Гэта імпрэза з вельмі багатай праграмай, якая ў значнай ступені прысвечана беларускай тэматыцы.
Праграма ахоплівае выставы, канцэрты, дыскусіі, сустрэчы з перакладчыкамі, мерапрыемствы для дзяцей і літаратурныя сустрэчы гасцей з 8 краін: Украіны, Беларусі, Літвы, Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Анголы і Афганістана.
Яшчэ да вайны фестываль планаваўся як дні салідарнасці Польшчы з беларусамі, які змагаюцца з рэжымам Лукашэнкі. Пасля пачатку вайны ва Украіне сітуацыя памянялася, тэма Беларусі сышла на далейшы план. Кажа адна з арганізатараў фестывалю, арттэрапеўтка Кася Іоффэ.
-Мы змянілі кантэкст і назвалі фестываль «Культура ў эміграцыі». У сувязі з падзеямі агульна ў свеце, у тым ліку захоп Афганістану талібамі, мы вырашылі запрасіць бежанцаў з розных краін. Большасць гасцей надалей будзе з Беларусі, але таксама будзе некалькі сем’яў з Украіны, мігранты з Афганістану. Будзе шмат беларускіх аўтараў, якія знайшлі прытулак у розных еўрапейскіх краінах. Гэта дзве артыстычныя выставы: Марыі Алены Банет і выстава «Сэрца за кратамі».
Кася Іоффэ лічыць, што беларусы могуць лёгка зразумець уцекачоў з Афганістану.
-У нас розныя нагоды, каб быць выгнанымі са сваёй зямлі, але вельмі падобныя метады другога боку. Калі талібы прыйшлі ў Кабул, гэтыя жанчыны перажылі тое ж самае, што і падчас пратэстаў. Іх і нас білі, саджалі ў турму.
Выступіць тэатр дзяцей уцекачоў «Дзеці суседзяў» з інтэрпрэтацыяй казкі пра Чыпаліна. Некалькі сустрэч будуць скіраваны да дзяцей «новых» бежанцаў.
Чакаецца багата музычных мерапрыемстваў. Фестываль «Культура ў эміграцыі» будзе доўжыцца два дні, трэці дзень – гэта мерапрыемствы ў рамках фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова».
-Наш фестываль агульначалавечы. На ім будуць прадстаўленыя ўсе віды мастацтваў не проста так. Мастацтва дапамагае нам перадаць тое, што немагчыма перадаць словамі ў размове, што хочацца данесці да іншых. Калі мы знаходзімся ў цяжкім псіхалагічным стане, мастацтва можа нам дапамагчы, даць сілу. Культура людзям у эміграцыі, якія страцілі свой дом і не ведаюць, калі яны туды вернуцца, дапамагае жыць.
Поўная размова з Касяй – у далучаным гукавым файле.
слухайце аўдыё