Беларуская Служба

«Тут збіраюцца людзі, у якіх аднолькавы лёс». Студыя «Купалінка» паказала свой новы спектакль

20.01.2025 15:51
Акторам ад чатырох да сарака гадоў, гэтым саракагадовым людзям трэба дэпрэсію кудысьці дзяваць, - гаворыць кіраўніца студыі.
Аўдыё
  • У Варшаве Тэатральная студыя “Купалінка” паказала свой калядны спектакль паводле кніжкі Алены Масла.
 .   ,    .
Беларуская батлейка. Фрагмент спектаклю "Віка, хросная і калядныя цуды".Фота: Беларуская служба Польскага радыё / Наталля Грышкевіч

У Беларускім Доме ў Варшаве Тэатральная студыя «Купалінка» паказала свой калядны спектакль паводле кніжкі Алены Масла «Каляды з Хроснай». На сцэне выступілі некалькі дзясяткаў актораў, былі таксама калядныя спевы, танцы і гульні разам з гледачамі.

«Купалінка” была створаная ў Варшаве беларускімі эмігрантамі пасля выбараў 2020 года, студыя складаецца з шасці груп актораў розных узроставых катэгорый – ад 4 да 40 гадоў. Ёй кіруе Наталля Локіць, якая распавяла пра дзейнасць тэатру, як ён дапамагае беларусам лягчэй спраўляцца з цяжкасцямі эміграцыі.

- Мы працуем у розных групах, а потым гэта ўсё склейваем. На апошніх рэпетыцыях у нас атрымліваецца вялікі спектакль. Каляды святкуюцца разам, талакой. Мы даўно пачалі гэтую традыцыю. Нашым акторам ад чатырох да сарака гадоў, гэтым саракагадовым людзям трэба дэпрэсію кудысьці дзяваць. Сюды прыходзяць творчыя людзі, якія ў асноўным працуюць дастаткова цяжка. На сцэне яны валадары, ім важна паказаць сваю годнасць. Паказаць, дарэчы, не толькі беларусам, таму што ў нас ёсць спектаклі, якія мы паказваем польскай аўдыторыі.

Таццяна Малашчанка прыйшла на спектакль паглядзець на выступленне сваёй дачкі. Яна адзначае, што тэатр дазваляе падлеткам знайсці сяброў і аднадумцаў, што бывае нялёгка на эміграцыі.

- Я мама адной з удзельніц гэтага шоу. Мне вельмі прыемна, што яна знайшла сябе, ёй падабаецца ў тэатры, падабаецца гэты жанр, які дапамагае імправізаваць часам, і ў той жа час раскрыць свае таленты, выказаць тое, што не можа выказаць дзіця ў нейкай іншай абстаноўцы. Падлеткі шукаюць сябе, асабліва ім цяжка, калі іх вывозяць з радзімы. У іх ёсць крыўда, магчыма, што мы згубілі свой асяродак, тут у нас нічога няма, бацькі працуюць, часу няма для дзяцей. А тут яны збіраюцца разам, з людзьмі, у якіх аднолькавы лёс.

Слухайце поўны рэпартаж у далучаным гукавым файле

нг


Фрагмент спектаклю. Фрагмент спектаклю.
Акторы студыі. Акторы студыі з Наталляй Локіць пасярэдзіне ўнізе.