Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: кракаўскі музыкант спявае пра сваё бачанне канца свету

31.10.2024 17:32
Выканаўца сыграў больш за чатыры тысячы канцэртаў у краіне і за мяжой.
Andrzej Sikorowski
Andrzej SikorowskiYouTube/PolskieRadio

Сёння я вяртаюся да творчасці музыканта, які сам піша тэксты сваіх кампазіцый. І робіць гэта выдатна, дарэчы, у яго не толькі прыродны талент, але і грунтоўная ўніверсітэцкая адукацыя ў галіне польскай мовы і літаратуры.

Гаворка ідзе пра Анджэя Сікароўскага (Andrzej Sikorowski). Музыкант, кампазітар, гітарыст, аўтар тэкстаў песень. Нарадзіўся ў Кракаве ў 1949 годзе, член славутага кракаўскага калектыву «Pod budą».

Вышэйшай музычнай адукацыі пясняр не атрымаў, затое ён закончыў факультэт польскай філалогіі Ягелонскага ўніверсітэту ў Кракаве. І таму менавіта яму выпаў гонар пісаць песні кампазіцый, Анджэй з’яўляецца аўтарам абсалютнай большасці песень гурту «Pod budą». 

Разам з гэтай групай Сікароўскі запісаў шмат хітоў, між іншым песню пад назовам «Не пераносьце сталіцу ў Кракаў», у дуэце з Гжэгажам Турнау. Песні Сікароўскага трапілі ў рэпертуар, між іншым, Дануты Рын, Крыстыны Пронькі, Марылі Радовіч, Ірэны Сантар, Збігнева Вадэцкага і Яцэка Вуйціцкага.

Ён таксама напісаў музыку больш чым да дваццаці мультфільмаў і серыялаў для дзяцей, запісаў чатыры ўласныя кружэлкі і пятнаццаць альбомаў са сваёй групай. Сыграў больш за чатыры тысячы канцэртаў у краіне і за мяжой, выступае таксама з Маяй Сікароўскай. Анджэй ажаніўся з Харыкліяй Мотсю - дачкой палітычных уцекачоў з Грэцыі. Іх дачка Мая пайшла па слядах таты і таксама выступае на сцэне, у тым ліку разам з бацькам, як у гэтай песні, якую сёння прапаную паслухаць.

З мноства прыгожых балад у выкананні Анджэя Сікароўскага я выбрала “Песню пра канец свету” (Piosenka o końcu świata).

A kiedy przyjdzie świata koniec

Kiedy ostatnia zgaśnie gwiazda

staniemy obok na balkonie

powiemy sobie ale jazda

A kiedy przyjdzie świata koniec

jakiś huragan albo potop

to się połączą nasze dłonie

jak nigdy dotąd

I tak trzymając cię za rękę

jak kołysankę na dobranoc

ostatnią wyznam ci piosenkę

dotychczas jeszcze nie nagraną

Takiego końca mi potrzeba

o takim końcu nieraz marzę

żeby się dało jeszcze śpiewać

kiedy się nie da być już razem

Nie będzie grudnia ani czerwca

zapadnie wielka ciemna cisza

i usłyszymy bicie serca

którego jeszcze nikt nie słyszał

 

А калі прыйдзе свету канец, калі згасне апошняя зорка, мы станем разам на балконе, скажам – ну і дзівосы. А калі прыйдзе канец свету, нейкі ўраган або паводка, тады нашы далоні злучацца як ніколі раней. І так, трымаючыся за рукі, як калыханку на дабранач, я апошнюю прадстаўлю табе песню, раней яшчэ не запісаную.

Такі канец мне патрэбны, пра такі канец я часам мару. Каб можна было яшчэ спяваць, калі больш немагчыма ўжо быць разам.

І калі прыйдзе канец свету... Не будзе ні снежня, ні чэрвеня, прыйдзе вялікая цёмная цішыня. І мы пачуем сэрцабіццё, якога раней ніхто яшчэ не чуў...

Piosenka o końcu świata – песня пра канец свету. Звярніце ўвагу, што на польскай мове гаворка можа ісці толькі аб нечым, калі на беларускай мове ёсць два варыянты – аб нечым і пра нешта.

Ale jazda – гэтае польскае словазлучэнне выкарыстоўваецца тады, калі аўтар гэтых слоў хоча выразіць сваё здзіўленне нейкай неардынарнай падзеяй. На беларускую мову можна перакласці як “ну, і гісторыя”, “ну і дзівосы”, “цырк на дроце”, “а, божухна” і г.д.

Ostatnią wyznam ci piosenkę – я апошнюю прадстаўлю табе песню. Дзеяслоў вызнаць, вызнаваць як правіла спалучаецца з назоўнікам miłość (каханне). Можна wyznawać камусьці miłość – прызнавацца ў каханні, таксама можна wyznawać wiarę, скажам каталіцкую ці праваслаўную – быць вернікам каталіцызму або праваслаўя.

Bicie serca – на польскай мове гэта два словы, у адрозненні ад беларускай, на якой “сэрцабіццё” пішам разам.

нг