Дробавыя лічэбнікі абазначаюць дробавыя велічыні: або толькі часткі ад цэлага (тры пятыя, шэсць восьмых), або цэлае і яго часткі (шэсць цэлых чатыры дзевятыя, дванаццаць цэлых тры сотыя, восем і адна сотая).
Дробавыя лічэбнікі маюць свае асаблівасці:
- яны ўтвараюцца з колькаснага лічэбніка ў лічніку і парадкавага лічэбніка ў назоўніку (дзе трэція, шэсць восьмых); калі лічнік заканчваецца на два, тры, чатыры, тады назоўнік знаходзіцца ў назоўным склоне (тры сёмыя, дваццаць чатыры сотыя), а калі лічнік заканчваецца на пяць – дзевяць, тады назоўнік знаходзіцца ў родным склоне (пяць шостых, трыццаць восем сотых);
- у словазлучэнні з назоўнікам назоўнік пры іх ужываецца ў родным склоне (адна трэцяя студэнтаў, восем сотых гектара);
- лічэбнік паўтара выступае ў дзвюх формах: паўтара – для мужчынскага і ніякага роду (паўтара кілаграма цукру, паўтара вядра вады), а паўтары – для жаночына роду (паўтары тоны вугалю);
- дробавыя лічэбнікі звычайна ўжываюцца ў афіцыйна-справавым і навуковым стылях мовы, асабліва часта – у матэматычных працах, ды ўвогуле ў працах з галіны дакладных навук.
Няпэўныя лічэбнікі (мала, многа, нямала, нямнога, трохі, шмат, столькі, гэтулькі, колькі, некалькі) часта называюцца няпэўна-колькаснымі словамі, таму што яны, хоць і выражаюць колькасныя паняцці, аднак не маюць значэння ліку (напр.: Плача дождж на шыбах нудна, на падворку многа луж. Бяд.; Трохі іх [людзей] сядзела на ўслонах, на ложку... І.М.):
- яны, як і дробавыя, спалучаюцца з назоўнікамі, што абазначаюць матэрыяльныя рэчывы, абстрактныя рэаліі (напр. многа мёду, шмат снегу, мала розуму, столькі радасці),
- словы мала, многа, нямала, нямнога, трохі, шмат, як і прыслоўі, не скланяюцца, могуць ужывацца пры дзеясловах, паказваючы ступень і меру праяўлення дзеяння (Хто многа зазнаў, той многа пазнаў. Прык.); маюць ступені параўнання (мала – менш, многа – больш); могуць мець пры сабе прыслоўі (Пісаць мне па-беларуску шмат лягчэй і прасцей. К-с) і таму мэтазгодна разглядаць іх як прыслоўі;
- словы столькі, гэтулькі, колькі, некалькі паказваюць на няпэўную колькасць, як займеннікі (Сядзяць каля вогнішча некалькі рыбакоў. В.В.).
Парадкавыя лічэбнікі паказваюць на парадкавы нумар прадмета пры іх лічэнні (шостае пытанне, пятнаццаты дзень). Утвараюцца ад колькасных лічэбнікаў (тры – трэці, пяць – пяты), часам з дапамогай суплетыўных асноў (адзін – першы, два – другі). Па сваёй семантыцы адносяцца да лічэбнікаў, а па граматычных уласцівасцях – да прыметнікаў.
Якія марфалагічныя асаблівасці парадкавых лічэбнікаў?
- катэгорыі роду, ліку і склону ў парадкавых лічэбніках прадстаўлены як і ў граматычна зменных прыметнікаў – яны дапасуюцца да назоўнікаў; у састаўных лічэбніках пры гэтым скланяецца толькі апошняе слова (параўн.: у тысяча дзевяцьсот дзевяноста дзявятым годзе);
- у сказе выступаюць у сінтаксічнай функцыі азначэння.
Скланенне лічэбнікаў адбываецца па розных узорах:
- парадкавы лічэбнікі скланяюцца як прыметнікі,
- таксама лічэбнікі адзін, адна, адно скланяюцца як прыметнікі,
- лічэбнікі пяць – дзесяць, адзінаццаць – дваццаць, трыццаць скланяюцца па ўзору скланення назоўнікаў жаночага роду тыпу радасць,
- лічэбнікі сорак, сто маюць толькі дзве склонавыя формы (у назоўным і вінавальным – сорак, сто, у астатніх склонах – сарака, ста),
- зборныя лічэбнікі скланяюцца як займеннікі твае, свае,
- у дробавых і састаўных лічэбнікаў скланяюцца ўсе кампаненты-словы,
- у складаных лічэбнікаў дзвесце – дзевяцьсот скланяюцца абедзве часткі, якія маюць канчаткі назоўнікаў ніякага роду множнага ліку (р. двухсот – дзевяцісот, д. двумстам – дзевяцістам, т. двумастамі – дзевяццюстамі, м. аб двухстах – дзевяцістах).
Лічэбнікі могуць пераходзіць у іншыя часціны мовы:
- лічэбнік адзін (адна, адно, адны) набывае значэнні: займенніка – (Прыгадваецца надпіс у адной сталоўцы. Шам. – 'у нейкай сталоўцы'); часціцы – (Адна Вера выказала свае думкі. Р.М. – 'толькі Вера'); прыметніка – (Зімою і летам адным цветам. Прык. – 'аднолькавым цветам'); прыслоўя – (Лясніцкі ішоў дахаты адзін. М.З. – 'уадзіночку');
- лічэбнікі адзін, другі, першы ў спалучэнні са словам раз могуць ужывацца ў ролі прыслоўяў са значэннем 'аднойчы, калі-небудзь, упершыню' (А тыя два – блазнота, яны ўжо не першы раз уцякаюць. Б. – 'не ўпершыню');
- лічэбнік другі (другая, другое) часта пераходзіць у займеннік (Палессе засталося дзесь ззаду. Другая краіна, другія малюнкі. К-с. – 'Іншая краіна, іншыя малюнкі.)
Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005
Ніна Баршчэўская