Беларуская Служба

Любімы горад шматразовага кандыдата на літаратурны «Нобель» Яраслава Івашкевіча набліжае асобу пісьменніка сентыментальнай выставай (ФОТА, ВІДЭА)

11.04.2025 10:01
Адзін з найвыдатнейшых польскіх пісьменнікаў і паэтаў ХХ стагоддзя захапляўся Сандомежам, яшчэ з часоў свайго дзяцінства ва Украіне.  
Аўдыё
  • Выстава «Сандомежскія сляды Яраслава Івашкевіча» працуе ў Каралеўскім замку ў Сандомежы
   a    ,      - (Mikołaj Getka-Kenig)
Дырэктар Музея Каралеўскага замкa ў Сандомежы доктар габілітаваны, прафесар Польскай акадэміі навук Мікалай Гетка-Кэніг (Mikołaj Getka-Kenig)Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Нядаўна мы адзначалі 45-годдзе з дня смерці Яраслава Івашкевіча(Jarosław Iwaszkiewicz) – польскага празаіка, паэта, эсэіста, перакладчыка і палітыка часоў ПНР. На думку многіх крытыкаў, Яраслаў Івашкевіч - чатырохразовы намінант на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры і Праведнік народаў свету - быў адным з найвыдатнейшых польскіх пісьменнікаў і паэтаў ХХ стагоддзя.

Пісьменнік Яраслаў Івашкевіч падчас сустрэчы з чытачамі. Barchacz Włodzimierz/ Нацыянальны лічбавы архіў Пісьменнік Яраслаў Івашкевіч падчас сустрэчы з чытачамі. Barchacz Włodzimierz/ Нацыянальны лічбавы архіў

Любімым месцам адпачынку Яраслава Івашкевіча быў Сандомеж (Sandomierz) – горад на паўднёвым усходзе Польшчы, які нагадваў яму родныя мясціны ва Украіне. Больш падрабязна пра сувязі пісьменніка з гэтым прыгожым і адным з найстарэйшых гарадоў у Польшчы можам даведацца на выставе: «Сандомежскія сляды Яраслава Івашкевіча», якая працуе ў Каралеўскім замку ў Сандомежы.

Выстава прысвечаная адносінам Яраслава Івашкевіча з Сандомежам, якія былі неад’емнай часткай яго жыцця і вынікалі, перш за ўсё, з цікавасці да гісторыі, асабліва да гісторыі Сярэднявечча.

Яраслаў Івашкевіч упершыню прыехаў у Сандомеж, калі яму было 30 гадоў і з таго часу рэгулярна наведваў горад – апошні раз за некалькі месяцаў да сваёй смерці. Цікава, што Івашкевіч пры жыцці ніколі не меў тут уласнай кватэры ці дома, а заўсёды арандаваў нешта, распавядае дырэктар Музея Каралеўскага замкa ў Сандомежы доктар габілітаваны, прафесар Польскай акадэміі навук Мікалай Гетка-Кэніг(Mikołaj Getka-Kenig):

- У Сандомежы ўзнікла шмат яго твораў, у тым ліку, натхнёных самім горадам, як адзіны гістарычны раман Івашкевіча, які ў свой час карысталася вялікай папулярнасцю: «Чырвоныя шчыты» (поль. Czerwone tarcze). Гэта біяграфія Генрыха Сандомерскага, сына Баляслава Крывавустага, якім Івашкевіч захапляўся яшчэ з часоў дзяцінства каля Вінніцы (Кальнык, ва Украіне). Першапачаткова Івашкевіч хацеў пабачыць Сандомеж, бо ён быў звязаным з Генрыхам, але потым захапіўся самім горадам. Ён заўважыў, напрыклад, што ваколіцы Сандомежа вельмі нагадваюць яму роднае Падолле. Івашкевіч казаў, што ўезд у непадалёкі Апатаў (Opatów) з боку Сандомежа - гэта самы падольскі краявід у міжваеннай Польшчы.

Касцёл св. Якуба, бачаны з Каралеўскага замка. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net Касцёл св. Якуба, бачаны з Каралеўскага замка. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Пасля музея Яраслава і Анны Івашкевічаў у Ставісках(Stawiska) ля Варшавы, Музей Каралеўскага замку ў Сандомежы можа пахваліцца другой найбагацейшай калекцыяй, звязанай з пісьменнікам, якая пачала стварацца практычна неадкладна пасля яго смерці, калі нарадзілася ідэя Літаратурнага музея імя Яраслава Івашкевіча ў Сандомежы. Музей размяшчаўся ў кватэры, якую Івашкевіч атрымаў ад мясцовых уладаў за год да смерці, але ўжо не паспеў ёй скарыстацца:

- І гэты музей быў створаны і сабраў, асабліва ў 1980-я гады, вельмі багатую калекцыю. Гэта не толькі рукапісы і лісты. У нас ёсць, напрыклад, рукапіс «Лета ў Ноан»(поль. Lato w Nohant), напісаны ў Сандомежы падчас аднаго з побытаў пісьменніка. Ёсць фатаграфіі, мэбля, розныя элементы адзення, напрыклад, узорыстыя, знакамітыя шапкі, якія ён насіў. У Івашкевіча была іх цэлая вялікая калекцыя. Гэта не толькі прадметы з Сандомежа. Ёсць і прадметы з яго варшаўскай кватэры, з якіх, па рашэнні спадчыннікаў – дачок Яраслава Івашкевіча, частка была перададзена ў музей у Сандомежы. Гэты музей (Літаратурны музей імя Яраслава Івашкевіча- рэд.) існаваў з 1981 года па 2001 год.

Базіліка Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Сандомеж. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net Базіліка Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Сандомеж. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

У выніку адміністрацыйных пераўтварэнняў у Польшчы Літаратурны музей імя Яраслава Івашкевіча ў Сандомежы спыніў сваю дзейнасць, а яго калекцыі былі перададзеныя ў Сандомежскі замак. У сваю чаргу гэтак званая кватэра Івашкевіча застаецца ва ўласнасці горада Сандомеж:

- На нашай выставе(«Сандомежскія сляды Яраслава Івашкевіча»- рэд.) мы таксама шмат месца прысвяцілі тэме згаданага музея, бо гэта быў найважнейшы помнік Івашкевічу ў Сандомежы. Дарэчы традыцыйнага помніка Івашкевічу ў горадзе няма, а музей, які нагадвае аб дасягненнях, выконвае адукацыйную, папулярызатарскую і навуковую функцыі, найлепш прычыняецца да захавальніка спадчыны Івашкевіча. Не забывайма, што Івашкевіч некалькі разоў быў кандыдатам на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры і, увогуле, асабліва ў пасляваенны час, ён быў найбольш рэпрэзентатыўнай фігурай для польскай культуры таксама ў плане міжнародных адносін.

Сандомеж гасцяваў не толькі ў сэрцы, але і творах пісьменніка. Шпацыруючы па горадзе, лёгка трапіць на месцы, якія так захаплялі Івашкевіча; пра якія ён успамінаў у сваіх літаратурных твораў, дзённікаў і лістах, нагадвае Мікалай Гетка-Кэніг:

- Касцёл святога Якуба - адна з найстарэйшых дамініканскіх святыняў у Польшчы. Гэта было першае месца, якое Івашкевіч наведаў у Сандомежы, падчас свайго першага візіту. Далей Сандомежскі сабор, пра які пісаў Івашкевіч. Таксама саборныя могілкі ў Сандомежы, дзе Івашкевіч выказаў жаданне быць пахаваным, але канчаткова ён быў пахаваны ў Брвінове (Brwinów) ля Варшавы. Гэта самыя старыя могілкі ў Сандомежы, заснаваныя ў 1792 годзе, то бок яны на два гады маладзейшыя за варшаўскія «Павонзкі». Нельга забываць таксама аб Апатаўскай браме  – адзінай захаванай сярэднявечнай гарадской браме, пра якую Івашкевіч пісаў у адным са сваіх вершаў, што: «Сандомеж глядзіць на свет адным вокам – вокам Апатаўскай брамы».

Апатаўская брама, Сандомеж. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net Апатаўская брама, Сандомеж. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Яраслаў Івашкевіч вельмі захапляўся гістарычнымі помнікамі Сандомежа. Ён дзейнічаў з мэтай іх захавання таксама як шматгадовы дэпутат у Сейм ПНР, менавіта ад Сандомежскай зямлі:

- Мы ведаем, што ён дзейнічаў з мэтай захавання і аховы помнікаў Сандомежа і прыцягнення на гэтую мэту грошай з цэнтральнага бюджэту. Ён таксама спрычыніўся да перадачы мясцовага замка на культурныя мэты, бо замак у Сандомежы з канца XVIII стагоддзя ажно да 1959 года быў турмой. На жаль, Івашкевіч не дажыў да адкрыцця замкавага музея, бо памёр у 1980 годзе, а першая выстава была адкрытая ў 1987 годзе.

Каралеўскі замак у Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net Каралеўскі замак у Сандомежы. Здымак: Анна Задрожна,Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Варта дадаць, што Яраслаў Івашкевічы нейкі час жыў у замку, а дакладней, у будынку, які быў пабудаваны ў ХІХ стагоддзі як офіс і кватэра для турэмнага начальніка. Гэты будынак зараз ужо не існуе. Івашкевіч пражываў там некалькі гадоў – ён арандаваў кватэру ад супрацоўнікаў Польскай акадэміі навук, якія праводзілі там археалагічныя даследаванні:

- Цяжка разважаць пра біяграфію Івашкевіча не згадваючы Сандомежа, паколькі для яго гэта было надзвычай важнае месца. У гэтым часе Сандомеж не быў тыповым месцам адпачынку, але Івашкевіч чамусьці палюбіў яго, і гэта была для яго такая малая радзіма. Тады Сандомеж не быў модным турыстычным цэнтрам, як Казімеж Дольны ці Закапанэ, у якіх адпачывалі культурныя эліты Варшавы, а Сандомеж быў менавіта такім толькі ягоным – Івашкевіча. Таму калі, мы думаем Івашкевіч, мы кажам Сандомеж, або калі кажам Сандомеж - думаем Івашкевіч.

- падсумаваў дырэктар Музея Каралеўскага замка ў Сандомежы Мікалай Гетка-Кэніг(Mikołaj Getka-Kenig), які запрасіў нас на выставу: «Сандомежскія сляды Яраслава Івашкевіча». Выставу можна паглядзець у замку ў Сандомежы яшчэ толькі да 18 траўня бягучага года.

Мы спадзяемся, што дзякуючы сумесным намаганням Міністэрства культуры, уладаў Свентакшыскага ваяводства і ўладаў горада Сандомеж канчаткова ўдасца аднавіць дзейнасць Літаратурнага музея іх імя Яраслава Івашкевіча ў любімым горадзе пісьменніка.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Моладзь не саромеецца браць лепшае з часоў ПНР. Запрашаем на выставу карцін у Пуцку (ФОТА)

28.03.2025 17:45
«Не такі ПНР страшны» – выстава маладога мастака паказвае, з якой перспектывы пакаленне міленіялаў ставіцца да камуністычных часоў.

Скарб з Залева, мастацкія калекцыі прускай шляхты, унікальны партрэтны жывапіс – усё гэта можна паглядзець у Музеі Верхняй Прусіі (ФОТА)

04.04.2025 14:01
Больш за 500 каштоўных экспанатаў чакаюць на наведвальнікаў у грунтоўна адрамантаванай музейнай установе ў Морангу.