Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: асаблівасці назоўнікаў першага скланення

29.12.2019 13:42
Да першага скланення належаць назоўнікі мужчынскага роду з нулявым канчаткам і назоўнікі ніякага роду.
Аўдыё
 :
Беларуская мовы: прафесійная лексікаБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/Яланта Смялоўская

Да першага скланення належаць назоўнікі мужчынскага роду з нулявым канчаткам (дом, горад, чытач) і назоўнікі ніякага роду (акно, галлё, поле) разам з пяццю імёнамі на -мя (бярэмя, вымя, полымя, семя, цемя).

Склонавыя канчаткі мужчынскага роду залежаць ад характару асновы, націску, катэгорыі адушаўлёнасці – неадушаўлёнасці (у вінавальным склоне), лексічнага значэння слова (у родным склоне).

Назоўнікі мужчынскага роду першага скланення маюць у родным склоне адзіночнага ліку канчаткі -а (-я) або -у (-ю).

Канчатак -а (-я) маюць назоўнікі, што абазначаюць:

  • назвы асоб, жывых істот (чалавека, павука, але таксама нябожчыка),
  • назвы канкрэтных прадметаў (медаля, стала, сшытка),
  • назвы ўстаноў, арганізацый, населеных пунктаў, геаграфічных і астранамічных паняццяў (завода, Гомеля, Месяца),
  • назвы адзінак метрычнай сістэмы і іншых вымярэнняў (кіламетра, літра, рубля),
  • назвы спартыўных паняццяў, гульняў (хакея, вальса),
  • назвы навуковых тэрмінаў (квадрата, назоўніка, суфікса).

Канчатак -у (-ю) маюць назоўнікі, што абазначаюць:

  • абстрактныя паняцці, якасці, прыметы, дзеянні, пачуцці (гераізму, руху, спакою),
  • рэчывы, матэрыялы (азоту, бензіну, клею),
  • зборныя прадметы (калектыву, хмызняку),
  • з’явы прыроды, стыхійныя бедствы (агню, грому, пажару),
  • прасторавыя паняцці (краю, лугу, парку),
  • грамадскія фармацыі, навуковыя плыні, тэорыі (капіталізму, рэалізму); у Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі з 1959 г. рабілася выключэнне для слоў камунізм і сацыялізм, якія рэкамендавалася пісаць з канчаткам , аднак перамагла практыка напісання гэтых лексем з канчаткам .

У давальным склоне выступаюць канчаткі -у (-ю) (брату, вучню, краю).

У вінавальным склоне адушаўлёныя назоўнікі маюць канчаткі роднага склону, неадушаўлёныя – назоўнага (бачу каго? што? брата, студэнта; аўтамабіль, стол).

У творным склоне – пад націскам выступаюць канчаткі -ом (-ём) (будаўніком, канём), а не пад націскам -ам (-ем) (братам, вучнем).

Найбольш разнастайныя канчаткі назоўнікаў мужчынскага роду ў месным склоне: тут могуць быць канчаткі -е, -у (-ю), -ы (-і).

Канчатак -е ўжываецца ў неадушаўлёных назоўніках з асновай на цвёрды зычны, які пры скланенні чаргуецца з мяккім зычным (агарод – у агародзе, лес – у лесе, стол – на стале) ды з асновай на заднеязычныя г, х, калі яны чаргуюцца з мяккімі свісцячымі з’, с’ (бераг – на беразе кажух – у кажусе).

Назоўнікі з мяккай асновай незалежна ад націску і катэгорыі адушаўлёнасці – неадушаўлёнасці маюць канчатак (вырай – у выраі, конь – на кані, пень – на пні), а назоўнікі з асновай на зацвярдзелы зычны – канчатак (заяц – аб зайцы, дождж – на дажджы).

Канчатак -у (-ю) характэрны назоўнікам, якія абазначаюць асоб (аб герою, пры суседу) ды назоўнікам з асноваю на заднеязычны (у парку, на шляху).

Уласныя асабовыя імёны і прозвішчы мужчынскага роду, якія канчаюцца на зычны, скланяюцца, як адпаведныя агульныя назоўнікі са значэннем асобы (р. Андрэя Лабановіча, д. Андрэю Лабановічу, в. Андрэя Лабановіча, т. Андрэем Лабановічам, м. пры Андрэю Лабановічу).

 Уласныя назоўнікі мужчынскага роду, якія абазначаюць геаграфічныя і астранамічныя назвы, скланяюцца як агульныя неадушаўлёныя назоўнікі з адпаведнаю асноваю (Барок – у Барку, Брэст – у Ьрэсце, Гомель – у Гомелі, Месяц – на Месяцы).

Назіраецца істотнае адрозненне пры скланенні прозвішчаў і населеных пунктаў на -оў (-аў), -еў (-ёў): параўн. скланенне назвы горада Лоеў і прозвішча Якаўлеў (р. Лоева, Якаўлева, д. Лоеву, Якаўлеву, в. Лоеў, Якаўлева, т. Лоевам, Якаўлевым, м. у Лоеве, пры Якаўлеву) ды на -ін (-ын): возьмем, дзеля прыкладу, назву горада Шчучын і прозвішча Лужанін (р. Шчучына, Лужаніна, д. Шчучыну, Лужаніну, в. Шчучын, Лужаніна, т. Шчучынам, Лужаніным, м. у Шчучыне, пры Лужаніну).

Назоўнікі ніякага роду ў назоўным і вінавальным склонах маюць пад націскам канчаткі -о (-ё) (акно, галлё), а не пад націскам -а (-е) (мора, поле).

У родным склоне выступае канчатак -а (-я) (акна, поля), у давальным -у (-ю) (мору, полю), вінавальны роўны з назоўным.

У творным склоне канчатак залежыць ад націску: у націскным складзе -ом (-ём) (вядром, кап’ём), а ў ненаціскным -ам (-ем) (жытам, полем). Канчаткі меснага склону залежаць ад характару асновы: назоўнікі з цвёрдай асновай маюць канчатак (жыта – у жыце), з мяккай асновай – канчатак (поле – на полі), з зацвярдзелай асновай – канчатак (мора – на моры), слова малако мае націскны канчатак (у малацэ). 

Пяць назоўнікаў на -мя (бярэмя, вымя, полымя, семя, цемя) скланюцца як усе назоўнікі ніякага роду з мяккаю асноваю.

Уласныя назоўнікі, якія маюць форму ніякага роду, скланяюцца, як і агульныя назоўнікі з адпаведнаю асноваю – возьмем, дзеля прыкладу месны склон (у Гродне, у Залессі, на Дняпры).    

Працяг тэмы пра скланенне назоўніка слухайце праз тыдзень.

Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак