Беларуская Служба

Па-беларуску выйшлі два зборнікі паэзіі польскай нобелеўскай лаўрэаткі Віславы Шымборскай

04.03.2024 16:10
Зборнікі паэзіі польскай нобелеўскай лаўрэаткі Віславы Шымборскай «Канец і пачатак» і «Партрэт з памяці» цягам некалькіх апошніх месяцаў выйшлі ў выдавецтвах «Логвінаў» і Gutenberg з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння паэткі.
Аўдыё
          .
Зборнікі паэзіі Віславы Шымборскай «Канец і пачатак» і «Партрэт з памяці».bellit.info
Пераклады вершаў на беларускай мове польскай нобелеўскай лаўрэаткі Віславы Шымборскай цягам апошніх месяцаў выйшлі ў двух выдавецтвах. У межах праекту «Прастора польскай культуры» паэт Андрэй Хадановіч правёў прэзентацыю двух выданняў з удзелам перакладчыц Наталлі Русецкай і Марыны Казлоўскай.
Перакладчыца Марына Казлоўская кажа, што ў польскай паэзіі мае двух улюблёных аўтараў:
«Адкрыццё Шымборскай для мяне адбывалася праз даследаванне паэзіі ХХ стагоддзя, найперш Герберта. Праз даследаванне таго, як людзі, якія жылі ў несвабоднай краіне, спрабавалі знайсці мову, якой можна перадаць свой досвед, сваю траўму, як зрабіць гэта зразумелым людзям, якія не перажывалі такую траўму. На пачатку мне падабалася, як з гэтым спраўляўся Збігнеў Герберт (Zbigniew Herbert), а пазней я «падрасла» і адкрыла для сябе цудоўную Шымборскую.

І гэта кожны раз цуд. Яна мяне заваражыла гэтым цудам, поглядам, якім не кожны здатны глядзець на свет, часта гэта погляд дзіцяці, якое глядзіць на ўсё са здзіўленнем. Я вельмі люблю слухаць, як аўтары чытаюць сваю паэзію, і мяне заварожвае, як Шымборская чытае свае вершы. Я перакладала многа польскіх паэтаў. Але дзве зоркі мяне ўвесь час прыцягваюць – гэта Герберт і Шымборска».
Перакладчыца Наталля Русецка звяртае ўвагу – паўтараюцца падзеі, якія перажывала Віслава Шымборска.
«Самае страшнае, што ўсё паўтараецца – мы зноў жывем у часы вайны. Калі я перачытвала гэты верш, то згадвала допісы сваіх знаёмых, якія жывуць ва Украіне, дзе з аднаго боку працягваецца звычайнае жыццё, а з іншага – ідзе вайна».

Пасля кіно

Мы мігцелі на экране белым
Дзве гадзіны пырскаў месяцовых
Там было каханне сумным спевам
і шчаслівае вяртанне спадароў.

Пасля казкі свет туманна-шэры:
Не завучаныя ролі тут і твары
Партызанскую жаўнер спявае песню
І дзяўчо сваё няшчасце грае.

У сапраўдны свет да вас вярнуся
лёс мяне сустрэне тлумным, змрочным
Аднарукі хлопец каля брамы
І дзяўчына з безнадзейнымі вачыма.

Wyjście z kina

Migotały sny na białym płótnie.
Dwie godziny księżycowej łuski.
Była miłość na tęskną melodię,
Był szczęśliwy powrót z wędrówki.

Świat po bajce jest siny i mgła.
Nie uczone tu twarze i role.
Partyzanckie żale śpiewa żołnierz
i dziewczyna żale swoje gra.

Wracam do was, w prawdziwy świat,
losu pełny, tłumny i ciemny -
jednoręki chłopcze pod bramą
i dziewczyno o oczach daremnych.
                                          Wisława Szymborska

Наталля Русецка звяртае ўвагу, што творы Шымборскай складаныя для перакладу: «Хаця многія кажуць, што верш без так званых рыфмаў і рытмаў перакладаць проста, гэта – няпраўда. Вершы Шымборскай маюць унутраную рытміку, мелодыку, якія частка крышацца як шкло ў руках перакладчыка».

Віслава Шымборска нарадзілася ў 1923-ім годзе, яе маладосць, сталасць прыйшліся на час вайны і пасляваеннай гісторыі Польшчы. Першы верш «Шукаю слова» (Szukam słowa) быў апублікаваны ў сакавіку 1945 году ў штодзённым выданні «Польскі дзённік» (Dziennik Polski). Але ўжо ў 1949 годзе першая кніга Віславы Шымборскай «Вершы» была забароненая для друку, бо «не выконвала сацыялістычных патрабаванняў».

Першы паэтычны зборнік Віславы Шымборскай «Таму жывем» (Dlatego żyjemy) выйшаў у 1952 годзе і быў прасякнуты духам сацыялістычнага рэалізму, як і другі зборнік вершаў «Пытанні да сябе» (Pytania zadawane sobie, 1954). Пазней паэтка адзначала, што тэматыка і стыль першых дзвюх кніг былі яе «юнацкім грашком».
У 1980-х Віслава Шымборска далучылася да «Салідарнасці» (Solidarność) і працавала ў польскім самавыдаце Arka і ў часопісе «Культура», які выдаваў у Парыжы Ежы Гедройць.

У 1996 годзе Нобелеўскі камітэт уганараваў Віславу Шымборску прэміяй «за паэзію, якая з іранічнай дакладнасцю адлюстроўвае ў фрагментах чалавечай рэальнасці гістарычны і біялагічны кантэкст».
Віслава Шымборска.
Wislawa Szymborska/Forum
вх

У Варшаве прэзентаваныя выданні з праекту «Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў»

04.12.2023 16:34
Другі дзень беларускай праграмы падчас Кірмашу гістарычнай кнігі ў Варшаве можна назваць днём перакладаў. Былі названыя пераможцы літаратурных прэмій за найлепшыя пераклады – «Дэбют» і Прэміі імя Карласа Шэрмана. А таксама прэзентаваныя выданні з праекту «Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў», які фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча.

Найлепшы раман Станіслава Ігнацыя Віткевіча даступны на беларускай мове

02.02.2024 12:38
На беларускую мову яе пераклала Алена Пятровіч.

Калі чарга будзе стаяць на вуліцы, то нам не прывыкаць, такое здаралася і ў Мінску — выдавец Андрэй Янушкевіч

29.02.2024 07:03
У Варшаве на Празе, гэта гістарычны раён польскай сталіцы, беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч адкрыў кнігарню «Кнігаўка». Паразмаўлялі з ім пра канцэпцыю месца, попыт на беларускую літаратуру ў сучасным свеце і хіты продажаў выдавецтва.