Беларуская Служба

Скарбы супольнай гісторыі ў цэнтры францускай сталіцы

12.12.2024 15:31
У самым цэнтры Парыжа на востраве Св Людовіка, недалёка ад сабора Нотр-Дам, месціцца найстарэйшая польская бібліятэка за межамі краіны - Польская бібліятэка ў Парыжы (BPP). Гэтае месца можа быць цікавым адрасам для цяперашніх беларускіх даследчыкаў гісторыі ды сацыяльных навук.
Аўдыё
  • Польская бібліятэка ў Парыжы
Ілюстрацыйны здымакImage by Michal Jarmoluk from Pixabay

Польская бібліятэка ў Парыжы (BPP) – гэта ўнікальная ўстанова, сведак бурнай і цікавай гісторыі Рэчы паспалітай з канца 18 стагоддзя. Установа створаная польскімі мігрантамі ў 1838 г., непарыўна працуе па сённяшні дзень.

Тут захоўваюцца старапольскія друкі XVI—XVII ст.., архівы польскіх нацыянальных паўстанняў і Вялікай эміграцыі, спадчына дзеячаў эміграцыі, а таксама часопісы, брашуры, улёткі, рукапісы, калекцыі мапаў, жывапісу, скульптуры ды фатаграфіі, якія захоўваліся ды перадаваліся праз пакаленні мігрантаў. У бібліятэцы ёсць шмат дакументаў ды матэрыялаў, звязаных таксама з гісторыяй Беларусі, якая стагоддзямі была ў федэрацыі з польскімі землямі, будучы ў складзе Рэчы Паспалітай. 

Пра гісторыю гэтай установы, пра зборы бібліятэкі, у тым ліку матэрыялы, якія тычацца сённяшніх беларускіх зямель, мы паразмаўлялі з кіраўніком бібліятэчнага аддзялення Магдаленай Глодэк ды кіраўніком архіўнай часткі Аркадыюшам Рашкоўскім.

- Польская бібліятэка дзейнічае з 1839 г., яна адкрытая для наведвання, заснавана ў снежні 1838 г., а з 1939 г. адкрыта для ўсіх і дагэтуль. У нас вельмі цікавыя калекцыі. Мы працуем у трох аддзелах: бібліятэчным, архіўным, ёсць і мастацкі аддзел.

- У нас ёсць рукапісы XVI стагоддзя, кнігі традыцыйныя, рукапісныя, а таксама архівы ад прыватных людзей, перададзеныя ў спадчыну. У асноўным, гэта няўрадавыя дакументы, хаця ёсць два вельмі цікавыя выключэнні. Гэта вынікае з самой прыроды нашай бібліятэкі, яе гісторыі, якую заснавалі эмігранты пасля Лістападаўскага паўстання і польска-расійскай вайны 1831 года. Мы захоўваем справаводства Сейму 1831 году, Аб’яднаных палатаў дэпутатаў і Сэнату, а таксама маем дакументы Генеральнага штабу арміі 1831 году. Гэтыя паперы нам перадалі шмат гадоў пазней у 1870-х і 1880-х гадах, калі апошнія палкоўнікі ды апошнія дэпутаты, іх ужо жменька заставалася, зразумелі, што праз некаторы час смерць пагрукае ў дзверы, і з тымі паперамі трэба было нешта рабіць. Так яны перадалі іх нам. Дакумента да нас паступалі хвалямі. У колькасным плане дамінуюць дакументы ХХ стагоддзя, бо ў ХХ стагоддзі шмат пісалася. Былі пішучыя машынкі, з пэўнага моманту друкарня, некалькі капіравальных машын і гэтак далей. Але тое, што самае важнае ў нашай калекцыі, дадзены збор складае каля траціны аб’ёму, — гэта калекцыі Вялікай эміграцыі, калекцыя ХІХ ст. Гэтыя матэрыялы задаюць тон.

Спн. Магдалена, распавядзіце пра бібліятэчныя фонды. Якія самыя каштоўныя выданні ў вашай калекцыі?

- Нашы фонды складаюцца з прыкладна 130 000 тытулаў і 200 000 тамоў. Самыя старыя выданні – гэта невялікі збор інкунабул, то бок публікацыі з пачаткаў кнігадрукавання. А самая старая інкунабула, якую мы маем, паходзіць з 1478 года. Гэтыя зборы прыйшлі да нас, як ахвяраванні. Першыя падарункі былі звязаныя з тымі, хто выратаваў свае архівы, кнігазборы. Гэта важна для польскай справы. Дазвольце нагадаць, што мэтай дадзенай бібліятэкі было яднаць усе палітычныя фракцыі: ад дыпламатычна-кансерватыўных, Чартарыйскага, па левых. Пасля калекцыі інкунабул, якая налічвае цяпер 14 экзэмпляраў, ёсць выдатная калекцыя старадрукаў, якіх налічваецца каля 5000 пазіцый, часта з унікальнымі гістарычнымі пераплётамі, а таксама з прыгожымі знакамі ўласнасці. Я маю на ўвазе тут не толькі экслібрысы і суперэкслібрысы, але і допісы ахвярадаўцаў, якія часта сведчаць пра глыбокі патрыятызм. Што цікава, ёсць шмат допісаў з просьбай перадаць ахвяраваныя кнігі ў бібліятэкі тых раёнаў, якія мы цяпер называем перыферыяй Рэчы паспалітай пасля іх вызвалення. Увогуле ж наша калекцыя кніг ды архівы ўнесеныя ў спіс Сусветнай памяці ЮНЕСКА, як калекцыя, якая сведчыць пра культурную і інтэлектуальную сутнасць польскага народа.

Як самы каштоўны прадмет у архіўных зборах?

- Архівісту цяжка выбраць такі прадмет, але сярод найбольшых каштоўнасцяў - дакументы і пастановы Паўстанцкага Сейму  1830-1831. Адна з іх тычыцца ўсталявання нацыянальных колераў. Гэта цікавы факт. Раней белыя і чырвоныя колеры ўжо з'яўляліся на асобных харугвах, пачынаючы з XVII і XVIII стагоддзяў. Акрамя таго, гэта паходзіць ад нашага герба Белага Арла на чырвоным фоне, але ўпершыню іх зацвердзіў метавіта той Сейм адмысловай пастановай. Другая каштоўнасць – гэта адозва аб «Дэтранізацыі цара», г.зн. пазбаўленне Мікалая І тытула польскага караля. Гэтая пастанова, прынятая 25 студзеня 1831 г., выклікала вельмі вострыя дыскусіі сярод дэпутатаў. Яны ўсведамлялі, што пасля шляху назад не будзе. У прэамбуле гэтага дакумента гаворыцца пра тое, што Раманавы настолькі патапталі канстытуцыю і не выканалі сваіх абавязацельстваў, што Сейм вымушаны быў падпісаць гэты акт і адмовіцца ад вернасці цару. І пад гэтым актам стаяць подпісы амаль, амаль усіх дэпутатаў.

 Гісторыя дадзенага акта не завяршаецца на яго падпісанні, зазначае Аркадыюш Рашкоўскі.

- Пад гэтым актам далучэння да паўстання падпісаліся патрыятычныя дзеячы, мясцовыя і дзяржаўныя чыноўнікі, шляхта з усходніх ваяводстваў. Па памерах гэта, напэўна, самы вялікі акт у нашых зборах. Калі б я стаяў, ён дасягаў бы маіх грудзей ад зямлі прыкладна на шырыню раскінутых рук. У дакуменце ёсць подпісы людзей, якія не ўваходзілі ў склад Сейма, але далучыліся і паведамілі пра свой удзел у паўстанні. У нашых архівах таксама ёсць іх калекцыі. маем дакументы войск, якія змагаліся не толькі ў Каралеўстве, але і ў Літве. Аналагічным чынам, мы таксама маем дакументы з паўстання 1863 года, і таксама за межамі Каралеўства Польскага.

 Польская бібліятэка ў Парыжы не абмяжоўваемся сучаснымі ці нейкімі гістарычнымі межамі Польшчы, зазначае гісторык.

- Наша польскасць таксама дзіўная. Сёння практычна нідзе, акрамя нас, яна не культывуецца. Гэта польскасць, як яе разумелі 200 гадоў таму. Наша эмблема, якая ёсць на ўсіх нашых марках, — гэта Арол і Пагоня. І мы з'яўляемся пераемнікамі тых, хто прымаў канстытуцыю 3 мая,  мы — спадкаемцы іх традыцый. Таму цяпер у нас часта бываюць  дыпламаты, літоўскія даследчыкі, а раз пораз і беларускія даследчыкі. Напрыклад, калі спадар Латушка быў амбасадарам  у Францыі, ён прыходзіў, намагаўся, наколькі мог, шукаць супольнае для нас. Дадам, што часткай Польскай бібліятэкі з’яўляецца Музей Адама Міцкевіча, ахвяраваны сынам Уладзіслава. Гэтае прозвішча ўвасабляе нашу гісторыю, якая пераўзыходзіць усе цяперашнія межы.

Нашы суразмоўцы зазначылі, гісторыя не дзеліць палякаў, літоўцаў, ці беларусаў. Яна іх яднае. Гісторыю нельга змяніць, але пра яе можна памятаць. Такім месцам памяці ёсць Польская бібліятэка ў Парыжы, зборы якой адкрытыя для даследчыкаў з Беларусі.

Юры Ліхтаровіч