У Беларусі рэжым Лукашэнкі каторы год вядзе вайну з беларускай культурай. Нічога ў яго не атрымліваецца, на шчасце. Нягледзячы на складаныя ўмовы, інтарэс да беларускай культуры, у першую чаргу слова, застаецца. Пра гэта сведчыць зацікаўленасць сярод беларусаў заняткамі па перакладу, якія пачаў вядомы беларускі паэт, пісьменнік ды перакладчык Андрэй Хадановіч.
Адмысловец узнавіў заняткі ў рамках сваёй «Перакладчыцкай майстэрні». Сустрэчы майстэрні адбываюцца анлайн, дзякуючы сучасным тэхналогіям праца над перакладамі ідзе дыстанцыйна. Ужо выйшлі два выпускі яго «Нататніка майстра» на канале паэта ў YT, у якім расказваецца пра ўдалыя і няўдалыя творчыя спробы перакладу французскай паэзіі, пра пошук адпаведнай лексікі для перакладу сучаснай польскай літаратуры, пра досвед мэтраў - дасведчаных перакладчыкаў.
Мы паразмаўлялі з Андрэем Хадановічам пра гісторыю, сучаснасць і будучыню майстэрні, і пра тое, якія выклікі чакаюць беларускіх перакладчыкаў.
- Перакладчыцкая майстэрня пачалася амаль 25 гадоў таму. Спачатку ў Мінску ў Беларускім калегіуме, а потым працягвалася ў беларускім ПЭН-цэнтры. Спачатку людзі на працягу гадоў рэгулярна збіраліся штотыдзень у адным пакоі за вялікім сталом. Часам было 5, а часам і 20 чалавек. Адважныя добраахвотнікі паказвалі чарнавікі сваіх мастацкіх перакладаў, некалькі вершаў, кавалачак прозы. Усе прысутныя наляталі з пахваламі, крытыкай, з прапановамі. З такога "мазгавога шторму" нараджаліся прапановы паляпшэння, дашліфавання тэкстаў. Шмат сённяшніх лідараў беларускага перакладу, ці нават школа перакладу, якая паўстала, прайшлі праз Майстэрню. Яны выдаюць кнігі, атрымліваюць прыстыжныя перакладчыцкія ўзнагароды, нават ва ўмовах разгрому культуры ў Беларусі.
Пасля Кавіду ў 2020-м фізічная майстэрня спынілася, у першую чаргу з-за пагроз здароўя, але свет прапанаваў формы дыстанцыйнай супрацы, - кажа наш суразмоўца.
- Майстэрня пачала адбывацца ў Zoom-е, а потым на нейкі час заглухла і нічога не было. На гэта таксама ёсць свае прычыны: рэпрэсіі, вайна, нашая масавая міграцыя. Шмат беларусаў і беларусак апынулася параскіданымі паміж краінамі. Цяпер арганізатары прыдумалі, як рэанімаваць Майстэрню. Я хачу падзякаваць Беларускаму ПЭН-у за падтрымку. Нам падумалася, што дыстанцыйная форма Zoom дазваляе падмануць прастору і жалезную заслону, аб’яднаць тых, хто ў Грузіі, Нямеччыне, Чэхіі, Літве, Польшчы. Мы паядналі беларусаў, каторым цяпер не проста, якія ў самой Беларусі, з беларусамі замежжа. На майстэрню падалі ажно 100 заявак на ўдзел. На жаль, усіх арганізатары задаволіць не маглі, але 40 адабраных асоб – гэта вельмі насычаны інтэлектуальны Zoom.
Ці рэальна, каб 40 чалавек у Zoom-е дыскутавалі? Увогуле, ці Ваш праект рэальны, часта бывае так, што людзі запісваюцца, а потым не бяруць удзелу ў сустрэчах?
- Тое, што ўжо адбылося двойчы, лічу рэальным. Адзін раз бывае цуд, які падманвае рэчаіснасць. У нас жа ўсё ў парадку, зразумела, што не ўсе 40 чалавек гавораць адначасова. Знаходзяцца добраахвотнікі, звычайна дзве працы, якія мы паспяваем дэталёва абмеркаваць цягам сустрэчы. Яшчэ ў нас ёсць інстытут экспертаў – заслужаных аўтарытэтных дасведчаных перакладчыкаў і перакладчыц, якіх я па чарзе раз на тыдзень у якасці гасцей запрашаю, каб яны пахваліліся, паказалі нешта сваё, падзяліліся перакладчыцкімі праблемамі, і яшчэ як эксперты дапамаглі мне ў абмеркаванні чарнавікоў перакладаў. Напрыклад, нядаўна да нас далучаўся трохкратны лаўрэат прэміі Шэрмана - паліглот, перакладчык, рэдактар і выдавец Сяргей Шупа. Карыстаючыся яго прысутнасцю, мы абмяркоўвалі пераклады чэшскай паэзіі.
Не шкадуеце тых гарачых дэбатаў і той атмасферы фізічных сустрэч і абмеркаванняў падчас стацыянарнай Майстэрні?
- Я магу шкадаваць і пра смак маннай кашы ў дзіцячым садку і пра баскетбол у школе пасля заняткаў. Можна прыгадваць старыя добрыя часы, але штосьці незваротна змяняецца і мы сутыкаемся з новымі выклікамі. Мы дастасоўваемся да іх. У ідэале любое ліха мусіць выходзіць на добрае, мы павінны пераўтвараць і змушаць працаваць на сябе тое, што замінае нам жыць. Можна скласці рукі і чакаць смерці, але, мне здаецца, што вялікая колькасць беларусаў з гэтым нязгодная. У той сітуацыі, у якой мы апынуліся, важна не губляць час, а ўсё што мы робім па-за Беларуссю, мае на мэце трыумфальнае вяртанне ў краіну. У Беларусь – свабодную, бяспечную, сумяшчальную з еўрапейскімі каштоўнасцямі ды правамі чалавека. Нельга вяртацца з пустымі рукамі. Хай у нас выкраслілі 5 гадоў з жыцця, але мы не здаліся ды працягваем рабіць. Пакуль мы займаемся беларускай культурай, нас бачна, чутно, мы самаарганізоўваемся. Раптам выяўляецца, што ў супольнасці перакладчыкаў, у эміграцыйнай параскіданай па свеце Беларусі паўстаюць новыя асяродкі: чалавечыя і культурныя. Рэлакаваныя выдаўцы аднаўляюць выдавецтвы ў Варшаве, Празе, Вільні ці Лондане. Мастацкі пераклад становіцца мостам у нашым дачыненні са светам, і трансляцыяй усяго найлепшага, што ёсць у свеце да нас. З добра перакладзенай літаратуры і культуры расце ўжо наша арыгінальная літаратура.
Гэты эмігранцкі характар, знаходжанне ў іншым моўным асяроддзі, наколькі гэта адбіваецца на перакладзе?
- Безумоўна, адбіваецца. Калі літаратар Сяргей Прылуцкі, жывучы ў Бучы пад Кіевам, піша «лягаю па-беларуску», як сказаў бы ўкраінец – гэта ўжо беларуска-украінская мова. Калі чалавек у Варшаве кажа "затрымліваецца аўтобус" замест "спыняецца" – безумоўна, гэта міжмоўныя інтэрферэнцыі, якія працуюць. Але, калі за адным віртуальным сталом ў Zoom-е апынаюцца людзі з Грузіі, Нямеччыны, Літвы, Польшчы, і безумоўна, Беларусі, на гэтыя рэчы звяртаюць увагу. Іх лёгка паправіць. Іх можна зрабіць аб’ектам рэфлексіі, у якім кірунку ўзаемадзейнічаюць мовы, чаго варта пазбягаць. Ніхто не адмяняў такой з’явы, як фальшывыя сябры перакладчыкаў. Гэта калі мовы блізкія, словы аднолькавыя, але азначаюць часам супрацьлеглыя ці зусім розныя рэчы. Гэта я кажу як чалавек, які спявае «Мур хутка рухне, рухне, рухне» ў прысутнасці палякаў. Яны звычайна ажыўляюць на гэтым «рухне». Яны разумеюць, што не супадае з польскім словам, але эмацыйнае поле накаляецца. Іншая рэч – наша параскіданасць - гэта нагода да будавання масткоў паміж намі і тымі мясцінамі ды мовамі, дзе мы знаходзімся. Мяне цешыць, што сярод беларусаў, якія жывуць у Вільні з’яўляюцца адмыслоўцы, хто цікавіцца літоўскай літаратурай і перакладае на беларускую літоўскую паэзію, як Ціхан Чарнякевіч альбо Ігар Кулякоў. У Кракаве з'явілася выдавецтва «Гутэнбэрг», якое друкуе польскую літаратуру па-беларуску.
Што будзе далей з Майстэрняй праз год ці два?
- Не, у нас, як ва ўсіх беларусаў, сёння гарызонт планавання досыць кароткі. Мы ставім рэальныя задачы, рэалізуем і жывём далей. Падтрымка на Майстэрню ёсць на кароткі сезон. Мы працуем цягам жніўня, верасня і кастрычніка. Далей будзем шукаць падтрымку і глядзець.
Які вынік вы спадзеяцеся атрымаць?
- Мы кажам пра тонкія сферы і чакаць выніку адразу складана. Гэтае пытанне, як у беларускім ВНУ, дзе пры абароне дысертацыі ёсць пункт, чым ваша дысертацыя дапаможа народнай гаспадарцы, а вы ж пісалі пра філасофію. Тут няма наўпроставага ўздзеяння. Вынікі - гэта навыкі, веды, якія набываюць удзельнікі. Безумоўна, ад кожнага занятку застаюцца адшліфаваныя чарнавікі. Гэта значыць, апавяданні, паэзія. Яны будуць найперш друкавацца ў літаратурных часопісах, а больш сур’ёзная інвестыцыя ў тым, што ў поле культуры уваходзяць новыя гульцы ды прафесіяналы, якім, спадзяюся, не будзе бракаваць працы.
Якія выклікі стаяць перад беларускім перакладчыкамі?
- Галоўны выклік – гэта маргінальнае становішча беларускай мовы, незалежна ад таго, дзе мы зараз. Ніхто сістэмна ані мовы, ані культуры нашай не падтрымлівае. Добра, калі ў Беларусі не зачысцілі цалкам, хоць працэс змагання з беларускай культурай працягваецца. Мы ж робім насуперак абставінам. Іншыя краіны, дзе мы апынаемся, не абавязаныя падтрымліваць беларускае. Ратаванне тапельцаў – гэта асабістая справа. Пры гэтым, пацыент хутчэй жывы, чым мёртвы. Сярод тых, хто збіраецца ў майстэрні, шмат тых, хто нядаўна перайшоў на беларускую. Гэта добра, бо людзі робяць свой выбар. З іншага боку, бракуе моўных навыкаў ды слоўнікавага запасу, непазбежна з’яўляюцца русізмы, да якіх дадаюцца ўплывы моў знаходжання. Гэта праблемы росту і рашаюцца ў працэсе камунікацыі па–беларуску ды чытання. Чытаць добрую літаратуру – гэта спрыяе добраму перакладчыку.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч