Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: песня пра з'яву, з якой мы часта сустракаемся ў жыцці

19.09.2024 17:01
А музыкант, які яе выконвае, на днях пайшоў ў іншы свет. 
 .  .
Феліцыян Анджэйчак. Архіўны здымак.Фота: PAP/Andrzej Jackowski

17 верасня памёр легендарны польскі музыкант Феліцыян Анджэйчак (Felicjan Andrzejczak). Ён не адмовіўся ад сцэнічнай дзейнасці практычна да канца жыцця.

Фэліцыян Анджэйчак нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы на захадзе Польшчы. У спевака быў выдатны голас. З аднаго боку, ён мог спяваць вельмі драматычныя кампазіцыі, і ў той жа час выдатна сябе адчуваў, выконваючы рок. Такіх універсальных выканаўцаў мала на музычным рынку. Многія музыканты спрабавалі спяваць яго вялікія шлягеры, скажам, песню «Ёлька, Ёлька, памятаеш», і мала ў каго атрымлівалася. Феліцыян Анджэйчак таксама выступаў у гурце Будка Суфлера разам з Кшыштафам Цугоўскім.

Музычную кар'еру музыкант пачаў у 1960-я гады, будучы яшчэ вучнем сярэдняй школы, а ў пачатку 1970-х заснаваў гурт C-4011. Пачынаў з рэпертуару Чэслава Немэна, а з часам пачаў запісваць і ўласныя песні. Супрацоўнічаў з тэатрам (Teatr na Targówku, пазней змяніў назоў на Rampa), выступаў на Фестывалі польскай песні ў Аполі. На пачатку 80-ых гадоў ён быў вакалістам гурта Budka Suflera, запісваў песні, якія сталі вялікімі хітамі. Пасля завяршэння супрацоўніцтва з гэтым гуртом Феліцыян Анджэйчак пачаў сольную карʼеру, але часта выступаў з былымі калегамі ў якасці спецыяльнага госця.

У якасці сольнага выканаўцы ён запісаў як мінімум пяць музычных альбомаў. У 2015 годзе разам з іншымі заслужанымі дзеячамі польскай музычнай сцэны, між іншым, Збігневам Вадэцкім і Анджэем Дамброўскім, удзельнічаў у першай частцы праекту «Albo inaczej» (Альбо інакш), запісаўшы песню «Stres» з рэпертуару гурта Eldo. Сам альбом атрымаў статус залатога кампакт-дыску за вялікую колькасць прададзеных экзэмпляраў.

Феліцыян Анджэйчак памёр ва ўзросце 76 гадоў, перад смерцю ён доўгі час змагаўся з цяжкай хваробай. А выступаў з канцэртамі практычна да канца, напрыклад, выйшаў на сцэну ў Сопаце яшчэ 20 жніўня 2024 года.

А я прапаную вашай увазе кампазіцыю, якая сугучная з жыццём многіх з нас, асабліва жыхароў вялікіх гарадоў – «Стрэс». Тэкст песні напісаў Лешак Казьмерчак (Leszek Kaźmierczak), а музыку Марыюш Абіяльскі (Mariusz Obijalski).

Kolejne dzwonki

może sen mnie uwolni
spokojnie, zamknę oczy
kiedy słońce chce się schować.
Na razie nic z tego
trzeba nad czymś pracować
pulsują już skronie
tyle musi zrobić głowa

Wiem, nic nie dadzą nerwy

denerwuję się bez przerwy.
Uwaga, koncentracja,
mimo stresu będą świecić światła miasta.

Ogarnia mnie stres

Wiesz jak jest
Schować się przed niepokojem
Który dręczy moją głowę
Stres

Do stresu tęsknota

i znów pogłębiasz doła.
Ściany towarzyszą w wojnach
z własną świadomością.
Chcesz być sam nie ze światem
ze sztuczną litością.
Ogarnięty sobą
myśleć o tym co się stanie

Rezygnacja, spokój, cisza,

potem tylko oddech słychać.
Metafizyka, nie wierzysz.
Ja kocham tak znikać…

Зноў званкі, можа сон вызваліць мяне. Спакойна, заплюшчу вочы, калі сонца хоча схавацца. Пакуль што нічога не ўдаецца, трэба над чымсьці працаваць. У мяне баляць скроні, галава столькі павінна зрабіць.

Я ведаю, нервы не дапамогуць, а я ўвесь час нервуюся. Увага, канцэнтрацыя, агні горада будуць гарэць, нягледзячы на стрэс. Мной авалодвае стрэс, ведаеш, як гэта выглядае. Схавацца ад трывогі, ад якой пакутуе мая галава. Стрэс.

Акрамя стрэсу, туга. І зноў ты паглыбляеш хандру. Сцены разам са мной у войнах з уласнай свядомасцю. Ты хочаш быць адзін, а не са светам, са штучным спачуваннем. Агорнуты сабой, думаць пра тое, што здарыцца.

Адрачэнне, спакой, цішыня, потым чуваць толькі дыханне. Метафізіка. Не верыш. Я люблю так знікаць...


Na razie nic z tego – даслоўна можна перакласці «пакуль што нічога з гэтага» але гэта дрэнна гучыць на беларускай мове. Таму я пераклала «пакуль што нічога не ўдаецца», хаця гэта і не дакладны пераклад. Гэтае словазлучэнне трэба ведаць, калі хтосьці хоча размаўляць на польскай мове, паколькі палякі ахвотна ім карыстаюцца. Размаўляючы з палякамі, часта можна пачуць «nic z tego» – у залежнасці ад сітуацыі, гэта будзе значыць і проста «не», і «не атрымліваецца, не ўдаецца». Напрыклад:

- Mamo, mogę zostać w domu? – Nic z tego, musisz iść do szkoły – Мама, можна я застануся дома? – Не, трэба ісці ў школу.

Ogarnia mnie stres – мной авалодвае стрэс. Выразы ogarnąć, оgarnięty маюць шмат значэнняў. Ogarnąć значыць і прыбраць, і ахапіць, і агарнуць, акружыць, апанаваць. А ў пераносным значэнні ogarnięty człowiek – гэта чалавек, які кантралюе сваё жыццё, з усім паспявае і ўсё разумее.

Znów pogłębiasz doła – ты зноў паглыбляеш хандру. Калі паляк гаворыць «mam doła», гэта значыць, што ён у дрэнным настроі, магчыма, яму прыходзіцца змагацца з нейкімі праблемамі, якія пагаршаюць настрой. Гэта яшчэ не дэпрэсія, але і не радасць у жыцці.

нг

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы