыкаванне», «Прыснілася» і «Праграма перадач». Ён зняты тэлеканалам «Белсат».
Аляксандр Адамаў. Здымак прадастаўлены мастаком
Мастаком-пастаноўшчыкам трох серый з’яўляецца Аляксандр Адамаў, якія ўжо працаваў на здымачных пляцоўках і ў тэатры. Ён, у прыватнасці, аўтар дэкарацый спектаклю «Эмма» беларускага рэжысёра Мікіты Ільінчыка, які паказвалі на сцэне варшаўскага тэатру «Камуна».
«Гэты фільм пра цяперашняе, у якое мы глядзім праз прызму антыўтапічнага будучага Беларусі і агулам постсавецкай прасторы. Гэта нешта накшталт чорнага люстэрка, дзе кожная серыя мае новы змест, новую лакацыю, новых персанажаў, але некаторыя з персанажаў перасякаюцца і кажуць нам пра гэты серыял як пра нейкі новы кінематаграфічны Сусвет», – такім чынам Аляксандр Адамаў акрэсліў кінакарціну ў размове з намі.
Серыял «Працэсы» перапоўнены абсурдам, чорным гумарам і сарказмам. Ці не баяліся творцы кінакарціны, што ў пэўны момант гумар, так бы мовіць, выйдзе з-пад кантролю?
«Увогуле гумар – гэта тое, што нас прымушае смяяцца. Нам не могуць навязаць смешнае. Таму калі людзі не будуць смяяцца, то гэта таксама будзе цікавы факт: у некага гэта выклікае смех, а некага прабівае на слёзы. Гэта эмоцыі, таму хутчэй за ўсё – гэта пытанне ўспрыняцця», – зазначае мастак.
Адным з важнейшых пытанняў, якія трэба было вырашыць падчас здымкаў, было тое, як «зняць Беларусь», будучы ў Варшаве? Творчай камандзе прыйшлося папрацаваць, каб стварыць у Польшчы беларускі антураж. Паводле Адамава, у гэтым плане вельмі дапамог варшаўскі Палац культуры і навукі, пабудаваны ў 1955 годзе ў стылі сацыялістычнага рэалізму па ўзоры «сталінскіх высотак».
А яшчэ мастаку прыйшлося з нуля стварыць краму з абсурднай назвай «БелРосСоюзГосТоргПродМаг №1». Прычым вялікая шыльда на краме ўводзіла ў зман жыхароў Варшавы.
«Людзі, канешне, заходзілі ў краму і думалі, што гэтая крама пачынае працу. І ўвогуле не разумелі, у якім часавым і прасторавым кантынууме яны знаходзяцца. Таму было шмат пытанняў у момант здымкаў», – гаворыць мастак-пастаноўшчык з усмешкай у голасе.
Поўная версія размовы з Аляксандрам Адамавым – слухайце аўдыёфайл
размаўляў Валеры Саўко