Беларуская Служба

У Варшаве адкрыецца выстава «Сцены таталітарызму. Польшча 1939–1945»

22.08.2019 09:11
22 жніўня на плошчы Пілсудскага адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай 80-годдзю пачатку Другой сусветнай вайны.
       .
Магіла Невядомага жаўнера ў Варшаве на плошчы Пілсудскага.By Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=78186014

Інстытут нацыянальнай памяці запрашае на ўрачыстае адкрыццё выставы «Сцены таталітарызмаў. Польшча 1939–1945»( Between the Walls. Poland under totalitarian regimes 1939–1945), якое адбудзецца 22 жніўня а 12.00 на плошчы Юзафа Пілсудскага ў Варшаве.

ІНП падрыхтаваў згаданую выставу да 80-годдзя пачатку Другой сусветнай вайны. Ганаровым патронам выставы з'яўляецца прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Выстава пад адкрытым небам мае форму інсталяцыі і прэзентуецца ў дзвюх прасторавых канфігурацыях. У візуальным, мастацкім і змястоўным плане яна закранае тэму гісторыі двух таталітарызму: Трэцяга Рэйха і Савецкай Расіі. Лейтматывам з’яўляецца пачатак Другой сусветнай вайны, яе трагічныя наступствы і барацьба палякаў за свабоду з двума акупантамі.

Тэксты і фотаздымкі, размешчаныя на знешніх стэндах-сценах інсталяцыі, паказваюць драматычныя рэаліі вайны.

Стэнд, прысвечаны нямецкай акупацыі, паказвае пераслед мірных жыхароў, польскую падпольную дзяржаву, польска-яўрэйскія адносіны, Варшаўскае паўстанне, Узброеныя сілы Польшчы на Захадзе.

На сцяне, прысвечанай савецкай акупацыі, адлюстраваныя дэпартацыі, Катынь, савецкія лагеры і эпас арміі Андэрса, а таксама ялцінскія дамоўленасці, якія санкцыянавалі ўсталяванне камуністычнага рэжыму ў Польшчы.

На стэндах змешчаныя цытаты з успамінаў пра вайну і фотаздымкі, якія тычацца паўсядзённага жыцця падчас акупацыі, звязанага з рэпрэсіямі і злачынствамі.

На стэндах змешчаныя тэксты на польскай, англійскай, рускай і нямецкай мовах.

Выстава будзе адкрыта на плошчы Пілсудскага да 30 верасня 2019 года.

аз