Беларуская Служба

Беларускія чыноўнікі ўзялі курс на вынішчэнне ўсяго недзяржаўнага

08.03.2021 13:24
А. Дынько: «Гэта не было б так катастрафічна, калі б у нас былі дзяржаўныя выданні».
Аўдыё
  • Андрэй Дынько пра рашэнні беларускіх чыноўнікаў
Гістарычны часопісфота: "Наша Ніва"

Пасля таго, як часопісы «Нашай нівы» былі выдаленыя з распаўсюду ў кіёсках «Белсаюздруку», рэдакцыя звярнулася да чытачоў з просьбаю набываць выданні іншымі спосабамі. У выніку за два дні было прададзена больш часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці», чым раней прадавалі за месяц.

«У касавым апараце скончыўся запас стужкі, тры разы пазычалі ў суседніх крамах», – адзначыў рэдактар часопісаў Андрэй Дынько і падзякаваў чытачам. У размове з нашай радыёстанцыяй ён кажа пра салідарнасць беларусаў і шкоднасць рашэнняў беларускіх чыноўнікаў.

- Беларускае грамадства не страціла той зарад салідарнасці, які ў ім утварыўся за апошні час. У нас цяпер сотні, а можа і тысячы палітвязняў, дзясяткі тысяч прайшлі праз турмы, тысячы былі звольненыя. Трэба абараняць людзей, а тут – часопіс, культурны прадукты. Аказалася, што для людзей гэта важна.

Змены, якія адбыліся ў грамадстве, незваротныя, рэпрэсіі не вынішчаюць салідарнасці. Гістарычны часопіс, як наш, дазваляе чалавеку не замярзаць інтэлектуальна, дазваляе яму развівацца. А дзіцячыя часопісы дазваляюць выхоўваць у дзецях любоў да чытання па-беларуску. Мне цяжка ўявіць матывацыю чыноўнікаў, якія прымалі рашэнне пра выдаленне нашых часопісаў з «Белсаюздруку». Гэта катастрафічнае неразуменне ні грамадства, ні культурнага значэння гэтага прадукту. У іх узяты курс на вынішчэнне ўсяго недзяржаўнага. Гэта не было б так катастрафічна, калі б у нас былі дзяржаўныя выданні, але ў нас няма дзяржаўнага гістарычнага часопісу. Калі ты забараняеш прадаваць адзіны беларускамоўны гістарычны часопіс, а прадаеш дзесяць рускамоўных, то ты або дурань, або вораг беларушчыны, як казаў Янка Купала.

Рэдакцыя таксама звяртае ўвагу на два моманты:

«Першае – для перамогі любых каштоўнасцей і зберажэння любой культуры мала разавага ўчынку, трэба штодзённае, штомесячнае, сістэмнае дзеянне. Калі часопісы будуць душыць далей, шукайце іх штомесяц. І падпісвайцеся на іх.

Другое – нам трэба не гераізм, а нармальнасць. Таму прашу ўсіх працягваць высылаць электронныя звароты да ўладаў, каб часопісы, патрэбныя для інтэлектуальнага росту, вярнулі ў «Белсаюздрукі». У зваротах толькі памятайце пра карэктнасць», – нагадвае рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько.

Уся размова – у далучаным аўдыёфайле

нг