Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: колькасныя і зборныя лічэбнікі

16.02.2020 14:08
Лічэбнік – гэта часціна мовы, якая абазначае адцягненыя лікі, пэўную ці няпэўную колькасць, або паказвае на парадкавы нумар прадметаў пры іх лічэнні.
Аўдыё
  -
Беларуская мова - марфалогіяфота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Лічэбнік – гэта часціна мовы, якая абазначае адцягненыя лікі, пэўную ці няпэўную колькасць, або паказвае на парадкавы нумар прадметаў пры іх лічэнні (напр. чатыры дні, сямнаццаць студэнтаў; чацвёрты дзень,  сямнаццаты студэнт).

Лічэбнік як самастойная часціна мовы мае ўласцівыя ёй марфалагічныя прыкметы і сінтаксічныя асаблівасці:

  • лічэбнікі могуць ужывацца ў якасці самастойных слоў, што абазначаюць адцягнены лік (напр. Тры плюс тры будзе шэсць), і несамастойна ў спалучэнні з субстантывамі (напр.: у 1999 годзе, 2/3 атрыманай сумы);
  • пры спалучэнні лічэбніка з назоўнікам утвараецца сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне, якое выступае як адзін член сказа (напр.: у сказе Два чаўны вынырнулі з цемры адначасова. Шам., два чаўны – дзейнік; у сказе Міхаська прынёс тры слівы. Аст., тры слівы – дапаўненне; у сказе Тры дні стаіць яго плыт на адным месцы. К-с., тры дні – акалічнасць часу);
  • асноўнай граматычнай прыкметай лічэбнікаў служыць катэгорыя склону, бо ўсе яны, акрамя дзевяноста, паўтара, паўтары скланяюцца;
  • па родах і ліках змяняецца толькі колькасны лічэбнік адзін, а толькі па родах – паўтара, паўтары, абодва, абедзве, два, дзве;
  • астатнія колькасныя лічэбнікі не маюць катэгорый роду і ліку, апрача назоўнікаў з лікавым значэннем (словы тыпу тысяча, мільён, мільярд, трыльён); у склад назоўнікаў уключаюцца таксама ўтвораныя ад лічэбнікаў словы накшталт тройка, сотня, дзясятак і інш., якія маюць родавыя адрозненні, спалучаюцца з лічэбнікамі і прыметнікамі (параўн.: адна пяцёрка, цудоўная дзясятка) і акрамя ліку выражаюць прадметнасць;
  • пэўныя колькасныя лічэбнікі пры постпазіцыйным ужыванні выражаюць прыблізную колькасць (параўн.: сем чалавек і чалавек сем).

З семантычнага пункту гледжання лічэбнікі падзяляюцца на:

  • пэўна-колькасныя, што фіксуюць дакладны лік чаго-небудзь (сем, дваццаць, сто і інш.)
  • і няпэўна-колькасныя, якія выражаюць недакладны лік адзінак (многа, мала, шмат, некалькі і інш., напр. столькі радасці, колькі хваляванняў).

Сярод пэўна-колькасных лічэбнікаў выдзяляюцца:

  • уласнаколькасныя, якія абазначаюць пэўную колькасць аднародных прадметаў (сем чалавек, восем кніг, пяцьсот рублёў), а таксама адцягнены лік (напр. пятнаццаць дзеліцца на пяць);
  • зборныя,што абазначаюць колькасць як адно цэлае, адзінства (сямёра, пяцёра);
  • дробавыя, што абазначаюць часткі цэлага (адна пятая, пяць сёмых) або цэлае і яго часткі (шэсць цэлых восем дзявятых), прычым могуць выражаць і незлічоныя прадметы, адцягненыя паняцці, матэрыяльныя рэчывы (тры пятыя аб’ёму вады, дзве трэція насельніцтва).

Уласнаколькасныя лічэбнікі – як толькі што мы сказаліабазначаюць пэўную колькасць аднародных прадметаў, а таксама адцягнены лік.

Па марфалагічных прыкметах яны неаднастайныя:

  • абсалютная большасць лічэбнікаў гэтай групы (ад трох – да дзевяцісот) не мае катэгорыі роду;
  • усе яны (за выключэннем адзін) не змяняюцца па ліках;
  • лічэбнік адзін мае родавыя адрозненні (адзін чамадан, адна брыгада, адно заданне) і формы адзіночнага і множнага ліку (адзін гектар, адны выроты);
  • лічэбнік два таксама мае родавыя формы: два – для мужчынскага і ніякага роду (два дубы, два акны), дзве – для жаночага роду (дзве кнігі);
  • лічэбнікі адзін – чатыры дапасуюцца да назоўнікаў, а лічэбнікі пяць – дзевяць кіруюць назоўнікамі.

Па сваёй граматычнай структуры ўласнаколькасныя лічэбнікі падзяляюцца на:

  • простыя, якія складаюцца з аднаго кораня (два, тры, пяць);
  • складаныя, што маюць як мінімум дзве асновы (пятнаццаць, пяцьдзесят);
  • састаўныя, які ўтвараюцца з двух і болей лічэбнікаў (трыццаць тры, пяцьсот семдзесят шэсць).

 Зборныя лічэбнікі, якія абазначаюць колькасць як адно цэлае, часцей за ўсё спалучаюцца:

  • з назвамі маладых істот (трое ягнят, пяцёра парасят);
  • з асобамі мужчынскага полу (двое салдат, чацвёра вучняў);
  • з субстантываванымі прыметнікамі, асабовымі займеннікамі, множналікавымі назоўнікамі (двое незнаёмых, нас трое, чацвёра саней);
  • пры набыцці імі сэнсу прыслоўяў (тыпу ўдвух).

Зборныя лічэбнікі маюць свае асаблівасці:

  • утвараюцца звычайна ад колькасных лічэбнікаў пры дапамозе суфіксаў -оj (двое, трое) і -ёр/-ер (пяцёра, дванаццацера);
  • не маюць роду і ліку, але скланяюцца (двое – дваіх, дваім, дваімі; пяцёра – пецярых, пецярым, пецярымі); катэгорыя роду характэрная лічэбніку абодва (у мужчынскім і ніякім родзе), у жаночым родзе выступае форма абедзве, а пры спалучэнні з назоўнікамі, што абазначаюць асоб мужчынскага і жаночага полу, ужываецца форма абое;
  • яны натуральна робяцца субстантывамі (напр. Сямёра аднаго не чакаюць);
  • рэдка выкарыстоўваюцца ў навуковым і афіцыйна-справавым стылях.

 

Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак