Беларуская Служба

Запрашаем: Музей гузікаў у Ловічу (ФОТА)

19.07.2019 16:02
Тут маленькі экспанат з’яўляецца нагодай для аповеду пра важную постаць і гістарычную падзею.
Аўдыё
      .
Здымкі з архіва Музея гузікаў у Ловічу.Zdjecia z archiwum Muzeum Guzików w Łowiczu.www.facebook.com/guzikowemuzeum/

Сёння я запрашаю спадарства ў незвычайную музейную ўстанову, то бок у Музей гузікаў. Ён месціцца ў гарадку Ловіч (Łowicz) у цэнтральнай Польшчы на вуліцы Станіслаўскага 10 (Stanisławskiego).

Як кажа захавальнік фондаў музея Яцэк Рыткоўскі (Jacek Rutkowski), ідэя заснавання ўстановы мае сямейныя пачаткі. У прыватнасці, яго бабуля Часлава ў міжваенным перыядзе мела на адной з галоўным вуліц гарадка даволі рэнтабельную краму з галантарэяй.

Яцэк Руткоўскі: Крама пратрымала вераснёвую кампанію і нямецкую акупацыю, але вызвалення гораду Чырвонай арміяй ужо не вытрымала. Да маіх часоў захаваліся нешматлікія прадметы, у тым ліку гузікі з гэтай крамы. Пазней, калі я стаў бацькам, то выкарыстоўваючы іх я гуляў з дачкой у музей. Цягам часу мы дайшлі да высновы, што гузікі – цікавыя і недаацэненыя прадметы. У выніку ў ліпені 1997 году быў заснаваны маленькі Музей гузікаў у Ловічу.


Здымкі з архіва Музея гузікаў у Ловічу. Zdjecia z archiwum Muzeum Guzików w Łowiczu/www.facebook.com/guzikowemuzeum/ Здымкі з архіва Музея гузікаў у Ловічу. Zdjecia z archiwum Muzeum Guzików w Łowiczu/www.facebook.com/guzikowemuzeum/

Самае цікавае, што першай статутнай сядзібай музея быў… чамадан памерамі 45 на 45 на 30 сантыметраў – уласнасць бабулінага мужа.

Такім чынам сямейныя памяткі сталі асновай буйнейшай музейнай калекцыі, на якой ужо 23 гады прэзентуюцца не толькі гузікі, але таксама гістарычныя кравецкія прылады. Аднак, як паясняе Яцэк Руткоўскі, прэзентаваныя ў музеі гузікі з’яўляюцца нагодай для аповеду пра важныя гістарычныя падзеі й постаці.

Яцэк Руткоўскі: Падставай калекцыі з’яўляюцца гэтак званыя персанальныя гузікі, то бок гузікі, якія належалі вядомым сучасных і гістарычным асобам – прадстаўнікам свету навукі, культуры, спорту і розных іншых галін жыцця. Частка асобаў, чые гузікі мы паказваем, агульна вядомая сучасным палякам. Аднак, ёсць шмат такіх экспанатаў, уласнікі якіх не так шырока вядомыя ў грамадстве, але іх дасягненні несумненна вартыя ўвагі. Гэта надае музею біяграфічны характар. Гаворка ідзе пра тое, што экспанат з’яўляецца нагодай для аповеду пра канкрэтную постаць, гістарычную падзею. 


Ежы Вальдорф. Здымaк з архіва Музея гузікаў у Ловічу, выкарыстаны са згодай ўстановы. www.facebook.com/guzikowemuzeum/ Ежы Вальдорф. Здымaк з архіва Музея гузікаў у Ловічу, выкарыстаны са згодай ўстановы. www.facebook.com/guzikowemuzeum/

„Персанальныя гузікі складаюць адну чацвёртую калекцыі, якая агулам налічвае каля 4 тысяч экспанатаў”, - кажа Яцэк Руткоўскі.

Яцэк Руткоўскі: Для мяне асабіста вельмі каштоўным з’яўляецца, цудам знойдзены, арыгінальны гузік выбітнай польскай акторкі Гелены Маджэеўскай ( Helena Modrzejewska). Дарэчы, некаторымі нашымі экспанатамі маглі б ганарыцца таксама буйныя музейныя ўстановы. Гаворка ідзе, напрыклад, пра гузікі генералаў Уладзіслава Андэрса (Władysław Anders), Уладзіслава Сікорскага (Władysław Sikorski), Тадэвуша Кутшэбы (Tadeusz Kutrzeba). Маем гузікі чарговых Папаў рымскіх, у тым ліку, Яна Паўла ІІ, Бенедыкта XVI і Францішка; гузікі вядомых артыстаў, лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі.

Сярод прэзентаваных на выставе экспанатаў мы можам убачыць, напрыклад, гузікі публіцыста й грамадзкага дзеяча, вядомага сваймі намаганнямі захаваць гістарычныя варшаўскія могілкі „Павонзкі” Ежы Вальдорфа (Jerzy Waldorff), забітага камуністамі капелана „Салідарнасці”, ксяндза Ежы Папялушкі (Jerzy Popiełuszko), прымаса Польшчы кардынала Стэфана Вышыньскага (Stefan Wyszyński), а таксама сучасных асобаў, напрыклад, алімпійскай чэмпіёнкі Атыліі Енджэйчак (Otylia Jędrzejczak).


Анна Герман. Здымaк з архіва Музея гузікаў у Ловічу, выкарыстаны са згодай ўстановы. www.facebook.com/guzikowemuzeum/ Анна Герман. Здымaк з архіва Музея гузікаў у Ловічу, выкарыстаны са згодай ўстановы. www.facebook.com/guzikowemuzeum/

Як расказвае захавальнік фондаў музея, часта здаралася і так, што ахвяравальнік экспанатаў станавіўся крыніцай ведаў для ўстановы. Гэткай асобай быў, напрыклад, мастак і гісторык Шыман Кабыліньскі (Szymon Kobyliński).

Яцэк Руткоўскі: Гузік - гэта прадмет, які не быў вынайдзены ў адным канкрэтным месцы. Гузікі ў рознай форме былі вядомыя ўжо ў старажытнасці. Пазней яны паявіліся, напрыклад, у Манголіі. Як просты артэфакт яны паяўляліся па ўсім свеце і ў розным часе. У выпадку Еўропы немалое значэнне мелі крыжовыя паходы. Дзякуючы гузікам можна было больш дакладна дапасоўваць вопратку да цела. У XVIII i XIX стагоддзях гузікі рабілі кар’еру ў войску. Трэба памятаць, што цягам сваёй гісторыі гузікі вырабляліся з розных матэрыялаў – гэта было дрэва, косць, ракавіны, метал, шкло. З пластмасы іх пачалі вырабляць толькі ў сучаснасці. У мінулым гузікі выраблялі ў майстэрнях, у тым ліку ювелірных. Іх выпускалі малымі серыямі і багата ўпрыгожвалі. З часам на гузіках пачалі змяшчаць таксама сямейныя гербы, нацыянальныя сімвалы.

Напрыклад, у мінулым у Англіі дзейнічалі правілы, якія давалі паасобным групам грамадства права ўжываць канкрэтныя гузікі, ці выкарыстоўваць да іх вырабу канкрэтны матэрыял. Вяльможы выдавалі на гузікі велізарныя сумы, паколькі яны былі не толькі ўпрыгожаннем, але таксама доказам грамадскага статусу.


Здымaк з архіва Музея гузікаў у Ловічу, выкарыстаны са згодай ўстановы. www.facebook.com/guzikowemuzeum/ Здымaк з архіва Музея гузікаў у Ловічу, выкарыстаны са згодай ўстановы. www.facebook.com/guzikowemuzeum/

Калекцыя Музея гузікаў у Ловічу пастаянна павялічваецца, перш за ўсё, дзякуючы добрай волі ахвяравальнікаў з усяе Польшчы. Новыя экспанаты здабываюць таксама супрацоўнікі і сябры ўстановы. Паводле Яцэка Руткоўскага, асобы, у якіх прадстаўнікі музея просяць гузік, рэагуюць па-рознаму.

Яцэк Руткоўскі: Часта яны здзіўленыя, паколькі не чулі пра наш музей і пра тое, што гузік, як прадмет, можа быць музейным экспанатам. Пры нагодзе мы даведваемся, ці дадзеная асоба мае пачуццё гумару і ставіцца да сябе з дыстанцыяй. Мы заўсёды стараемся тлумачыць мэты дзейнасці нашага музея. Таму з атрыманнем новых экспанатаў наогул праблемаў няма. Горш, калі асоба, у якой мы просім гузік, сціплая і не ўяўляе сабе, што ён годзен стаць музейным экспанатам. Складана таксама тады, калі пытанне ахвяравання гузіка адтэрміноўваецца. У нас мноства такіх паабяцаных гузікаў.

Яцэк Руткоўскі нагадвае, што дзякуючы намаганням музея 12 снежня ў Польшчы адзначаецца Дзень гузіка. Ужо 20 гадоў у гэты дзень установа арганізоўвае выставы, канцэрты і сустрэчы. Варта таксама памятаць пра тое, што апекуном вытворцаў гузікаў з’яўляецца святы Мікалай Цудатворац, чыё свята адзначаем 6 снежна, абдорваючы адзін аднаго падарункамі.


Здымaк з архіва Музея гузікаў у Ловічу, выкарыстаны са згодай ўстановы. www.facebook.com/guzikowemuzeum Здымaк з архіва Музея гузікаў у Ловічу, выкарыстаны са згодай ўстановы. www.facebook.com/guzikowemuzeum

Музей гузікаў у Ловічу адкрыты ад панядзелку да пятніцы з 10.00 па 19.00, у суботу - з 9.00 па 15.00. У нядзелю ўстанова зачыненая. Увыход бясплатны. Музей размяшчаецца на першым паверсе і ён прыстасаваны для людзей на калясках.

Па просьбе захавальніка фондаў музея, мы заахвочваем дасылаць на адрас установы цікавыя прыклады гузікавай вытворчасці.

Здымкі з архіва Музея гузікаў у Ловічу, выкарыстаныя са згодай ўстановы. www.facebook.com/guzikowemuzeum

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу