Беларуская Служба

Да 1000-годдзя Брэста польскія студэнты падрыхтавалі выставу плакату

24.07.2019 16:42
Студэнцкія плакаты аб Брэсце былі заснаваныя на шматкультурным характары гэтага гораду, які ляжыць «на мяжы, якая аб'ядноўвае».
 .
Плакат выставы.Консульства РП у Брэсце

26 ліпеня польскія студэнты і выкладчыкі з г. Катавіцэ запрашаюць на вернісаж выставы плакатаў з нагоды 1000-годдзя Брэста «Cześć Brześć!» Вернісаж адбудзецца ў 16:30 у выставачнай залі Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра (вул. Савецкая, 54, Брэст), паведамляе польскае консульства ў Брэсце.

Ідэя выставы студэнцкага плаката з нагоды 1000-годдзя Брэста нарадзілася год таму, калі па запрашэнні Генеральнага консульства РП у Брэсце Акадэмія мастацтваў у Катавіцэ прэзентавала тут архіўную выставу дасягненняў стваральнікаў плаката з Сілезіі. І ўжо праз год удалося арганізаваць для жыхароў Брэста новую выставу, якая ўпісваецца ў святкавання 1000-годдзя гораду.

На гэты раз вынікі сваёй творчасці прадставяць маладыя плакатысты – студэнты Акадэміі мастацтваў у Катавіцэ. Работы былі створаны ў Майстэрні вобразу, рэкламы і візуальнай ідэнтыфікацыі і ў Майстэрні плаката гэтай ВНУ.

Задзірысты вокрык «Cześć Brześć!», які стаў назвай выставы, быў запазычаны з аднаго з плакатаў. Бо менавіта ён найбольш адлюстроўвае тэмперамент і радасць стварэння маладымі людзьмі сумеснай выставы.

Студэнцкія плакаты аб Брэсце былі заснаваныя на шматкультурным характары гэтага гораду, які ляжыць на мяжы, і, як піша доктар навук Марыян Славіцкі ў размешчаным у каталогу выставы тэксце, – «на мяжы, якая аб'ядноўвае». «Плакаты, распрацаваныя студэнтамі Акадэміі мастацтваў, раскрываюць гістарычныя зменлівасці, культурнае змешванне, якія ствараюць ідэнтычнасць гораду на працягу стагоддзяў».

Уваход вольны. Выстава будзе доўжыцца да 11 жніўня 2019 г.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры