Для многіх беларусаў Польшча — родная краіна, бо ў многіх беларусаў польскія карані, а ў сем'ях захоўваецца памяць аб жыцці ў даваеннай Польшчы, якая ўключала частку сучаснай Беларусі. Сяргей Карбановіч нарадзіўся ў Мінску. А яго продкі — з Вілейскага раёна. У 1920-1930-я гг. гэта была тэрыторыя Польшчы. І з таго часу там шмат што яшчэ пра гэта сведчыць. Таму Сяргей невыпадкова з цягам часу зацікавіўся польскай мовай і культурай.
Цяпер беларус жыве ў Варшаве. У сталіцу Польшчы пераехаў сёлета. Але тут ён не ўпершыню. Былі і раней прыезды, пасля якіх Сяргей Карбановіч, аднак, вяртаўся на бацькаўшчыну.
Сяргей Карбановіч: — У маёй свядомасці засталіся ўспаміны пра маю вёску Ілія пад Вілейкай, пра суседнія — Стайкі, Бадыкі. Усё гэта Вілейшчына, якая з'яўляецца часткай Віленскага краю. Тут раскіданы шматлікія касцёлы, магілы паўстанцаў 1830-1931 і 1863-1864 гг.
У 1990-я гады тут я яшчэ чуў беларускую і польскую мовы — ад тых людзей, якія там жылі. Я яшчэ паспеў ухапіць рэшткі чагосьці польска-заходнебеларускага.
І вось, на працягу жыцця ў вёсцы пад Вілейкай з маёй бабуляй Гэляй, праз зносіны са старым пакаленнем жыхароў — сёстрамі бабулі, суседзямі ў мяне развіўся сентымент да мінулага гэтых мясцін.
Сяргей Карбановіч падкрэслівае менавіта ролю бабулі ў фарміраванні сваіх сімпатый да польска-заходнебеларускіх традыцый.
Сяргей Карбановіч: — Мая бабуля Гэля была носьбітам нейкай асаблівай мясцовай, вілейскай ментальнасці. Яна прыгадвала, як жылося пры Польшчы. Яна ўмела чытаць, ведала лацінскія літары. Таму ў наш час яна лёгка чытала рэкламу сучасных тавараў на англійскай мове. Яна ведала польскія словы. Усе гэтыя веды былі з польскіх часоў.
Для мяне гэта было першым кантактам з нечым незвычайным, што адрознівалася ад савецкай і постсавецкай «стандартнай» рэальнасці.
Захапленне гэтай спадчынай для мяне стала ў свой час свайго роду ўцёкамі ў іншую рэальнасць.
Сяргей Карбановіч успамінае, што ўпершыню ў сучасную Польшчу трапіў у 17-гадовым узросце, разам з іншымі беларусамі, якія цікавіліся рэканструкцыяй сярэдневяковых рыцарскіх традыцый.
Сяргей Карбановіч: — Мы паехалі ў Варшаву, Кракаў, затым наведалі з рыцарскім клубам Арыны Вячоркі “Вялікае княства” рыцарскі фестываль. Гэта было цудоўнае відовішча.
Ізноў я трапіў у Польшчу пасля ўдзелу ў «Плошчы» (акцыя пратэсту ў 2010 г. на Кастрычніцкай пл. у Мінску супраць фальсіфікацыі рэжымам Лукашэнкі выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. — Рэд.). Гэты перыяд быў яшчэ больш насычаны, інтэнсіўны і пакінуў важны след у маім жыцці.
Зрэшты, Сяргей Карбановіч зноў вярнуўся ў Беларусь. Аднак і Польшча яго не адпускала.
Сяргей Карбановіч: — Я трапіў на рок-фестываль Przystanek Woodstock (цяпер вядомы як Pol'and'Rock Festival. — Рэд.). Гэта было самае значнае мерапрыемства пад адкрытым небам у Польшчы. Тут я пачаў супрацоўнічаць з фондам Viva Kultura, які арганізаваў там фестываль культуры Індыі. Я працаваў валанцёрам гэтага фонду, а ў выніку нашага супрацоўніцтва фонд дапамог мне застацца на некаторы час у Польшчы.
Я жыў у Варшаве, у інтэрнаце пры фондзе. Мы займаліся рознымі гуманітарнымі праектамі: кармілі маючых патрэбу, студэнтаў, прыязджалі да іх з культурнымі праграмамі.
У гэты час у Сяргея ўзнікла цяга да культуры Індыі. І ён з Польшчы — праз Беларусь і Маскву — двойчы лятаў у Індыю, каб пазнаць гэту без перабольшання самабытную краіну. Па дарозе наведаў і Непал. Але зноў вярнуўся ў родны кут — Беларусь. А адсюль ужо было рукой падаць да Польшчы.
Сяргей Карбановіч: — Што да Польшчы, то яна ў маё жыццё прыходзіла хвалямі… Спачатку, у студэнцкія гады, яна мяне цікавіла з гістарычнага пункту гледжання, я прыязджаў на рыцарскія фестывалі, экскурсіі.
Потым была палітычная хваля, калі ў мяне з'явілася магчымасць працягнуць атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Польшчы (пасля рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі і выключэння з Белдзяржуніверсітэта. — Рэд.).
Затым я стаў урастаць у польскае грамадства. Пачалося супрацоўніцтва з рознымі фондамі, у т.л. якія падтрымліваюць Беларусь.
І вось цяпер я на трэцяй хвалі польскага жыцця. Зноў супрацоўнічаю з фондам Viva Kultura і іншымі людзьмі, арганізацыямі. Я спрабую спалучаць розныя веды і навыкі, набытыя на працягу жыцця, каб дзяліцца імі з іншымі людзьмі.
Польшча для мяне гэта цудоўная краіна з цудоўнымі людзьмі. Вядома, тут, як і ўсюды, ёсць свае асаблівасці, не ўсё адназначна… Але ўсё пазнаецца ў параўнанні. І асабіста мне ў Польшчы падабаецца. Гэта цудоўная краіна і з пункту гледжання ўмоў пражывання, і па эстэтычных крытэрыях.
Тут няма засілля нечага постсавецкага. І мне, як чалавеку, які мае сентымент да еўрапейскай культуры, культуры былой Рэчы Паспалітай і даваеннай Рэспублікі Польшча, польская культура бліжэй.
Я не знаёмы з культурай Сібіры, Алтая ці Падмаскоўя. Дапускаю, што там таксама жывуць цудоўныя людзі з цікавай культурай. Але я там не бываў. Так склалася, што я ўсё жыцьцё падарожнічаў пераважна ў Польшчу. І я цяпер тут. Я ведаю польскую мову. І мне тут лёгка дыхаць.
Віктар Корбут