Беларуская Служба

Апублікавана карта зруйнаванай нацыстамі Варшавы

05.03.2020 10:03
Апублікавана лічбавая версія «Плана інвентарызацыі знішчэння Варшавы» 1945-1946 гадоў.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". "План інвентарызацыі знішчэння Варшавы" 1945-1946 гг.
  .
Планы пасляваеннай Варшавы.Viktar Korbut

У сувязі з 75-годдзем пачатку аднаўлення пасляваеннай Варшавы і стварэння Бюро аднаўлення сталіцы (Biuro Odbudowy Stolicy) апублікаваны ў лічбавай версіі «План інвентарызацыі знішчэння Варшавы» (Plan inwentaryzacji zniszczeń Warszawy), складзены Бюро аднаўлення сталіцы ў 1945-1946 гг.

«План інвентарызацыі знішчэння Варшавы» захоўваецца ў Дзяржаўным архіве ў Варшаве ў фондзе Бюро аднаўлення сталіцы. У 2011 годзе фонд БАС быў унесены ў спіс Сусветнай памяці ЮНЕСКА.

Бюро аднаўлення сталіцы Польшчы было створана 14 лютага 1945 года. Дакументацыя БАС складаецца з карэспандэнцыі, чарцяжоў, фотаздымкаў, планаў і тэхнічнай дакументацыі 1945-1953 гадоў. Архіў БАС ілюструе працэс рэгістрацыі ваенных пашкоджанняў, стан ацалелых будынкаў, канцэпцыі, інвестыцыйныя і праектныя работы па рэканструкцыі гістарычных комплексаў.


Артур Задразіньскі расказвае пра гісторыю «Плана інвентарызацыі знішчэння Варшавы» ў Варшаўскім павільёне архітэктуры Zodiak. Артур Задразіньскі расказвае пра гісторыю «Плана інвентарызацыі знішчэння Варшавы» ў Варшаўскім павільёне архітэктуры Zodiak.

Артур Задразіньскі (Artur Zadroziński) з Бюро рэстаўратара гістарычных помнікаў сталіцы Польшчы (Biuro Stołecznego Konserwatora Zabytków) расказаў пра гісторыю «Плана інвентарызацыі знішчэння Варшавы» на прэзентацыі яго лічбавай версіі ў Варшаўскім павільёне архітэктуры Zodiak.

Артур Задразіньскі: — Каляровы план інвентарызацыі знішчэння Варшавы быў складзены ў 1945-1946 гг. у маштабе 1:2500 і складаецца з 50 аркушаў. План ахоплівае каля 170 квадратных км тэрыторыі горада, альбо каля 1/3 паверхні  Варшавы ў сучасных межах. З поўначы на поўдзень план выцягнуты на 16 км, з усходу на захад — на 15 км.

Артур Задразіньскі расказвае пра дэталі, якія адлюстраваны на плане інвентарызацыі знішчэння Варшавы. У прыватнасці, даследчык звяртае ўвагу на тыпы будынкаў, нанесеных на план:

Артур Задразіньскі: — Гэта будынкі, якія не былі пашкоджаны; якія былі нязначна спалены; з пашкоджанымі дахамі; часткова пашкоджаныя; значна спаленыя; недабудаваныя; спаленыя дашчэнту — такія будынкі складалі большую частку нанесеных на план; а таксама на плане пазначаны цалкам знішчаныя будынкі і драўляная забудова, цалкам спаленая.

На план нанесены разнастайныя аб’екты, у тым ліку паркі, сады, пляцоўкі для забаў, лясы, могілкі, стадыёны, агароды і інш.

Улады Варшавы вядуць пастаянную работу па ўдакладненні даных, якія былі нанесены на план інвентарызацыі знішчэння сталіцы Польшчы ў 1945-1946 гг.

Адміністрацыя Варшавы ўвесь час атрымлівае з розных устаноў шматлікія архіўныя матэрыялы, у прыватнасці, карты, аэрафотаздымкі.

Азнаёміцца з алічбаваным «Планам інвентарызацыі знішчэння Варшавы» можна на картаграфічным партале сталіцы Польшчы, дзе вы знойдзеце розныя тэматычныя сэрвісы, даныя, якія штодня абнаўляюцца. І адзін з сэрвісаў — гэта той, які абслугоўвае Бюро рэстаўратара гістарычных помнікаў сталіцы Польшчы. На гэтым сэрвісе адлюстравана карта гістарычных помнікаў. Злева можна ўбачыць каталог, у якім адлюстраваны матэрыялы Бюро аднаўлення сталіцы. І тут мы знойдзем план інвентарызацыі знішчэння Варшавы.

«План інвентарызацыі знішчэння Варшавы» 1945-1946 гадоў на сучаснай схеме сталіцы Польшчы. «План інвентарызацыі знішчэння Варшавы» 1945-1946 гадоў на сучаснай схеме сталіцы Польшчы.

«План інвентарызацыі знішчэння Варшавы» дазваляе ўбачыць, як выглядала сталіца Польшчы адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Артур Задразіньскі расказвае, што яшчэ было зроблена падчас падрыхтоўкі плана інвентарызацыі знішчэння Варшавы да публікацыі.

Артур Задразіньскі: — Удалося скласці спіс усіх кварталаў Варшавы і звязаць іх з іншымі архіўнымі матэрыяламі. Магчыма, гэтыя матэрыялы будуць таксама звязаны з сайтам Szukajwarchiwach.pl.

Якая карысць ад гэтых матэрыялаў? Яны ўнікальныя. І могуць быць выкарыстаны для параўнання з іншымі базамі даных. А гэтыя даныя, у прыватнасці, ужо змешчаны на гарадскім картаграфічным партале Варшавы.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост