Сёння я выбрала ў перадачу песню, якая прадстаўляе гатунак так званых патрыятычных кампазіцый, але зусім не ў класічным значэнні гэтага слова. Гаворка ідзе пра песню, якая ўжо калісьці гучала ў гэтай рубрыцы, але на гэты раз я хачу яе прадставіць у выкананні іншага музыканта.
Песня называецца «Не пытай пра Польшчу» (Nie pytaj o Polskę), я запрапаную яе вашай увазе, дарагія слухачы, у выкананні Ігара Гербута (Igor Herbut), а арыгінальнае выкананне – Гжэгаж Цехоўскі, інакш – Грамадзянін ГЦ ( Obywatel GC Grzegorz Ciechowski). Тут якраз той выпадак, калі паўторнае выкананне гучыць зусім не горш, а можа нават і лепш, чым арыгінал, хаця песня Цехоўскага даўно ўжо стала шэдэўрам польскай музычнай сцэны, таксама як ён даўно стаў легендай той жа сцэны, тым больш, што яго ўжо няма ў жывых. А памёр музыкант раптоўна ад анеўрызы сэрца ў маладым узросце ў 2001 годзе – яму было толькі 44 гады. Справу Цехоўскага працягваюць іншыя музыканты з маладога пакалення, як хаця б вельмі таленавіты пясняр Ігар Гербут.
Нарадзіўся Ігар у 1990 годзе, ён сам называе сябе лэмкам – гэта этнічная група, якая пражывае ў Польшчы на паўднёвым усходзе краіны, а таксама прадстаўнікі гэтай меншасці жывуць у Славакіі, Чэхіі, Венгрыі, Румыніі, Сербіі, Харватыі. У лэмкаў ёсць свая мова, якую ведаюць нават некалькі дзясяткаў тысяч польскіх лэмкаў. Праўда, Ігар нарадзіўся ў іншым месцы, не там, дзе пражываюць па традыцыі лэмкі. Яго месца нараджэння – заходняя частка Польшчы, гарадок Пшэмкаў. Там жа ён закончыў школу, а вышэйшую адукацыі атрымаў ва ўніверсітэце ў Зялёнай Гуры, дзе вучыўся на факультэце джазу і эстраднай музыкі.
Як многія іншыя вядомыя выканаўцы, Гербут пачаў сур’ёзную музычную кар’еру з выступлення ў музычным тэлешоу, якіх некалькі ў Польшчы. Ігар выступіў у праграме «Толькі музыка», падчас удзелу ў праграме Ігар запрасіў супрацоўнічаць з ім некалькі іншых песняроў, яны разам заснавалі музычны калектыў LemON. І ў канцы канцоў дайшлі да фіналу і заваявалі галоўны прыз. З гуртом LemON Гербут выдаў кампакт-дыск, які так і называўся – LemON.
І пераходзім ужо да песні, якая называецца «Не пытай пра Польшчу».
To nie karnawał, аle tańczyć chcę. I będę tańczył z nią po dzień. To nie zabawa, аle bawię się. Bezsenne noce senne dnie. To nie kochanka, аle sypiam z nią. Choć śmieją ze mnie się i drwią.
Taka zmęczona. I pijana wciąż. Dlatego nie. Nie pytaj więcej mnie. Nie pytaj mnie, dlaczego jestem z nią. Nie pytaj mnie, dlaczego z inną nie. Nie pytaj mnie, dlaczego myślę że, że nie ma dla mnie innych miejsc.
Nie pytaj mnie, co ciągle widzę w niej. Nie pytaj mnie, dlaczego w innej nie. Nie pytaj mnie, dlaczego ciągle chcę, zasypiać w niej i budzić się. Te brudne dworce, gdzie spotykam ją, te tłumy które cicho klną. Ten pijak, który mruczy coś przez sen, że PÓKI MY ŻYJEMY, ona żyje też.
Гэта не карнавал, але я танцаваць хачу, і буду танцаваць з ёй да дня. Гэта не забава, але я забаўляюся. Бяссонныя ночы, сонныя дні. Гэта не каханка, але я сплю з ёй, хаця смяюцца з мяне і здзекуюцца.
Такая стомленая і п’яная ўвесь час. Таму не, не пытай мяне больш. Не пытай мяне, чаму я з ёй, чаму не з іншай. Не пытай мяне, чаму я думаю, што няма для мяне іншых месцаў.
Не пытай мяне, што я ўвесь час у ёй бачу, не пытай, чаму ў іншай – не. Не пытай мяне, чаму я пастаянна хачу засыпаць у ёй і прачынацца. Гэтыя брудныя вакзалы, дзе я сустракаю яе. Гэтыя натоўпы, якія ціха праклінаюць. Гэты п’яніца, які ціха балбоча праз сон ПАКУЛЬ МЫ ЖЫВЕМ, яна жыве таксама.
Песня «Не пытай пра Польшчу» была напісана ў 1988 годзе. Я думаю, для чалавека, які хаця б павярхоўна ведае польскую гісторыі, становіцца зразумела, пра што ідзе гаворка. Гэта час, калі ў Польшчы, з аднаго боку, існавала надзея на лепшае будучае, калі актыўна дзейнічаў прафсаюз Салідарнасць, але з іншага боку, гэта час заняпаду эканомікі, беспрасветнасці, маразму і галечы. Шэра-бурыя гарады, шэра-бурыя людзі, дэфіцыт у крамах і брудныя вакзалы, якія засталіся ўжо ў гісторыі. Сённяшняя Польшча зусім іншая, людзі тут, асабліва маладое пакаленне, якое ўжо не памятае часоў камуністычнага ладу, нічым не адрозніваецца ад людзей у іншых краінах Еўропы. Канешне, і тут ёсць свае праблемы, дзе ж іх няма. Але дзякуючы дынамічнаму развіццю эканомікі, Польшча стала прывабным месцам для жыхароў іншых дзяржаў, у прыватнасці, тут пражываюць сотні тысяч (а неафіцыйна кажуць і пра мільён) грамадзян Украіны, дзясяткі тысяч беларусаў, а таксама шмат прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, якія ж пераважна здымаюцца з нажытага месца не ад добрага жыцця, а па неабходнасці.
У гэтай кампазіцыі даволі простыя словы і граматычныя канструкцыі, таму тут мала такіх выразаў ці словазлучэнняў, якія вельмі цікавыя з пункту гледжання граматыкі ці семантыкі. Але ёсць, напрыклад, выраз sypiam. Гэта дзеяслоў у форме незакончанага трывання. У беларускай мове няма аналага. На беларускую мову як слова śpię, так і sypiam тлумачыцца як я сплю, няма адрознення, ці я сплю ў дадзены момант, ці сплю рэгулярна. Думаю, прасцей гэта патлумачыць на прыкладах:
W soboty zawsze sypiam u babci – па суботах я заўсёды сплю ў бабулі.
Jutro śpię u babci – заўтра я сплю ў бабулі.
Tańczył z nią po dzień – танцаваў з ёй да дня. Гэты сказ выглядае так, быццам бы ў ім было нешта прапушчана, адно слова – po dziś dzień, магчыма рыфма таго патрабавала.
Póki my żyjemy – гэта фрагмент польскага гімна, у якім ёсць такая фраза – яшчэ Польшча не загінула, калі мы жывем (Jeszcze Polska nie zginęła, kiedy my żyjemy). Аднак часта людзі памыляюцца і кажуць: яшчэ Польшча не загінула, пакуль мы жывем (jeszcze Polska nie zginęła, póki my żyjemy).
нг