Беларуская Служба

Аўгустаў – сталіца воднага спорту на Падляшшы (ФОТА)

26.08.2022 13:01
Сімвалам горада з’яўляецца Аўгустоўскім каналам – гістарычны помнік з ХІХ стагоддзя.
Аўдыё
  • Аўгустаў – сталіца воднага спорту на Падляшшы
АўгустаўAnna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сёння я запрашаю ў Аўгустаў – горад на паўночным усходзе Польшчы, акружаны азёрамі і лясамі Аўгустоўскай пушчы. Аўгустаў з'яўляецца парусным і курортным цэнтрам, ён таксама цэніцца сваімі прыроднымі каштоўнасцямі – знаходзіцца ў рэгіёне гэтак званых зялёных лёгкіх Польшчы.

Узнікненне горада датуецца канцом XV стагоддзя і яно звязанае з пэўнай гісторыяй кахання. Менавіта ў паселішчы на Неце адбылася першая сустрэча самога караля Жыгімонта Аўгуста з Барбарай Радзівілаўнай. У памяць аб гэтай падзеі кароль вырашыў заснаваць у гэтым месцы горад.

Помнік заснавальніку горада Жыгімонту Аўгусту/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Помнік заснавальніку горада Жыгімонту Аўгусту/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Аўгустаў распаложаны на Сувальшчыне, на рацэ Нета. Ён акружаны сямю азёрамі, а побач працякае самая кароткая польская рака – Клёнаўніца. Аўгустаў таксама зʼяўляецца выдатнай адпраўной базай. У некалькіх кіламетрах ад яго знаходзіцца Нацыянальны вігерскі парк, Даліна Распуды, у больш за 20 кіламетрах – Нацыянальны бябжанскі парк і шматлікія іншыя запаведнікі. На адлегласці 33 кіламетраў знаходзяцца Сувалкі – горад вядомы, як польскі полюс холаду, а крыху далей (45 кіламетраў) – Элк.

Аўгустаў/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Аўгустаў/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сувальшчына – рэгіён з самым суровым кліматам у Польшчы, таму ў Аўгуставе зімы працяглыя. На мясцовы клімат уплываюць навакольныя азёры і лясы. У рэгіёне Аўгустава дажджы часцей за ўсё ідуць у чэрвені і ліпені.

Аўгустаў/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Аўгустаў/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Аўгустаў – гэта таксама горад са статусам курорта – вядомы аздараўленчым торфам. У сваю чаргу навакольныя хвойныя лясы аказваюць станоўчы ўплыў на сістэму кровазвароту і дыхання.

Аўгустоўскі канал. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Аўгустоўскі канал. Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Адной з галоўных славутасцей Аўгустава зʼяўляецца парусны спорт і іншыя водныя віды спорту. Аднак палякі асацыююць Аўгустаў, перш за ўсё, з Аўгустоўскім каналам – помнікам ХІХ стагоддзя. Канал з’яўляецца часткай некалькіх турыстычных маршрутаў; праходзіць праз некалькі азёр, часткова з польскага боку мяжы, а часткова з беларускага. Гэты водны шлях, даўжынёй больш за 100 кіламетраў, злучае Нёман з Балтыйскім морам і зараз выкарыстоўваецца ў турыстычных мэтах. Гэта адна з найвялікшых славутасцей Аўгустава і ўсяго рэгіёна. На борце суднаў можна адправіцца ў падарожжа па канале і яго шлюзах.

Аўгустоўскі краязнаўчы музей/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Аўгустоўскі краязнаўчы музей/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У Аўгуставе варта наведаць Аўгустоўскі краязнаўчы музей, які прадстаўляе культуру і гісторыю горада і рэгіёна, а таксама Музей гісторыі Аўгустоўскага канала, размешчаны побач з сядзібай Воднага ўпраўлення.

Pынкавая плошча імя Жыгімонта Аўгуста/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Pынкавая плошча імя Жыгімонта Аўгуста/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Асаблівай увагі заслугоўвае рынкавая плошча імя Жыгімонта Аўгуста, дзе знаходзяцца гістарычныя камяніцы, парк, фантан і помнік заснавальніку горада.

Pынкавая плошча імя Жыгімонта Аўгуста/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Pынкавая плошча імя Жыгімонта Аўгуста/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Непадалёк рынкавай плошчы знаходзіцца славуты рэстаран «Альбатрос», дзе нібыта працавала дзяўчына – гераіня вядомай песні Януша Ляскоўскага. Хто не чуў пра Беату з Альбатроса.

Pэстаран «Альбатрос»/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Pэстаран «Альбатрос»/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Аднак зараз большай папулярнасцю, чым сам рэстаран, карыстаецца, змешчаная перад ім лаўка-помнік Беаце, з якой усе хочуць сфатаграфавацца.

Помнік Беаце з «Альбатросa»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Помнік Беаце з «Альбатросa»/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Адной з славутасцей Аўгустава зʼяўляюцца мясцовыя бульвары. Маляўнічая дарожка вядзе спачатку ўздоўж ракі Нета, а потым уздоўж возера Нецка. Варта дадаць, што ў Аўгуставе свой пірс мае Трэцяя праграма грамадскага Польскага радыё. Прычал, пабудаваны ў 2007 годзе, зʼяўляецца другім па велічыні пірсам у Польшчы. Ён цягнецца ўздоўж берага на 147 метраў і выдзяляе чатыры зоны для плавання.

Пірс Трэцяй праграмы грамадскага Польскага радыё ў Аўгуставе/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Пірс Трэцяй праграмы грамадскага Польскага радыё ў Аўгуставе/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У Аўгуставе адбываюцца таксама шматлікія цыклічныя мерапрыемствы. Напрыклад, у канцы ліпеня штогадовы Чэмпіянат Польшчы па плаванні на абы-чым, Міжнародны фестываль традыцыйнага джаза, AugustOFF Live Festiwal – незалежны музычны фестываль, які праводзіцца ў жніўні.

Аўгустаў/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Аўгустаў/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Блізкасць ажно сямі азёр уплывае на тое, што Аўгустаў – гэта бясспрэчная база для аматараў водных відаў спорту. Аўгустаў, як і належыць турыстычнаму цэнтру, можа пахваліцца багатай начлежнай базай. Тут вы знойдзеце гатэлі, гасцявыя дамы, пансіянаты і агратурыстычнае жыллё, а таксама шматлікія кемпінгі.

Аўгустаў/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Аўгустаў/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У 2014 годзе Аўгустаў атрымаў тытул «Найпрыемнейшы горад у Польшчы» ў 2-м выпуску праекта «Мілька. Абярэм найпрыемнейшы горад у Польшчы».

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Музей гісторыі Аўгустоўскага канала (ФОТА)

20.08.2022 10:30
Ва ўстанове прадстаўлены экспанаты, звязаныя з будаўніцтвам і выкарыстаннем унікальнага воднага шляху.