Беларуская Служба

Нацыянальны музей у Варшаве святкуе 160-годдзе (ФОТА)

20.05.2022 12:15
Кульмінацыйным момантам юбілею з’яўляецца 20 мая – дзень заснавання Нацыянальнага музея ў Варшаве.
Аўдыё
  • Нацыянальны музей у Варшаве святкуе 160-годдзе
Нацыянальны музей у Варшаве PAP/Leszek Szymański

У выхадныя Нацыянальны музей у Варшаве святкуе сваё 160-годдзе. З гэтай нагоды сталічная музейная ўстанова запрашае на шэраг мерапрыемстваў: ад магчымасці сфатаграфавацца ў таварыстве герояў мастацкіх твораў да ўнікальнай магчымасці сустрэцца з захавальнікамі музейнай калекцыі. Таксама наведвальнікаў чакаюць шматлікія юбілейныя адукацыйныя і культурныя праекты.

Нацыянальны музей у Варшаве/PAP/Leszek Szymański Нацыянальны музей у Варшаве/PAP/Leszek Szymański

160-годдзе – гэта дасканалая нагода шырока прадставіць калекцыі музея. Святкаванне юбілейнага года ўстанова пачала адкрыццём дзвюх часовых выставаў, якія прадстаўляюць два розныя абліччы калекцыі Музея нацыянальнага мастацтва і адначасова сімвалічна пераплятаюць традыцыі старых майстроў рамёстваў і сучасных мастакоў.

Выстава пад загалоўкам «Шагал» прэзентуе адны з найноўшых і найбольш каштоўных набыткаў Нацыянальнага музея ў Варшаве. Гэта найбуйнейшая ў Польшчы выстава творчасці Марка Шагала. Нацыянальны музей у Варшаве атрымаў калекцыю з чатырнаццаці твораў Марка Шагала ў выніку беспрэцэдэнтнай пакупкі. Работы паходзяць з калекцыі сям'і Шагалаў і былі набыты ў швейцарскім аўкцыённым доме Kornfeld. Яны створаны ў пасляваенным перыядзе творчасці мастака і адлюстроўваюць багацце ягонага майстэрства. Шагал выкарыстоўваў розныя мастацкія сродкі, спалучаў гуаш, тэмперу, аловак, аловак і каляровы туш. Дадатковай каштоўнасцю калекцыі з’яўляецца высокая якасць матэрыялаў і выдатны стан усіх твораў.

Нацыянальны музей у Варшаве/PAP/Leszek Szymański Нацыянальны музей у Варшаве/PAP/Leszek Szymański

У сваю чаргу выстава пад загалоўкам «Стан рэчаў» – гэта прэзентацыя гістарычных артэфактаў з усяго свету, якія знаходзяцца ў калекцыі музея. Экспазіцыя расказвае пра ўзаемапранікненне свету людзей і прадметаў. Яны прадстаўлены ў сістэме, якая адпавядае рытму дня і ночы – ад ранішняга туалета праз хатнюю руціну да гульні, адпачынку і сну. Гэта не толькі панарама забытых рэчаў і чалавечых звычак, але і шырокая прэзентацыя помнікаў з розных эпох, культур і куткоў свету, сабраных музеем за 160 гадоў яго існавання. На выставе прадстаўленыя больш за 200 самых цікавых і таямнічых прадметаў.
На лета запланавана выстава, прысвечаная Віткацаму, на якой будуць прадстаўлены творы мастака з калекцыі музея. Наведвальнікі будуць мець таксама ўнікальную магчымасць убачыць рэдка экспануемыя нумізматычныя прадметы з калекцыі Кабінета манет і медалёў Нацыянальнага музея ў Варшаве.
Плануецца таксама выстава «Сонцастаянне. Жывапіс Поўначы 1880–1910 гг»., арганізаваная сумесна з замежнымі музеямі.

Нацыянальны музей у Варшаве/ PAP/Leszek Szymański Нацыянальны музей у Варшаве/ PAP/Leszek Szymański

Юбілейныя выставачныя мерапрыемствы запланаваныя таксама ў філіялах Нацыянальнага музея ў Варшаве: Музеі скульптуры імя Ксаверыя Дунікоўскага ў Крулікарні, Музеі плаката ў Вілянаве, Музеі інтэрʼеру ў Отвацку Вялікім і ў Музеі ў Небарове і Аркадзіі.

Акрамя часовых выставаў Нацыянальны музей у Варшаве запрашае таксама на пастаянныя экспазіцыі, дзе прадстаўлены шырокі выбар з калекцый установы. Гэта Галерэя старажытнага мастацтва, Галерэя Фарас, Галерэя сярэднявечнага мастацтва, Галерэя старога мастацтва, Галерэя мастацтваў XIX стагоддзя і Польская галерэя дызайну.

Нацыянальны музей у Варшаве зʼяўляецца месцам унікальнай культурнай каштоўнасці ў Польшчы. За больш чым паўтара стагоддзя свайго існавання ўстанова сабрала больш за 830 тысяч польскіх і сусветных шэдэўраў. Гэта багатая калекцыя польскіх і замежных карцін, малюнкаў, графікі, скульптураў і мастацкага майстэрства; унікальная калекцыя сярэднявечнага сакральнага мастацтва, старажытныя калекцыі і помнікі з Нубійскага сабора Фарас, а таксама калекцыя манет і медалёў, мастацтва ўсходніх культур, фатаграфіі і дызайну.

Нацыянальны музей у Варшаве/PAP/Leszek Szymański Нацыянальны музей у Варшаве/PAP/Leszek Szymański

На працягу 160 гадоў калекцыя Нацыянальнага музея ў Варшаве сістэматычна папаўнялася новымі, старанна адабранымі творамі мастацтва. Сабраная калекцыя – сведак гісторыі музея, таму ў юбілейны год, музейная ўстанова «аддае ёй голас».

У 1862 годзе ў Варшаве – сталіцы Каралеўства Польскага, удалося ажыццявіць праект, які меў вялікае значэнне для польскай культуры, то бок удалося заснаваць Музей выяўленчага мастацтва. Мэтай дзейнасці як музея, так і Таварыства выяўленчага мастацтва, створанага двума гадамі раней, быў клопат пра мастацтва і мастакоў, а таксама збор, выстаўка і захоўванне твораў мастацтва. Хоць абедзве ўзаемадапаўняльныя ўстановы адрозніваліся характарам, то пасля шматлікіх паваротаў гісторыі, гэта менавіта іх зборы і дасягненні вызначылі сучасны выгляд Нацыянальнага музея ў Варшаве.

Нацыянальны музей у Варшаве/PAP/Leszek Szymański Нацыянальны музей у Варшаве/PAP/Leszek Szymański

Цяперашняя сядзіба музея, манументальны будынак па праекце Тадэвуша Талвіньскага на Еразалімскіх алеях, была адкрытая ў 1938 годзе. Варта нагадаць, што ў юбілейным 2022 годзе пачаўся чаканы працэс пашырэння музея. У непасрэднай блізкасці ад галоўнага будынку Нацыянальнага музея ў Варшаве, будзе пабудаваны новы павільён – Цэнтр кансервацыі і захавання.

Нацыянальны музей у Варшаве/PAP/Leszek Szymański Нацыянальны музей у Варшаве/PAP/Leszek Szymański

У выходныя Нацыянальны музей у Варшаве рыхтуе таксама атракцыёны для наймалодшых наведвальнікаў: анімацыі, экскурсіі па пастаянных галерэях і прагулкі па горадзе па слядах гісторыі Нацыянальнага музея ў Варшаве, музычныя атракцыёны для дзяцей і дарослых.

Асобныя мерапрыемствы будуць перакладацца на ўкраінскую мову і польскую мову жэстаў. Упрыгожаць юбілей два канцэрты. У суботу і нядзелю музей будзе працаваць з 10.00 да 18.00, уваход на ўсе мерапрыемствы бясплатны.

Нацыянальны музей у Варшаве/PAP/Leszek Szymański Нацыянальны музей у Варшаве/PAP/Leszek Szymański

Бясплатны ўваход датычыць таксама філіялаў Нацыянальнага музея ў Варшаве – Музея скульптуры імя Ксаверыя Дунікоўскага, дзе можна паглядзець новаадкрытую выставу «Цырк» з куратарскай экскурсіяй. Мецэнатам усіх выстаў і мерапрыемстваў, якія праходзяць у рамках юбілею Нацыянальнага музея ў Варшаве з’яўляецца Кампанія PGE.

аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу