„Дама з гарнастаем” Леанарда да Вінчы, карціны Рэмбранта, Яна Матэйкі, Норбліна ды шмат іншых каштоўных твораў мастацтва можна ўбачыць у Музеі Чартарыскіх у Кракаве. Надоечы будынак гэтай найстарэйшай у Польшчы музейнай установы быў нанава здадзены ў эксплуатацыю.
Пасля амаль 10-гадовага рамонту быў нанава адкрыты Музей Чартарыскіх у Кракаве. Гэта найстарэйшы музей у Польшчы, які месціцца на скрыжаванні вуліц Святога Марка і Піярскай у Кракаве. У адрамантаваным будынку прэзентуецца вядомая калекцыя Ізабэлі Чартарыскай.
Пасля рамонту на пастаянную выставу вярнуліся экспанаты, якія ўтвараюць самую вялікую і найбольш каштоўную музейную калекцыю ў Польшчы. Гаворка ідзе, між іншым, пра карціны Леанарда да Вінчы, Рэмбранта, Яна Матэйкі альбо хронікі Яна Длугаша.
Пастаянную выставу складае 1,5 тысячы аб’ектаў, 800 з якіх прайшлі раней грунтоўную кансервацыю. „Пасля рамонту выставачная прастора павялічылася на траціну”, - кажа дырэктар Нацыянальнага музея ў Кракаве Анджэй Бэтлей (Andrzej Betlej).
- Агулам гаворка ідзе пра 12 новых выставачных залаў. Дзякуючы гэтаму выставачная прастора была лагічна распланаваная.
Цяпер пастаянная выстава прэзентуецца агулам у 26 залах на двух паверхах палаца Чартарыскіх.
«Дама з гарнастаем» Леанарда да Вінчы. Аўтар: Леанарда да Вінчы - The Yorck Project (2002) 10.000 Meisterwerke der Malerei (DVD-ROM), distributed by DIRECTMEDIA Publishing GmbH. ISBN: 3936122202., Грамадскі набытак, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=153826
Самыя папулярныя з іх – гэта тыя, у якіх прэзентуюцца дзве найбольш каштоўныя карціны ў музейнай калекцыі. Гаворка ідзе пра „Пейзаж з добрым самаранцам” Рэмбранта і „Даму з гарнастаем” Леанарда да Вінчы, кажа куратар выставы Катажына Плонка-Балус (Katarzyna Płonka-Bałus).
- Карціна „Дама з гарнастаем” паказваецца ў асобнай зале, каб гарантаваць гледачом адпаведныя ўмовы. Тым больш, што гэта карціна, над якой варта задумацца. Я рада адкрыццю музея пасля рамонту, але гэта не канец. Музей быў адноўлены ў матэрыяльным аспекце. Цяпер мы павінны ажывіць яго нематэрыяльнымі каштоўнасцямі.
Анджэй Бэтлей нагадвае, што асобны характар залы з карцінай „Дама з гарнастаем” вынікае таксама з іншых прычынаў.
- Згаданая карціна прэзентуецца ў самым вялікім, найбольш бяспечным і спецыяльна дзеля таго створаным шкляным стэндзе.
Карціна Леанарда да Вінчы „Дама з гарнастаем", несумненна, з'яўляецца самым каштоўным прадметам у калекцыі. Аўтар навуковага апрацавання пра гэтую карціну Катажына Бік (Katarzyna Bik) падкрэслівае, што гэта ўнікальны твор.
- Гэта, бясспрэчна, найбольш каштоўная карціна ў польскай калекцыі. Гаворка ідзе не толькі пра магчымую рынкавую цану. Тут важнае таксама ейнае месца ў творчасці Леанарда, яго наватарства. Яна з’яўляецца цудоўным, дасканалым партрэтам. Таксама першым ад старажытнасці партрэтам жывёлы.
„Дама з гарнастаем” Леанарда да Вінчы ўжо прыцягвае вялікую колькасць гледачоў, кажа дырэктар Нацыянальнага музея ў Кракаве Анджэй Бэтлей.
- Калі гаворка ідзе пра браніраванне, то білеты на бліжэйшы месяц ужо прададзеныя, тым больш, што да канца 2019 году іх кошт складае толькі 1 злоты. Мы заахвочваем усіх наведаць адрамантаваны музей Чартарыскіх. Хочам, каб ён быў даступны для ўсіх. Аднак, беручы пад увагу факт, што музей месціцца ў гістарычным будынку, кансерватарскія нормы таксама павінны быць захаваныя.
У сваю чаргу куратар Каралеўскага замка ў Варшаве доктар Артур Бадах (Artur Badach) падкрэслівае, што калекцыя Чартарыскіх - гэта ўнікальная калекцыя надзвычай важных і каштоўных прадметаў.
- Гаворка ідзе не толькі пра мастацкую каштоўнасць паасобных твораў. Трэба памятаць пра тое, што Ізабэля Чартарыска збірала прадметы ў сувязі з іх гістарычнай каштоўнасцю, часам у сувязі з легендай, з імі зьвязанай. Пра прысутнасць у калекцыі не заўсёды вырашала вялікая мастацкая каштоўнасьць дадзенага твору.
Артур Бадах адзначае, што калекцыя Чартарыскіх - гэта ў значнай ступені памятныя рэчы выключных асобаў.
- Гэта прадметы, якія належалі польскім каралям, але таксама пісьменнікам, філосафам. Часта гэта ўнікальныя прадметы, якія захаваліся ў адным паасобніку. Таму Ізабэля Чартарыска іх збірала.
Рамонт палацу працягваўся з 2010 году. Першы этап працы фінансаваў Фонд князёў Чартарыскіх, між іншым, за гранты з Нарвегіі і аплаты за прэзентацыю карціны Леанарда да Вінчы „Дама з гарнастаем” за мяжой.
У снежні 2016 года кіраўніцтва фонду прадало калекцыю Чартарыскіх і музейныя будынкі дзяржаўнай казне за 100 мільёнаў еўра. Заканчэнне рамонту каштавала дадатковыя амаль 12 мільёнаў еўра (51 мільён злотых).
Падчас урачыстага адкрыцця музея віцэ-прэм’ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі (Piotr Gliński) пераконваў, што польская дзяржава зрабіла ўсё дзеля захавання калекцыі Чартарыскіх.
- Мы зрабілі ўсё, што магла зрабіць польская дзяржава, каб рэалізаваць ідэю ініцыятаркі гэтай цудоўнай калекцыі, княгіні Ізабэлі Чартарыскай, якая хацела збіраць і захаваць каштоўнасці мінуўшчыны для будучых пакаленняў. Такім чынам павінна рабіць кожная дзяржава, якая ўсведамляе сваю гісторыю. Шаноўнае спадарства. Дама вярнулася. Я запрашаю!
Сам будынак музея Чартарыскіх атрымаў, між іншым, шкляны дах і шкляную кладку над унутраным дваром.
З-за лімітаў, уведзеных кансерватарам, выставу ў гадзіну могуць наведаць толькі 250 чалавек, то бок да 2,5 тысяч наведвальнікаў у дзень.
аз