Беларуская Служба

Завяршыўся рамонт сядзібы Пясніцкага музея (ФОТА)

16.12.2022 10:01
Установа ўшаноўвае памяць ахвяр злачынства ў Пясніцы, якое называюць таксама «Паморскай Катынню» або «Кашубскай Галгофай».
Аўдыё
  • Завяршыўся рамонт сядзібы Пясніцкага музея
Завяршыўся рамонт сядзібы Пясніцкага музея PAP/Adam Warżawa

Надоечы з удзелам міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Пятра Гліньскага адбылася цырымонія завяршэння генеральнага рамонту новай сядзібы Пясніцкага музея ў Вейгерове (Wejherowo). Набытая ў 2015 годзе для патрэб музейнай установы Villa Musica (Віла Музыка) будзе адкрыта для наведвальнікаў у жніўні 2023 года. Тады павінна быць гатовая пастаянная экспазіцыя.

Пясніца (Piaśnica) – гэта невялікая кашубская вёска ля Вейгерова ў Паморскім ваяводстве.
Пясніцкі музей у Вейгерове быў заснаваны 16 снежня 2015 года і з’яўляецца філіялам Музея Штутгоф у Штутаве на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Установа рэалізуе гістарычную палітыку ў галіне годнага ўшанавання памяці ахвяр нямецкіх злачынстваў у Пясніцы і ў Пясніцкім лесе. Збірае экспанаты, датычныя пакутніцтва польскага народа і іншых народаў на Кашубах і Гданьскім Памор'і ў 1939-1945 гадах.

Villa Musica невыпадкова была абраная новай сядзібай Пясніцкага музея. У 1926 годзе яе пабудаваў лекар Францішак Панэк (Franciszek Panek) – першым старшыня гарадской рады ў Вейгерове пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы.

Архітэктура будынку навязвае да «Мілюсіна» – сядзібы Юзэфа Пілсудскага ў гарадку Сулеювэк(Sulejówek). У даваенным перыядзе віла служыла гарадскім культурным цэнтрам. Пасля пачатку Другой сусветнай вайны, у 1939 годзе, будынак занялі немцы і стварылі там мясцовую штаб-кватэру гестапа, з якой кіравалі акцыямі, накіраванымі супраць польскага насельніцтва.

У пясніцкіх лясах былі забітыя тысячы людзей, у тым ліку дочкі доктара Францішка Панэка – настаўніцы Казіміра і Станіслава. Скрадзеныя забітым рэчы і адзенне немцы захоўвалі ў падвалах вілы і ў агародзе. Паводле гісторыкаў, масавыя расстрэлы ў Пясніцы пачаліся ў канцы кастрычніка 1939 года і працягваліся да пачатку красавіка 1940 года.

Сярод ахвяр былі шматлікія прадстаўнікі польскай інтэлігенцыі з Гданьскага Паморʼя, а таксама прывезеныя з Трэцяга Рэйху асобы польскай, чэшскай і нямецкай нацыянальнасцяў.
Пясніца – найбуйнейшае пасля Канцлагера Штутгоф месца расстрэлу польскага насельніцтва ў Памераніі падчас Другой сусветнай вайны. Часам яе называюць «Паморскай Катынню» або «Кашубскай Галгофай».

Да 2019 года даследчыкам Інстытута нацыянальнай памяці ўдалося вызначыць прозвішчы 2,5 тысяч ахвяр злачынства ў лясах Пясніцы, у тым ліку каля 1 300 палякаў і каля 1 200 пацыентаў нямецкіх псіхіятрычных устаноў.

Завяршыўся рамонт сядзібы Пясніцкага музея/PAP/Adam Warżawa Завяршыўся рамонт сядзібы Пясніцкага музея/PAP/Adam Warżawa


Зараз закончыўся 7-гадовы, капітальны рамонт сядзібы Пясніцкага музея, што дазволіць установе разгортваць музейную дзейнасць. Дарэчы, дзейнасць музея таксама будзе адносіцца да ролі культурнага салона, які Villa Musica выконвала да Другой сусветнай вайны.
Рамонт вілы быў буйным праектам, нагадаў у размове з Радыё Гданьск міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі(Piotr Gliński):

- Трэба было пабудаваць новыя памяшканні пад зямлёй і за вілай. Гэта трэба было зрабіць так, каб не парушаць прасторы, у адпаведнасці з рэкамендацыямі кансерватараў. У архітэктурным плане будынак вельмі ўдалы. Парк быў прыгожа ўпарадкаваны. У ім знаходзіцца помнік і памятныя знакі. Самае важнае, што мы нарэшце маем Пясніцкі музей у Вейгераве, у месцы, у якім ён павінен быць, то бок там, дзе ўсё гэта адбывалася.

Паводле міністра культуры, пасланне ахвяраў Пясніцы актуальнае, таксама перад абліччам жорсткай расійскай агрэсіі ва Украіне.

«Маючы на ўвазе нашыя нацыянальныя абавязкі ў галіне гістарычнай палітыкі, здзіўляе факт, што толькі сёння, праз 33 гады пасля прарыву 1989 года, то бок толькі ў 33 годзе свабоднай Польшчы, мы пабудавалі музей, які ўшаноўвае памяць ахвяраў Пясніцы, але таксама нагадвае пра злачынства і яго здзяйсняльнікаў, бо гэтага патрабуе гісторыя. Заўсёды трэба казаць пра ахвяраў у кантэксце злачынцаў. Гістарычная праўда – аснова ўсяго грамадскага ладу, міжнароднага парадку», – дадаў віцэ-прэм’ер.

Завяршыўся рамонт сядзібы Пясніцкага музея/PAP/Adam Warżawa Завяршыўся рамонт сядзібы Пясніцкага музея/PAP/Adam Warżawa

Палітык нагадаў, што нямецкае злачынства ў Пясніцы сімвалізуе знішчэнне польскай інтэлігенцыі падчас Другой сусветнай вайны. Па гэтай справе шмат чаго патрабуе даследавання і ўшанавання. Нягледзячы на тое, што з дня заканчэння вайны мінула 77 гадоў, дагэтуль невядомая колькасць ахвяраў нямецкага злачынства ў Пясніцы, Лодзі, Быдгашчы і многіх іншых месцах, дзе немцы яшчэ ў 1939 годзе распачалі злачынства генацыду супраць польскіх элітаў :

- Немцы пачалі свае злачынствы з верасня 1939 года. Злачынства ў Быдгашчы, злачынствы ў Памераніі – у 400 месцах, гэта агулам 30 тысяч чалавек. Гэта былі дзеянні накіраваныя на знішчэнне польскіх элітаў паводле спісаў, падрыхтаваных нямецімі суседзямі, якія жылі ў Польшчы да вайны. Жудасныя злачынствы былі часткай плану вынішчэння польскай нацыі. Варта нагадаць, што да гэтай пары нямецкая дзяржава не кампенсавала семʼям ахвяр і польскай дзяржаве маральных і матэрыяльных стратаў, звязаных з гэтым і іншымі злачынствамі.

- нагадаў міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі.

Паводле кіраўніцтва Пясніцкага музея, пастаянная экспазіцыя павінна быць адкрытая ў жніўні 2023 года. Яна будзе налічваць каля 300 экспанатаў, звязаных з масавым забойствам у Пясніцы.
Пясніцкі музей павінен стаць месцам, дзе «польская моладзь зможа фарміраваць сваю ідэнтычнасць і бачанне сучаснага свету«.

IAR/radiogdansk.pl/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

У Варшаве можна паглядзець выставу пра трагічны лёс першага прэзідэнта даваеннай Польшчы

09.12.2022 13:31
Экспазіцыя была наладжана ў рамках адзначэння стагоддзя прэзідэнцкай прысягі і трагічнай смерці Габрыеля Нарутовіча.