Беларуская Служба

Заручальны пярсцёнак і велікоднае яйка далі пачатак Музею пісанкі ў Цеханоўцы(ФОТА)

29.03.2024 13:01
У Музеі пісанкі ў Цеханоўцы можна паглядзець пісанкі з Польшчы, Беларусі, Украіны, Расіі, Чэхіі, Кітая, Японіі, Кеніі і многіх іншых краінаў.
Аўдыё
  • Заручальны пярсцёнак і велікоднае яйка далі пачатак Музею пісанкі ў Цеханоўцы
Музеі пісанкі ў Цеханаўцы Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

20 гадоў таму, напярэдадні велікодных святаў, у Музеі сельскай гаспадаркі імя ксяндза Кшыштафа Клюка ў Цеханоўцы (Ciechanowiec) на Падляшшы адкрыўся першы Музей пісанкі ў Польшчы. Зараз калекцыя налічвае больш за 2 600 экспанатаў і пастаянна пашыраецца. Прадстаўленыя на выставе ўпрыгожаныя яйкі паходзяць з розных рэгіёнаў Польшчы і свету; прадстаўляюць розную сімволіку і плыні не толькі ў народным мастацтве.

Музеі пісанкі ў Цеханаўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музеі пісанкі ў Цеханоўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Гісторыя Музея пісанкі ў Цеханоўцы пачалася з часовай выставы, якую ў тамтэйшай музейнай установе зладзілі на пачатку 1990-х гадоў Ежы Ясюк і ягоная жонка прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюк, у прыватнасці шматгадовыя калекцыянеры распісных яек з усяго свету, нагадвае кіраўнічка Этнаграфічнага аддзела Музея сельскай гаспадаркі ў Цеханоўцы Агнешка Керсноўска(Agnieszka Kiersnowska):

- Калі гэта пачалося – цяжка сказаць. Паводле некаторых, спадарыня Ірэна атрымала першую пісанку разам з заручальным пярсцёнкам ад свайго будучага мужа і, верагодна, гэта быў пачатак калекцыі. Спадарыня Ірэна збірала пісанкі ўсё сваё жыццё. З часам калекцыя складала ўжо некалькі сотняў экспанатаў. У 1994 годзе ейная ўладальніца арганізавала ў цеханоўскім музеі часовую выставу велікодных яек, якая карысталася вялікім зацікаўленнем. У 2004 годзе ўладальнікі сцвердзілі, што калекцыя ўжо настолькі вялікая, што патрабуе свайго асобнага месца і ахвяравалі частку экспанатаў музею ў Цеханоўцы. Тады гэта было некалькі сотняў яек.

Музеі пісанкі ў Цеханаўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музеі пісанкі ў Цеханоўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Зараз калекцыя Музея пісанкі ў Цеханоўцы налічвае больш за 2 600 экспанатаў і пастаянна пашыраецца, нагадвае Агнешка Керсноўска:

- Зараз калекцыя займае дзве буйныя выставачныя залы. Яна падзеленая, перш за ўсё, паводле рэгіёну паходжання экспанатаў, а таксама паводле традыцыйнай плыні ў народнай культуры. Варта дадаць, што пісанкі падвяргаліся працэсу эвалюцыі. У дахрысціянскіх часах фарбаванае ў чырвоны колер яйка не мела яшчэ нічога агульнага з Вялікaднем. Тады яно было амулетам – прадметам з магічнай сілай, які павінен ахоўваць уладальніка. У сваю чаргу велікоднае яйка, то бок яйка, звязанае з Велікоднымі святамі мае ўжо іншую сімволіку. Між тым, цягам апошніх гадоў упрыгожванне яек стала элементам мастацтва, неабавязкова звязаным са святамі.

У Музеі пісанкі ў Цеханоўцы можна паглядзець экспанаты, якія прадстаўляюць розныя рэгіёны Польшчы, а таксама пісанкі з Беларусі, Украіны, Расіі, Чэхіі, Кітая, Японіі, Кеніі і многіх іншых краінаў:

- Аматары традыцыйных пісанак будуць пераконваць, што найпрыгажэйшыя на выставе традыцыйныя велікодныя яйкі, упрыгожаныя метадам, які называецца батык. Ён зводзіцца да распісвання яйка воскам і яго фарбавання. Гэта спосаб характэрны многім рэгіёнам Польшчы. Іншыя скажуць, што найпрыгажэйшыя велікодныя яйкі з рэгіёну Ловіча – там яйкі ўпрыгожваюць метадам абклейвання. У сваю чаргу зараз узнікае шмат пісанак, якія з’яўляюцца малымі творамі сучаснага мастацтва – з партрэтамі, краявідамі … Усе яны прыгожыя і каштоўныя.

Музеі пісанкі ў Цеханаўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музеі пісанкі ў Цеханоўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Музей пісанкі ў Цеханоўцы паказвае, што ўпрыгожаныя яйкі – гэта не толькі рэлігійны сімвал, пераконвае Агнешка Керсноўска:

- Пісанкі, гэта не толькі яйкі фарбаваныя ў цыбульнай шалупіне. Гэта таксама яйкі, якія зараз нехта ўпрыгожвае, напрыклад, у далёкім Кітаі і гэта не звязана з Вялікaднем. Таму на нашай выставе можна паглядзець, як традыцыйныя велікодныя яйкі, так і пісанкі з розных куткоў свету – Азіі, Аўстраліі, многіх экзатычных краінаў… Галоўная мэта выставы паказаць, што ўпрыгожанае яйка – гэта не толькі Вялікдзень, і не толькі польская традыцыя.

Музеі пісанкі ў Цеханаўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музеі пісанкі ў Цеханоўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

На выставе паказана таксама, як разам з модай і развіццём тэхнікі мянялася падрыхтоўка пісанак, кажа супрацоўніца музея:

- Пісанкі, якія ўзнікалі 100 гадоў таму маюць іншую, чым сучасныя сімволіку, значэнне і мэту. Пісанкі мяняліся, бо мяняліся выкарыстоўваныя дзеля іх падрыхтоўкі метады і інструменты. У нашым музеі можна пабачыць яйкі, якія ўпрыгожаныя пры дапамозе розных метадаў, тэхнікаў і матэрыялаў. Ёсць пісанкі – шкарлупіны, вараныя яйкі, сырыя яйкі, каменныя яйкі, яйкі з пластыку. Традыцыя іх падрыхтоўкі мяняецца, але дзякуючы гэтаму  прыцягвае новых людзей.

Музеі пісанкі ў Цеханаўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музеі пісанкі ў Цеханоўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У калекцыі музея ёсць пісанкі «распісаныя» воскам, аклееныя каляровай паперай, каляровай пражай, рысавым зернем, макам. Можна паглядзець пісанкі, зробленыя з ліпавага дрэва, каваныя пісанкі:

- Мне захапілі ажурныя пісанкі. У нашым музеі знаходзіцца асобная невялікія калекцыя яйка упрыгожаных пры дапамозе стаматалагічных інструментаў. Гэта, перш за ўсё, шкарлупіны курыных і качыных яек. Яны падобныя на карункавыя сурвэткі. Яны надзвычай далікатныя і прыгожыя. Ёсць таксама шмат пісанак упрыгожаных метадам наклейвання розных матэрыялаў. Напрыклад, пісанкі ўпрыгожаныя насеннем маку, крупы; яблычнымі або гарбузовымі семечкамі.

Музеі пісанкі ў Цеханаўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музеі пісанкі ў Цеханоўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У хрысціянскай традыцыі пісанкі – гэта неад'емны сімвал Велікодных святаў. Калісці іх рыхтавалі ў кожнай хаце, нагадвае Агнешка Керсноўска:

- Некалькі дзён да святаў, звычайна жанчыны пачыналі вырабляць пісанкі. Іх трэвба было падрыхтаваць адпаведную колькасць, бо іх укладалі ў кошык са свянцонкай. Дзеці выкарыстоўвалі пісанкі ў розных святочных гульнях. Пісанкі былі таксама дэкаратыўным, святочным элементам.

Музеі пісанкі ў Цеханаўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музеі пісанкі ў Цеханоўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Наведвальнікі Музея пісанкі ў Цеханоўцы маюць магчымасць параўнаць гэтыя мініяцюрныя творы мастацтва з розных куткоў Польшчы і свету. На выставе знаходзяцца пісанкі выкананыя не толькі з яек курыцы, гусі і цасаркі, але таксама страуса, эму, пінгвіна, чайкі, а нават калібры:

- Замежныя пісанкі ў нашай калекцыі – гэта, перш за ўсё, сучасныя творы мастацтва. У асноўным яны адлюстроўваюць флору і фаўну месца паходжання. Пісанкі з усяго свету спалучае супольны элемент – сімвалы. Такім папулярным сімвалам з’яўляюцца салярныя матывы, то бок знакі, якія азначаюць нешта моцнае і добрае. Яны паяўляюцца ў розных культурах звычайна ў кантэксце святаў, звязаных з сонцастаяннем.

Музеі пісанкі ў Цеханаўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музеі пісанкі ў Цеханоўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Музей пісанкі ў Цеханоўцы арганізоўвае майстар-класы для наймалодшых па традыцыйнай падрыхтоўцы пісанак, кажа Агнешка Керсноўска:

- Я лічу, што традыцыя вырабу велікодных яек надалей жывая ў Польшчы. Нягледзячы на тое, што многія творцы ўжо не выкарыстоўваюць цыбулі і маладога жыта для фарбавання яек, але прафесійныя хімічныя прэпараты. Людзі масава рыхтуюць пісанкі пры нагодзе Велікодных святаў. У сваю чаргу народныя майстры вырабляюць іх круглы год.

- кажа кіраўнічка Этнаграфічнага аддзела Музея сельскай гаспадаркі ў Цеханоўцы Агнешка Керсноўска(Agnieszka Kiersnowska).

Музеі пісанкі ў Цеханаўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Музеі пісанкі ў Цеханоўцы/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Адной з цікавінак на выставе з’яўляецца размаляванае яйка пінгвіна, прывезенае з Антарктыды ў 1972 годзе. Ёсць таксама пісанкі з выявамі важных грамадскіх дзеячаў, такіх як, Ігнацы Красіцкі, Станіслаў Канарскі і Ануфрый Капчыньскі, а таксама пісанкі з партрэтамі ахвярадаўцаў калекцыі.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

З пачаткам Вялікага посту ў вёсцы Лысэ пачынаецца руплівая праца над велікоднымі пальмамі (ФОТА + ВІДЭА)

22.03.2024 17:03
Сёлета ў вёсцы Лысэ (Łyse) на Курпах ужо 54 раз выберуць найпрыгажэйшую курпёўскую велікодную пальму.