Беларуская Служба

Ёлка - дрэва добрых і дрэнных пасланняў

23.12.2024 13:01
Ёлачныя цацкі маюць на мэце не толькі ўпрыгожваць каляднае дрэва. Варта ведаць, што яны ўтрымлівалі ў сабе важную сімволіку.
Аўдыё
  • Музей ёлачных цацак у Мілічу
      (Milicz)
Музеі ёлачных цацак у горадзе Міліч (Milicz) у Ніжняй Сілезііwww.facebook.com/kom.niech.sie.kreci

Зараз цяжка ўявіць сабе Каляды без ёлкі, а ёлку без цацак. Традыцыя ўпрыгожвання ёлкі рознакаляровымі шклянымі шарыкамі і фігуркамі, здаецца, суправаджала нас заўсёды. Ці сапраўды згаданы звычай настолькі старажытны, як нам здаецца? Ці заўсёды ён выглядаў так, як цяпер? Якую ролю адыгрывае Польшча ў сусветных тэндэнцыях па ўпрыгожванні каляднага дрэва? На гэтыя і іншыя пытанні мы будзем шукаць адказы ў Музеі ёлачных цацак у горадзе Міліч (Milicz) у Ніжняй Сілезіі.

Музей ёлачных цацак у Мілічу - гэта невыпадковае месца, калі мы гаворым пра калядныя ўпрыгажэнні. Установа бярэ свой пачатак яшчэ з Міліцкай фабрыкі ёлачных цацак, заснаванай напрыканцы 1950-х гадоў. Да 2008 года, то бок да свайго закрыцця, згаданая фабрыка была найбуйнейшым вытворцам шкляных ёлачных упрыгожванняў у Польшчы, вырабляючы – уручную, каля мільёна шкляных шарыкаў у год. Ажно 90 працэнтаў згаданай вытворчасці прызначалася на экспарт.

Між тым, аказваецца, што звычай упрыгожвання ёлак шклянымі цацкамі адносна малады, то бок сягае ўсяго XIX стагоддзя, нагадвае Ізабэля Брымэрска(Izabela Brymerska) з Музея ёлачных цацак у Мілічу:

- Гэта праўда. Калядныя ёлкі былі вядомыя раней, хоць не ва ўсіх рэгіёнах Польшчы - у многіх дамах, асабліва ва Усходняй Польшчы, нават пасля Другой сусветнай вайны, замест ёлак, хаты ўпрыгожвалі альбо павукамі з саломы альбо паперы; часта гэта былі проста жывыя хвойныя галінкі, падвешаныя да столі ці змешчаныя за іконамі. У заходняй частцы Польшчы, звычай ставіць ёлкі ў хаце з'явіўся яшчэ ў пачатку XX стагоддзя. У Германіі і некаторых заходніх краінах - у першай палове XIX стагоддзя.

З тых часоў ёлачныя цацкі моцна змяніліся, гаворка ідзе не толькі аб дызайне, але і аб спосабе іх вырабу і матэрыялах, з якіх яны зробленыя:

- Мы бачым гэта ў нашым музеі, дзе на экспазіцыі прадстаўленыя шарыкі, якія на працягу амаль 50 гадоў працы выпускала нашая фабрыка - па адным з кожнага года. Дзякуючы гэтаму, зараз мы можам прасачыць гэтыя тэндэнцыі. Аказваецца, што кожны год яны выглядалі крыху інакш. Ёсць шмат традыцыйных шарыкаў, у асноўным чырвоных, упрыгожаных рознымі спосабамі. Аднак ёсць таксама цацкі выдзіманыя ў адмысловых формах, якія мяняліся цягам гадоў. Першыя шкляныя цацкі павінны былі адносіцца да сімволікі ўпрыгожванняў, якія вешалі на ёлку да таго, як узніклі шкляныя цацкі. Пазней, такога абавязку ўжо не было, то бок  шарыкі мяняліся паводле моды. У сваю чаргу, найноўшыя шарыкі, гэта цацкі, замоўленыя буйнымі кампаніямі. Напрыклад, цацка-кававае зерне для кампаніі Chibo, або цацка ў форме мабільнага тэлефона для кампаніі Centertel. Падсумоўваючы, нашая калекцыя дазваляе прасачыць, як мяняліся ёлачныя цацкі - ад вельмі традыцыйных да зусім камерцыйных сучасных.

Тым не менш, нягледзячы на зменлівасць моды, з сярэдзіны XIX стагоддзя дамінуючай формай застаецца пусты шарык з выдзіманага шкла:

- Так, шарык, які навязвае да пачаткаў ёлачных цацак. У першай палове XIX стагоддзя, асабліва ў багатых дамах, калядныя ёлкі ўпрыгожвалі цукеркамі, яблыкамі, шакаладам, марцыпанам іг.д. Усё гэта каштавала вельмі дорага. На шклозаводзе ў мястэчку Ляўша (Lauscha) у Германіі працаваў Ганс Грайнер (Hans Greiner), які не мог дазволіць сабе на такія ўпрыгожванні, таму ён вырашыў зрабіць нешта ў форме яблыка са шкла. Менавіта так узнік першы шарык. Чырвоныя шарыкі вельмі папулярныя менавіта таму, што яны адносяцца да самых простых і першых формаў. З часам іх пачалі дадаткова ўпрыгожаць блёсткамі і глітэрам.

Ёлачныя цацкі мелі на мэце не толькі ўпрыгожваць ёлку – яны ўтрымлівалі ў сабе сімволіку, нагадвае Ізабэля Брымэрска:

- Напрыклад, птушкі - калі ў кагосьці ёсць птушка на каляднай ёлцы, ён павінен ведаць, што гэта пасланцы боскай любові і міру. Званочкі нагадваюць пра надыходзячыя Каляды. Яйка - гэта ўніверсальны сімвал, неабавязкова звязаны з Вялікаднем. Яно азначае зерне жыцця, памнажэнне, нейкую абарону. Арэхі - гэта мудрасць і здароўе, яблык - сімвал прыгажосці. Кончык, як вядома, сімвалізуе прамень Віфлеемскай зоркі. У сваю чаргу, Віфлеемская зорка, якую таксама ўсталёўваюць на верхавіне каляднага дрэва, павінна была дапамагчы людзям вярнуцца дадому з далёкіх мясцін.

Калекцыі, якія экспануюцца ў музеі ў Мілічу, налічваюць каля 6 тысяч экспанатаў. Самыя старажытныя цацкі паходзяць з другой паловы XX стагоддзя, а самыя сучасныя з 2007 года:

- Безумоўна, самыя каштоўныя ёлачныя цацкі - гэта тыя, у якіх зашыфраваны нейкія пасланні, бо кажуць, што ёлка - гэта дрэва пасланняў, добрых і дрэнных. Гэткія цацкі нязменна радуюць нашых гасцей. У нашай калекцыі таксама ёсць цацкі, якія купіла кампанія Уолта Дыснея.  Некалькі шарыкаў з ёлкі святога Яна Паўла ІІ, якія былі адпраўлены ў Ватыкан падчас яго пантыфікату. Дарэчы, амаль 90 працэнтаў прадукцыі фабрыкі ў Мілічу адпраўлялася на экспарт. Сярод атрымальнікаў былі, напрыклад, універмагі ў Нью-Ёрку. Напэўна, гэта адны з самых цікавых экспанатаў. Некалькі гадоў таму быў запатэнтаваны ўзор ніжнесілезскага шарыка. Гэтаму ўзору ў нашым музеі прысвечаная асобная буйная экспазіцыя.

У Польшчы вырабляюць ёлачныя цацкі, якія ўпрыгожваюць калядныя ёлкі па ўсім свеце. Польскія вытворцы імкнуцца задаволіць чаканні сусветных рынкаў, якія адрозніваюцца паміж самой:

- Вельмі багата аздобленыя, бліскучыя і каляровыя; на іх часта малююць нейкія сучасныя прадметы, сітуацыі, гамбургеры, кока-колу, вясёлку - гэта адказ на пэўны попыт на рынку. Такія шарыкі традыцыйна не вырабляліся ў Мілічу, але гэта, напэўна, сусветныя тэндэнцыі. Мы бачым, што, напрыклад, нью-ёркскія ўнівермагі ахвотна заказвалі цацкі з кветкавымі матывамі. Яны адрозніваюцца ад нашых традыцыйных, таму што нашыя кліенты тут, у Польшчы, значна часцей выбіраюць шарыкі са снежнымі пейзажамі- з матывам Санта-Клауса, святыняў, ёлак - яны часцей за ўсё купляюцца ў Польшчы, але за мяжой гэтыя папулярныя ўзоры крыху іншыя.

- гаварыла Ізабэля Брымэрска(Izabela Brymerska) з Музея ёлачных цацак у Мілічу.

Паводле справаздачы кампаніі «Akcenta», Польшча займае трэцяе месца ў Еўропе і пятае ў свеце па вытворчасці ёлачных цацак. Найбуйнейшым сусветным экспарцёрам калядных упрыгожанняў з’яўляецца Кітай. У Еўропе палякаў апярэджваюць толькі Нідэрланды і Германія.

У сваю чаргу, найбуйнейшымі імпарцёрамі польскіх ёлачных цацак з'яўляюцца Германія, ЗША і Францыя.  Летась палякі экспартавалі калядных упрыгожванняў больш чым на 68 мільёнаў еўра.

Распісаныя ўручную і поўныя мудрагелістых дэталяў, польскія шкляныя шарыкі набылі статус «люксавых».

пп/аз

Польшча займае трэцяе месца ў Еўропе па вытворчасці ёлачных цацак

16.12.2024 17:02
Цікавасць да польскіх ёлачных упрыгожанняў расце не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце.