Беларуская Служба

Замак у Ліве запрашае на Міжнародны рыцарскі турнір

29.07.2022 15:31
Ужо 19-ы раз лепшыя рыцары-рэканструктары будуць змагацца за званне «Ліўскаага фехтавальшчыкa»» і «Пярсцёнак княгіні Анны».
Аўдыё
  • Замак у Ліве запрашае на Міжнародны рыцарскі турнір
Замак у Ліве jarko7 /pixabay.com/CC0 Public Domain

13 жніўня ў Ліўскім замку ўжо 19-ы раз адбудзецца Міжнародны рыцарскі турнір, у якім за званне «Ліўскага фехтавальшчыка» спаборнічаюць лепшыя рыцары-рэканструктары не толькі з усяе Польшчы. Мерапрыемства суправаджаюць шматлікія атракцыёны – паказы пешых і конных баёў, конкурсы гістарычных касцюмаў, сярэднявечны кірмаш, майстар-класы па гістарычных рамёствах і паказ феерверкаў.

Міжнародны рыцарскі турнір – гэта найбуйнейшае мерапрыемства, якое адбываецца ў маляўнічым замку ў Ліве, а і сам замак, распаложаны непадалёк Вэнграва – гэта вельмі цікавае месца з багатай гісторыяй, пераконвае супрацоўнік замкавага музея Мікалай Каспровіч(Mikołaj Kasprowicz):

- Гісторыя замку ў Ліве сягае XV стагоддзя, калі мазавецкім князем быў Януш І Старэйшы, які пачаў будаўніцтва памежнай крэпасці. Тут варта дадаць, што замак быў пабудаваны на рацэ Лівец, якая вызначала мяжу паміж Мазовіяй і Падляшшам. Будаўніцтва крэпасці завяршыў унук Януша – Баляслаў ІV. Аднак варта ўспомніць таксама тры жанчыны, цясна звязаныя з гісторыяй замку. Гэта былі: Анна з Радзівілаў, ейная дачка Анна Мазавецкая і каралева Бона, якая валодала амаль усёй Мазовіяй, у тым ліку замкам у Ліве. Гісторыя замку ў Ліве – гэта ў асноўным гісторыя падляшска-мазавецкай мяжы, у прыватнасці таксама польска-літоўскай мяжы, паколькі Лівец вызначаў таксама мяжу паміж Каронай і Вялікім Княствам Літоўскім. Ліўскі замак быў двойчы знішчаны шведамі. З гэтых часоў засталася толькі вежа і фрагмент муроў, якімі можна палюбавацца па сённяшні дзень.

Замак у Ліве быў крэпасцю, таму ён ніколі не быў буйным аб'ектам, расказвае экскурсавод:

- Замак у Ліве не быў буйным аб’ектам, перш за ўсё таму, што ён меў выконваць функцыю крэпасці. Тут павінны былі дыслакавацца войны для абароны мяжы. Гэта не мела быць сядзіба князя. Іншая справа, што аб’ект быў пабудаваны на балотах. На абалоне ракі Лівец была пабудаваная штучная выспа і толькі на ёй замак. Замак быў адносна невялікі – 33 на 32 метры. Да нашых часоў захавалася 20-30 працэнтаў яго першапачатковай паверхні. Тое, як ён выглядаў мы ведаем з малюнкаў і гістарычных дакументаў. У прыватнасці, гэта была вежа, Большы дом і Меншы дом; усё акружанае мурам. Таксама з дакументаў мы ведаем, што перад замкам знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы. Апошнім часам удалося рэканструяваць мост і адзін з больш за дзесяці будынкаў, якія тут калісьці знаходзіліся. Дзякуючы гэтаму, зараз у замак можна ўвайсці з пераду, што яшчэ нядаўна не было магчымае, паколькі брамная вежа падчас будаўніцтва сядзібы напрыканцы XVIII стагоддзя была замураваная.

На руінах, разбуранага шведамі замку ліўскі і драгічынскі стараста Тадэвуш Грабянка пабудаваў сядзібу. На жаль і гэты будынак быў знішчаны, на гэты раз у выніку пажару, які ўспыхнуў тут у першай палове XIX стагоддзя.

Аб’ект быў рэканструяваны пасля Другой сусветнай вайны, а руіны былога замку забяспечаныя. З 1963 года ў замку і рэканструяванай рэзідэнцыі старасты размяшчаецца музей і зброевы склад, кажа Мікалай Каспровіч:

- Падстава нашай музейнай экспазіцыі – гэта зброя. Экспанаты – гэта прыклады зброі, практычна, ад антычнасці па Другую сусветную вайну. Тут багаты збор халоднай зброі і агнястрэльнай зброі з XIX стагоддзя. Нагадваю, менавіта ў XІX стагоддзі агнястрэльная зброя пачала замяняць халодную зброю. Нашая экспазіцыя паказвае чарговыя этапы згаданага працэсу і тэхнічныя рашэнні, якія павінны былі зрабіць гэтую зброю больш эфектыўнай.

Аднак зброя, гэта не адзіная, варта ўвагу частка музейнай экспазіцыі ў Ліве:

- Варта ўспомніць пра каштоўныя карціны ў нашай калекцыі. Яны паказваюць розныя баявыя сцэны. Адным з найбольш каштоўных твораў з’яўляецца выдатная карціна 1912 года мастака мюнхенскай школы Тадэвуша Айдукевіча, якая паказвае паляванне з хартамі. Музей ганарыцца адным з нямногіх захаваных фрагментаў знакамітай панарамы «Бярэзіна», аўтарства Войцеха Косака і Юльяна Фалата з 1894-1896 гадоў.

Паводле экскурсавода, нязменна найбольшае ўражанне на турыстах робіць некалькі экспанатаў:

- Калі гаворка ідзе пра экспанаты, якія на турыстах робяць найбольшае ўражанне, то гэта копія з XІX стагоддзя рэнесанснага даспеха, якая знаходзіцца ля ўвахода на галоўную экспазіцыю, а таксама калекцыя халоднай зброі з XVIII i XIX стагоддзяў. Нязменным зацікаўленнем карыстаецца таксама апошняя зала экспазіцыі, прысвечаная Другой сусветнай вайне. Тут знаходзіцца багатая калекцыя штыкоў да карабінаў часоў Першай і Другой сусветных войнаў.

Музей у Ліве ладзіць таксама часовыя выставы, арганізоўвае розныя культурніцкія і адукацыйныя мерапрыемствы, нагадвае Мікалай Каспровіч:

- Нашым найбуйнейшым мерапрыемствам з’яўляецца Міжнародны рыцарскі турнір. Сёлета мы арганізоўваем яго ўжо 19-ы раз. Рэканстрыкцыйныя групы змагаюцца за тытул «Ліўскага фехтавальшчыка » і галоўную ўзнагароду – «Пярсцёнак княгіні Анны». Мерапрыемства адбудзецца 13 жніўня. Змаганне войнаў-рэканструктараў пройдзе ў розных катэгорыях. Увечары адбудуцца таксама іншыя прываблівасці, напрыклад, спектакль «Тэатр агню» ці баявыя паказы лепшых рыцараў. На замку адбываюцца таксама іншыя цыклічныя імпрэзы, у тым ліку, адукацыйны Фестываль «Humanitas». Мерапрыемства было адрасаванае школам. Мы запрашалі розных рамеснікаў, навукоўцаў і мастакоў. Яны расказвалі дзецям і моладзі пра сваю прафесію, праводзілі кароткія майстэрні. Надоечы ў замку адбыўся таксама Фестываль «У замкавай кухні». Лейтматывам сёлетняга мерапрыемства была ўкраінская кухня.

Экскурсавод Мікалай Каспровіч таксама нагадвае, што зараз у Музеі ў замку ў Ліве можна паглядзець вельмі цікавую выставу, прысвечаную Анне з Радзівілаў. Сёлета адзначаем 500-годдзе з дня яе смерці. Калі Анна ўладала Мазавецкім княствам, то выбрала замак у Ліве на сваю сядзібу, дарэчы тут і памерла.

Музей у Ліве можна наведваць індывідуальна. Галоўная экспазіцыя прыстасаваная да гэткага рэжыму наведвання. Экспанаты дастаткова дэталёва апісаныя. Групы могуць наведваць музей з гідам, які не толькі расказвае пра экспазіцыю і гісторыю замку, але таксама знаёміць турыстаў з рознымі цікавінкамі ці легендамі звязанымі з гэтым месцам.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу