19 красавіка 1943 года пачалося паўстанне ў Варшаўскім гета. Узброеная яўрэйская арганізацыі (Żydowska Organizacja Bojowa) вырашыла, што нельга ўжо даўжэй чакаць, паколькі нямецкія акупанты планавалі цалкам ліквідаваць гета, гэта значыць, вывезці ўсіх, хто яшчэ застаўся ў жывых, у канцлагер. Польскае радыё прысвяціла гадавіне гэтай адчайнай барацьбы спецыяльны тэатральны праект.
«Паспець перад Богам» - так называецца кніжка аўтарства Ганны Краль пра паўстанне ў Варшаўскім гета. Гэта гутарка з камандзірам узброенага супраціву Маркам Эдэльманам. З нагоды гадавіны паўстання Тэатр Польскага радыё падрыхтаваў радыёпастаноўку з аднайменным назовам. Артысты чытаюць размову пісьменніцы і яе суразмоўцы. Пра што ідзе гаворка ў гэтым інтэрв’ю, што можна сказаць пра тыя трагічныя падзеі людзям, якія ніколі не чулі пра паўстанне ў Варшаўскім гета? Пра гэта мы папрасілі распавесці рэжысёра радыёспектакля Вальдэмара Мадэстовіча (Waldemar Modestowicz).
Вальдэмар Мадэстовіч у студыі Беларускай службы Польскага радыё.
- У 1942 годзе ў гета ў жахлівых умовах жыло каля паловы мільёна чалавек. Гэта была агароджаная частка Варшавы, за межы якой нельга было выйсці, за гэта пагражала смяротнае пакаранне. Яўрэі, жыхары гета спрабавалі неяк выжыць. Калі пачалася дэпартацыя, за восем тыдняў у канцлагер Трэблінка вывезлі 400 тысяч чалавек. Там іх забілі ў газавых камерах. Яўрэі пераважна ведалі, што іх чакае, але жыхары гета не верылі, што фашысты хочуць забіць цэлы народ. Тым больш, што немцы выкарыстоўвалі вельмі падступныя метады, напрыклад, раздавалі хлеб тым, хто добраахвотна прыйшоў на вакзал. Былі таксама аблавы, калі людзей сілаю прыводзілі на плошчу Умшлягпляц (Umschlagplatz), куды праклалі чыгуначную лінію, і саджалі ў цягнікі. Усё гэта, канешне, праходзіла пад аховай узброеных канваіраў, з выкарыстаннем сілы.
Вырашылі не чакаць
Адзін з будучых камандзіраў паўстання Марэк Эдэльман працаваў тады недалёка ад гэтай плошчы, адкуль вывозілі людзей у канцлагер. Ён назіраў за людзьмі, ведаючы, што яны ідуць у свой апошні шлях. Часам яму ўдалося выцягнуць з гэтага натоўпу нейкага чалавека. І тады было прынята рашэнне не чакаць і пачаць узброеную барацьбу, хаця сілы былі няроўныя.
- Паўстанне пачалося 19 красавіка 1943 года. Паўстанцы ведалі, што немцы плануюць апошнюю хвалю дэпартацыі, каб забіць усіх. Была створана Яўрэйская баявая арганізацыя. Паўстанцаў была вельмі мала – 220 чалавек, аслабленых голадам, жахлівымі ўмовамі жыцця, у іх не было ўзбраення, удалося перадаць у гета толькі некалькі пісталетаў і вінтовак, крыху гранатаў і мін. Камандзірам быў Мардэхай Анелевіч, але ён закончыў жыццё самагубствам, тады камандаванне ўзяў на сябе Эдэльман. Гэта была адчайная барацьба, яны ведалі, што няма шанцаў перамагчы, але не хацелі паміраць без барацьбы. Эдэльман не быў лідарам, пасля паразы паўстання ён вывеў жменьку ацалелых паўстанцаў праз каналы на арыйскі бок.
Навокал было мора смерці
Марэк Эдэльман быў адзіным кіраўніком паўстання, які выжыў і агулам адзін з нешматлікіх ацалелых. Пасля вайны ён доўга не хацеў падрабязна расказваць пра паўстанне. Зусім маладым чалавекам ён бачыў смерць і пакуты многіх сваіх сяброў, яго мучыла пытанне, чаму ён выжыў, а іншыя - не.
- Ён казаў – нас было толькі 220, мы былі вельмі маладыя, мы не ўмелі ваяваць. Мы проста вырашылі не дазволіць забіць сябе без барацьбы. І таму ён замаўчаў, 30 гадоў не расказваў пра тыя падзеі. Ганне Краль удалося запісаць з ім рэпартаж, а пазней зрабіць кнігу, якую назвала «Паспець перад Богам». Мы падумалі, што выдатна было б зрабіць на гэтай падставе радыёпастаноўку. Я зрабіў пастаноўку, быў у Ганны Краль, яна ўнесла невялікія праўкі ў тэкст. Яна хацела крыху інакш закончыць гэты расповед.
Паспець перад Богам, які можа пагасіць свечку жыцця
Пасля вайны Эдэльман прысвяціў сябе выратаванню чалавечага жыцця і стаў лекарам, кардыёлагам. Гэта сімвалічна, што ён ратаваў жыццё людзей пасля таго, як бачыў мора смерці вакол сябе. Ён казаў: Бог трымае свечку, можа яе задзьмуць, а мне трэба паспець перад Богам, каб яна не пагасла. Ганне Краль удалося яго разгаварыць, каб запісаць для нашчадкаў гэтую трагічную гісторыю.
- Ганна Краль расказвала, што іх гутарак было шмат, яны пасябравалі, разам хадзілі там, дзе адбывалася паўстанне, ён паказваў месца, дзе яго таварышы здзейснілі самагубства - Анелевіч, іншыя яго знаёмыя. Гэта горкі расповед, які робіць вялікае ўражанне. Напрыклад, у шпіталі ў гета лекары праводзілі даследаванні над хваробай, якую выклікае голад. У іх былі тысячы пацыентаў, якія памерлі ад голаду. Лекары нават выдалі кнігу на гэтую тэму, а пазней іх саміх забілі.
Гісторыя, якая нікога не пакідае абыякавым
І пра гэтую гісторыю вы зрабілі пастаноўку, запрасіўшы да супрацоўніцтва актораў з Яўрэйскага тэатру, а таксама вельмі маладых людзей, яшчэ студэнтаў. Як тыя, хто вырас у мірныя часы, ніколі не спазнаў голаду, рэагуюць на гэты тэкст?
- Нельга абыякава да гэтага ставіцца. Гэта гісторыі, якія шакуюць, выклікаюць вялікія эмоцыі. Акторы працуюць з эмоцыямі, гэта частка іх прафесіі. Нашыя акторы граюць выдатна, дзякуючы іх працы слухач можа перанесціся ў тыя часы. Галоўную ролю – Марка Эдэльмана грае Гжэгаж Даменцкі, акторка Яўрэйскага тэатру Малгажата Трыбальска выконвае ролю Ганны Краль. Ёсць песні паводле вершаў Ежы Вільнэра, які таксама загінуў падчас паўстання. Музыка таксама адыгрывае вельмі важную ролю ў пастаноўцы.
Слухайце далучаны гукавы файл, які ўтрымлівае гутарку і фрагмент радыёпастаноўкі.
нг