Беларуская Служба

Чырвона-зялёны выбарчы фарс з маскоўскім адценнем

18.01.2025 13:36
Самай цікавай квазіпадзеяй студзеня ў Беларусі, безумоўна, стане старанна зрэжысаваны фарс пад працоўнай назвай «выбары».
Ілюстрацыйны здымаккрыніца: Белта

І, відаць па ўсім, не праз вынік - бо ён ужо прадвызначаны: Лукашэнка не можа быць горшым за свайго маскоўскага заступніка - і таму, напэўна, атрымае не менш за 80 адсоткаў сфальсіфікаванай «падтрымкі». Некаторыя незалежныя беларускія аналітыкі нават кажуць, што гэтым разам яму могуць «намаляваць» нават і 90.

Спарынг-партнёры мінскага дыктатара

Цікавы, аднак, быў выбар так званых контркандыдатаў, то бок спарынг-партнёраў мінскага дыктатара, які моцна задыхаецца апошнім часам – даслоўна і ў пераносным сэнсе. Гэтым разам у спісе хлопчыкаў і дзяўчынак да біцця – былы міліцыянт, які красуецца на перадвыбарным плакаце з прастрэленым сцягам Еўрасаюза, якому ён смела паказвае дулю, дачка мясцовага паўалігарха, вядомая таксама як скампраметаваная апазіцыянерка, лідар камуністаў, які адкрыта патрабуе аднаўлення ў Беларусі помнікаў Сталіну, і, нарэшце, чыноўнік, які скончыў ідэалагічны факультэт Акадэміі кіравання пры прэзідэнце і кіруе фантомнай аднаканапнай партыяй.

Тут, безумоўна, бачная эфектыўная праца цяперашняга кіраўніка Цэнтрвыбаркама Беларусі, да нядаўняга часу - старшыні Партыі камуністаў Беларусі, таму што менавіта яму, напэўна, даверылі абіраць кандыдатаў спарынг-партнёраў.

Галасаванне па-за межамі Беларусі

Яшчэ адна цікавая асаблівасць маючых адбыцца так званых выбараў - поўная адсутнасць магчымасці галасавання па-за межамі Беларусі. Гэта афіцыйна тлумачылася наяўнасцю нібыта сур'ёзных пагроз для выбарчых камісій у краінах ЕС, асабліва ў Польшчы. Можа таму, што менавіта там зараз жывуць некалькі сотняў тысяч беларусаў, якія мусілі ўцякаць ад рэпрэсій пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, якія скончыліся фальсіфікацыямі, пратэстамі і – як вынік – масавымі рэпрэсіямі супраць пратэстоўцаў у 2020 годзе – і пасля. Замест замежных камісій лукашэнкаўскія ўлады прапанавалі эмігрантам… прыехаць і прагаласаваць у краіне. Для іх у кожным абласным горадзе будзе арганізаваны асобны пункт для галасавання.

Парада эмігрантам

Адзін з лукашэнкаўскіх спарынг-кандыдатаў, былы міліцыянт, пайшоў у сваёй рыторыцы яшчэ далей: «Прыязджайце, — кажа, — адсядзіце, столькі, колькі трэба - а потым будзеце жыць тут спакойна». Ён быў недалёкі ад ісціны, бо падчас апошніх святаў рэжымам за палітычную дзейнасць былі арыштаваныя як мінімум восем грамадзян Беларусі, якія пасля некалькіх гадоў эміграцыі вырашылі вярнуцца ў краіну з-за мяжы. На некаторых надзелі кайданкі адразу на мяжы, іншых затрымалі пазней па месцы рэгістрацыі.

Выбарчыя пікеты

Атмасфера на выбарчым пікеце любога кандыдата ў Мінску нагадвае памінкі. У асноўным гэныя пікеты складаюцца з людзей, якія атрымліваюць грошы ці вымушаныя ўдзельнічаць у іх з-за месца працы. І нават яны — і гэта відаць па іх вачах — выдатна разумеюць, што выбараў насамрэч няма. Усё гэтае відовішча служыць таму, каб зноў легітымізаваць дыктатара, што кіруе краінай з 1994 году.

Новыя тосты

Сёлета за святочным і навагоднім сталом простыя беларусы да традыцыйных тостаў дадавалі два новыя: «за здароўе тых, хто з’ехаў» і «за чорнага лебедзя (г.зн. непрадбачаную для ўладаў акалічнасць), які меўся б прыляцець у Беларусь у гэтым годзе. Другі тост часам дапаўнялі: «Будзем піць не стукаючыся кілішкамі, бо можа не спраўдзіцца».

Адзін мой сябар з Мінску ўпрыгожыў гэта анекдотам з уласнага сямейнага жыцця: «Мой дзед кожную раніцу ўключаў радыё, бо хацеў першым даведацца, што пачвара здохла. Бацька кожны дзень уключаў тэлевізар, каб як мага хутчэй даведацца, што пачвара здохла. І я кожны дзень уключаю інтэрнэт, таму што хачу першым ведаць тое ж самае. У нас ёсць моцны матыватар тэхнічнага прагрэсу ў нашай краіне, ці не так?»

Палітычныя дыскусіі

А вось у грамадскім транспарце беларускіх гарадоў амаль цалкам згаслі папулярныя некалі палітычныя дыскусіі. За бел-чырвона-белую нацыянальную сімволіку, нават калі гэта толькі колеры ў вопратцы, ты аўтаматычна трапляеш пад арышт, а пасля мо і пад крыміналку.

Лукашэнкаўскі КДБ праводзіць рэйды па дзяржпрадпрыемствах з выбарачнай праверкай смартфонаў супрацоўнікаў. Яны там шукаюць падпіску на «экстрэмісцкія СМІ», маючы на ўвазе ўсе незалежныя, як беларускія, так і ўкраінскія сайты. Таму часта людзі носяць цяпер два тэлефоны - адзін «для праверак», другі для сябе. Але гэта ўсё роўна мала дапамагае. Улада Лукашэнкі цяпер цалкам нікому не давярае. Людзей масава звальняюць нават за невялікі ўдзел у пратэстах пасля мінулых сфальсіфікаваных выбараў - без магчымасці знайсці іншую працу. Але, здавалася б, за пяць гадоў, што мінулі з тых падзеяў, каток рэпрэсіяў у Беларусі пракаціўся па ўсім, што яшчэ хоць крыху жывое.

Чаго ўсё яшчэ баіцца ўлада

Узнікае пытанне: чаму ў такім амаль стэрыльным палітычным моргу ўлада ўсё яшчэ чагосьці баіцца? Незалежныя, пераважна эмігранцкія, каментатары называюць некалькі прычын. Па-першае, сістэма баіцца, што яе чыноўнікі зразумеюць рэальныя маштабы эміграцыі – а з Беларусі з’ехаў – ацэньваючы асцярожна – прыклада абласны горад – і таму сістэма не дапускае замежных выбарчых камісій.

Бо раптам дыпламатычныя ўстановы Беларусі за мяжою змаглі б убачыць у сваіх памяшканнях сотні тысяч суайчыннікаў з вельмі выразнымі поглядамі на далейшае кіраванне Лукашэнкі. Да таго ж, камусьці там можа нават прыйсці ў галаву ідэя правесці экзітполы і апублікаваць іх вынікі, і гэта будзе дадатковай праблемай. Некаторыя даверлівыя да сістэмы грамадзяне таксама пачнуць пытацца, што будзе, калі «раптоўна памрэ гэны стары з хісткай галавою». Няўжо давядзецца несці адказнасць за тое, што лукапасадоўцы рабілі шмат гадоў, парушаючы закон?

Калі абрынаюцца дыктатуры  

Гістарычна склалася, што за апошнія гады – дарэчы не толькі ў нашым рэгіёне свету – шматгадовыя дыктатуры  абрыналіся менавіта тады, калі пачыналі маляваць сабе падчас выбарчых фарсаў больш за дзевяностаадсоткавую грамадскую падтрымку. Часам гэта адбывалася ў даволі крывавых абставінах.

Якраз у гэтым, на маю думку, палягае галоўная інтрыга беларускага выбарчага фарсу гэтага году: ці не наступіць на тыя ж граблі састарэлы і аслаблы Лукашэнка. Пакуль што ўсё да гэтага ідзе. Праўда, было б лепш, каб беларусы пазбеглі крывавага сцэнару, бо гэтыя спакойныя, мірныя і працавітыя людзі даўно заслужылі нармальнае жыццё ў незалежнай вольнай краіне. Менавіта таму, я лічу, што навагоднія тосты ў Беларусі трэба прамаўляць за прылёт не аднаго, а двух чорных лебедзяў – аднаго ў Мінск, а другога ў Маскву.

 

З Мінску для Польскага радыё – Ян Кшыштаф Міхаляк