Улады Слонімскага раёна зноў спрабуюць прадаць будынак былой мясцовай сінагогі, у прыватнасці, аддаць амаль бясплатна. У траўні 2023 года будынак спрабавалі прадаць за 129 тысяч рублёў, аднак ніхто не падахвоціўся. У выніку кошт вырашылі знізіць да 64,5 тысячы рублёў, але і за гэтую суму пакупнік не знайшоўся. Цяпер улады Слонімскага раёна зноў хочуць прадаць сінагогу. Зараз базавая цана складае 40 рублёў, паведамляе Rzeczpospolita.
Будынак барочнай сінагогі з 1642 года знаходзіцца ў цэнтры мястэчка – раней буйнога габрэйскага цэнтра – на вуліцы Савецкай, 1. Храм выкарыстоўваўся ў рэлігійных мэтах да прыходу немцаў у 1941 годзе. Акупанты пераўтварылі яго ў склад сельскагаспадарчых прыладаў. Да канца 1942 года габрэйская абшчына мястэчка была ліквідаваная немцамі. Пасля таго як савецкія войскі занялі Слонім, сінагога змяніла сваё прызначэнне – стала складам мэблевай фабрыкі.
Пасля распаду Савецкага Саюза будынак толькі ў 2001 годзе быў вернуты Беларускаму габрэйскаму рэлігійнаму аб'яднанню, якое аднак не справілася з выдаткі на рэканструкцыю і канчаткова перадало сінагогу мясцовым уладам.
Верагодна, у 2018 годзе Брытанскі фонд захавання габрэйскай спадчыны планаваў набыць былую сінагогу ў Слоніме, але сітуацыя ў Беларусі ўскладнілася пасля фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
«Заходнія партнёры не супрацоўнічаюць з беларускімі банкамі або не жадаюць рызыкаваць такім супрацоўніцтвам», – паясніла пісьменніца Ілона Караваева, якая ў 2021 годзе рызыкнула і набыла знішчаны аб’ект.
Яна спрабавала рэканструяваць сінагогу за ўласныя сродкі і нават прадала дзеля гэтага сваю кватэру ў Мінску. Але выдаткі аказаліся занадта вялікімі і яна адмовілася. Санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі спынілі магчымы прыток грошай з Захаду. Таму і на рахунак, заснаванага пісьменніцай фонду дзеля выратавання сінагогі, грошы перасталі паступаць.
«Я вельмі расчараваная, што не змагла дапамагчы гэтаму рэлігійнаму помніку; не знайшла людзей, якія б падтрымалі маю ідэю», – сказала Ілона Караваева.
У цяперашні час будынак былой сінагогі ў Слоніме знаходзіцца ў кепскім стане. На сценах зʼявіліся расколіны, большасць выдатных фрэсак была знішчаная. Наступны аўкцыён запланаваны на 22 лютага, нагадвае Rzeczpospolita.
аз