Надоечы ў Кракаве прайшоў V Сусветны кангрэс перакладчыкаў польскай літаратуры. Мерапрыемства, кожныя чатыры гады арганізоўвае Інстытут кнігі. На гэты раз кангрэс сабраў 500 удзельнікаў, у тым ліку 250 перакладчыкаў з больш чым 50 краін – у асноўным з Еўропы, але таксама з Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Азіі і Аўстраліі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел таксама беларусы.
Сусветны кангрэс перакладчыкаў – гэта кожны раз вялікае свята польскай літаратуры, а таксама ўшанаванне намаганняў людзей, якія займаюцца перакладам і прасоўваннем твораў польскіх пісьменнікаў за мяжой.
Адным з удзельнікаў мерапрыемства быў вядомы беларускі перакладчык Андрэй Хадановіч. Ён паясняе, чаму польская літаратура важная для беларусаў:
- Польская літаратура вельмі блізкая да беларускай у моўным аспекце. Бадай што кожны беларускі інтэлектуал можа чытаць польскую, як класіку, так і сучасную літаратуру без перакладчыка, часам падглядаючы ў слоўніку, калі нешта няяснае. Калі казаць пра XIX стагоддзе, то мы маем супольную класіку, якой нельга дзяліць, але трэба карыстацца супольна. Калі казаць пра сучасную літаратуру, Польшча – гэта краіна нобелістаў; краіна Мілаша і Шымборскай, а таксама Вольгі Такарчук. Таму, гэта для нас важная прыступка да сусветнай культуры; да навейшых тэндэнцый у думанні, у філасофіі.
Аднак на зацікаўленне польскай літаратурай у Беларусі паўплывалі таксама іншыя фактары, нагадвае Андрэй Хадановіч:
- Для шматлікіх беларускіх інтэлектуалаў Польшча – месца, дзе мы або вучыліся, або ез’дзілі на стажыроўкі, на канферэнцыі, на перакладчыцкія майстэрні, паэтычныя фестывалі. У нас з Польшчай з’вязаная вялікая колькасць сяброў, паплечнікаў, настаўнікаў. Польшча – гэта таксама краіна, у якую пасля паразы нашай рэвалюцыі з’ехалі сотні тысяч беларусаў. Гэта таксама краіна, дзе ў Варшаве, Кракаве, Гданьску, Вроцлаве можна пачуць беларускую мову. Польшча таксама разам з Літвой найбольш у Еўропе клапоціцца і падтрымлівае «святло ў вайне з цемрай». Палякам не трэба тлумачыць спецыфіку таго, што ў нас адбываецца.
Беларускі перакладчык раскрыў таксама свае перакладчыцкія плану на бліжэйшы час:
- Сёлета я спрабую перакладаць Адама Міцкевіча. Здавалася б, што яго творы здаўна ўсім вядомыя. Аднак ніколі Міцкевіч не быў настолькі актуальным, як цяпер – у 200-годдзе выдання «Баладаў і рамансаў». Досвед паразы нашага «паўстання», якое рыфмуецца праз стагоддзі з Лістападаўскім паўстаннем; досвед нашай масавай эміграцыі і масавага выгнання, якія рыфмуюцца з польскім выгнаннем і эміграцыяй. Досвед таго балючага адчування, што твая краіна перастала быць тваёй і ты можаш толькі з падполля, альбо з замежжа ўплываць на яе лёс. Таксама вера ў нешта цудоўнае, што здарыцца і нам дапаможа – усё гэта ёсць у тэкстах Міцкевіча. Таксама вера ў памяць, у місію паэта і творцы, які ўваскрашае і мяняе сумную рэчаіснасць у лепшае. Дадаткова, Міцкевіч геніяльны паэт і хацелася б, каб ягонае слова прагучала таксама па-беларуску.
Між тым, Андрэй Хадановіч з’вярнуў увагу на праблемы, звязаныя са складай сітуацыяй культуры ў Беларусі, якая ўплывае таксама на выдавецкую дзейнасць у краіне:
- Сёння беларускім уладам мала ваяваць з апазіцыяй. Сёння ідзе вайна на вынішчэнне з беларускай культурай. Беларускія аўтары пішуць за мяжой, а ў Беларусі іх кніжкі лічацца экстрэмісцкімі. Дастаткова нагадаць «Сабакі Еўропы» Альгерда Багарэвіча. Згаданую кнігу зараз небяспечна чытаць. Яе выдавец Андрэй Янушкевіч, які дарэчы выдаў яшчэ дзве іншыя экстрэмісцкія кнігі «1984» Джорджа Оруэла і «Восень патрыярха» Маркеса, зараз у турме. Яго пасадзілі за спробу адчыніць незалежную беларускую кнігарню. У адзін дзень да яго прыйшлі спачатку ідэолагі, а потым сілавікі, якія арыштавалі яго і ягоную супрацоўніцу Насту Карнацкую. Іх віна ў тым, што яны сумленна займаліся беларускай культурай. Гэта значыць, што беларуская культура будзе існаваць і ўзнікаць там, дзе зараз у свеце пражываюць беларусы – у Польшчы, у Літве, спадзяюся таксама ва Украіне. Зараз дзейнічае маладое выдавецтва «Вясна» у Празе. 500 гадоў таму наш першы друкар Францішак Скарына друкаваў першыя беларускія пераклады «Запавета» ў Празе. Зараз беларускія аўтары таксама выдаюцца ў Празе, а іх кнігі тымі ж самымі слядамі, што ў часах Міцкевіча, кантрабандай будуць трапляць у Беларусь.
А, якія мары ў Андрэя Хадановіча:
- Было б добра, калі б мне хапіла пораху, запалу, натхнення на згаданага Адама Міцкевіча. У нас з калегамі супольная мага – выдаць шматтомнік перакладаў Адама Міцкевіча. Мы гэта прыдумалі некалькі гадоў таму. Аднак з таго часу, чалавек, які меў быць рэдактарам і аўтарам прадмовы, то бок Аляксандар Фядута другі год фактычна сядзіць у турме. Выдавец – Адам Логвінаў быў вымушаны з’ехаць у Літву. Лёс Андрэя Янушкевіча я згадаў. Некалькіх найлепшых выдаўцоў пазбавілі выдавецкай ліцэнзіі. З другога боку, я ведаю, што некалькі энтузіястак, лепшых паэтак і перакладчыцаў працуе адначасова са мной. Адна – над новым перакладам «Гражыны». Другая над новым перакладам «Конрада Валенрода». Таму я спадзяюся, што мы «зробім» гэты шматтомнік Міцкевіча нягледзячы ні на што.
- нашым суразмоўцам быў беларускі паэт, перакладчык, гісторык літаратуры, былы старшыня Беларускага Пэн-клуба (2009-2013) Андрэй Хадановіч.
км/аз