Беларуская Служба

Нацыянальнае чытанне. «Кожны беларускі перакладчык задумваўся, чаму так мала перакладаў Славацкага»

07.09.2024 07:13
Сёння ў Польшчы праходзіць штогадовая акцыя Нацыянальнага чытання. На бягучы год была абраная драма Юліўша Славацкага «Кардыян».
.
..

Юліўш Славацкі напісаў «Кардыяна» падчас свайго знаходжання ў Швейцарыі. Твор быў упершыню апублікаваны ў 1834 годзе ў Парыжы і з'яўляецца адным з найважнейшых літаратурных дасягненняў паэта. Аўтар прадставіў вобраз эпохі і рамантычнае бачанне лёсу пакалення польскіх канспіратараў, зыходзячы з канспірацыі кадэтаў, звязанай з падрыхтоўкай забойства цара. Асноўная тэма, аднак, адносіцца непасрэдна да Лістападаўскага паўстання (Паўстанне 1830-1831 гадоў), у тым ліку: шляхам аналізу прычын і наступстваў няўдачы вызваленчага паўстання. У наступных частках драмы пераплятаюцца рэалістычныя і фантастычныя матывы, а атмасферныя дэкарацыі падкрэсліваюць сімвалічны аспект твора, галоўнай праблемай якога з'яўляецца праблема нацыянальнага вызвалення.


. 

Акцыя праходзіць пад патранатам прэзідэнта Анджэя Дуды, які ў пасланні з нагоды Нацыянальнага чытання напісаў: «Драма Славацкага расказвае пра барацьбу палякаў з царызмам, але яе можна разглядаць і як аповед пра наш сучасны час. Пра тое, што свабода і незалежнасць патрабуюць самаадданай ахвярнасці і пастаяннай гатоўнасці да дзеяння. Пра тое, што адказнасць, паслядоўнасць і воля да дзеяння вядуць да перамогі, а нерашучасць, страх і ілюзіі вядуць да паразы».

На працягу многіх гадоў «Кардыян» друкаваўся ў многіх выданнях і з ахвотай ставіўся ў тэатрах. Да сённяшняга дня ён застаецца адным з найбольш інтэрпрэтаваных і абмяркоўваемых твораў, займаючы прыкметнае месца ў каноне польскай літаратуры.

Урыўкі «Кардыяна» з уласнай інтэрпрэтацыяй на беларускую мову пераклаў Лявон Баршчэўскі, перакладчык, філолаг, рэдактар, грамадскі дзеяч.


. 

Падчас анлайн-чытання ў Прасторы польскай культуры перакладчык адзначыў, што кожны беларускі інтэлектуал і перакладчык так ці інакш задаваўся пытаннем, чаму перакладаў на беларускую мову Міцкевіча ёсць так шмат, а Славацкага няма.

Сам Лявон Барчшэўскі, акрамя ўрыўкаў «Кардыяна» пераклаў «Баладыну», пераклад выйшаў у 2018. Лірыку Славацкага перакладаў Язэп Семяжон, Васіль Сёмуха пераклаў верш «Спірыдону Праўдзіцкаму». У 1959 годзе выйшаў зборнік з перакладамі Уладзіміра Дубоўкі, Максіма Лужаніна, Алеся Звонака, Кубы Паўтаржыцкага, Петруся Макаля, Артура Вольскага. Памерлы Серж Мінскевіч перакладаў драма «Міндоўга», але яна так і не была выдадзена.

Лявон Баршчэўскі звяртае ўвагу, якія тэмы закранаюцца ў «Кардыяне»:

-У першую чаргу гэта палітычнае пытанне, якое вісела ў паветры. Яно ўшчымляла гонар палякаў, разадранасць краіны на тры шматкі. Гэтае сэрца крывавіла ў любога, хто пісаў у той час. З другога боку, яго натхняла змаганне і палеміка з Міцкевічам. Славацкі больш сышоў у містыцызм, чым перыядамі сыходзіў Міцкевіч. Урэшце рэшт у містычна-метафізічных драмах Славацкі паказаў, што ёсць іншы шлях развіцця драмы, чым прапанаваў яго Міцкевіч. Яны вельмі розныя. Польская літаратура можа ганарыцца, што класікі польскага рамантызму, хоць жылі ў адзін час, то кожнага пазнаеш, прачытаўшы 10-15 радкоў. Гэта вельмі важна.

Па спасылцы можна паслухаць урыўкі «Кардыяна», чытае Лявон Баршчэўскі.

ав