Сёння я запрашаю пазнаёміцца з гістарычным будынкам Вялікага тэатра ў Варшаве, які сёлета святкуе сваё 200-годдзе. Краевугольны камень пад будаўніцтва аб’екта быў закладзены ў 1823 годзе. Раней, то бок да 1820-х гадоў, на гэтым месцы размяшчаўся гандлёва-пасуговы цэнтр «Марывіль». У 1825–1833 гадах на месцы разбуранага цэнтра быў узведзены манументальны будынак тэатра ў стылі класіцызму па праекце Антоніа Карацы (Antonio Corazzi) і па ўзоры тэатра С. Карла Нікаліні ў Неапалі.
Варта дадаць, што Антоніа Карацы спраектаваў таксама некалькі іншых вядомых будынкаў у польскай сталіцы, у тым ліку : Палац урадавай камісіі і казначэйства, дзе цяпер размяшчаецца сядзіба прэзідэнта горада, Палац Мастоўскіх з цяперашняй сядзібай Галоўнай камендатуры паліцыі і будынак Біржы і Банка Польскага на Банкаўскай плошчы.
Вялікі тэатр на старадаўняй гравюры, 1839 год/Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=35065376
Тагачасны будынак Нацыянальнага тэатра(так ён тады называўся) складаўся з асноўнага корпуса з тэатральнай залай і двух бакавых флігеляў. Пасля паўстання 1830 года першапачатковы праект Антоніа Карацы быў зменены больш сціплым, а сам тэатр перайменаваны на Вялікі тэатр.
Першы спектакль у новаадкрытым тэатры адбыўся 24 лютага 1833 года. Гэта была опера «Севільскі цырульнік» Джаакіна Расіні і балет «Танцавальная вечарына» Караля Курпіньскага.
Неўзабаве Марывільскую плошчу, на якой знаходзіўся будынак тэатра, перайменавалі на Тэатральную. Згаданая назва дзейнічае па сённяшні час.
У 1862 годзе перад Вялікім тэатрам Людвік Ярашыньскі здзейсніў няўдалы замах на новага губернатара Царства Польскага вялікага князя Канстанціна.
Пасля пажару, які ўспыхнуў у 1883 годзе было прынятае рашэнне перабудаваць аб’ект. Драўляная канструкцыя была заменена сталёвай. Таксама былі ўнесеныя шэраг паляпшэнняў.
Вялікі тэатр каля 1900 г./Domena publiczna
У другой палове XIX стагоддзя перад будынкам былі выдзеленыя два скверы і пасаджаныя дрэвы. У сваю чаргу ў верасні 1936 года перад правым флігерам Вялікага тэатра быў адкрыты помнік Войцеху Багуслаўскаму – польскаму рэжысёру, драматургу, педагогу і аднаму са стваральнікаў польскага прафесійнага тэатра.
У верасні 1939 года немцы разбамбілі тэатральны комплекс. Былі знішчаныя фасад з боку Тэатральнай плошчы і вуліцы Вержбовай, левы флігель і некалькі гаспадарчых будынкаў. Нягледзячы на складаную ваенную сітуацыю, амаль неадкладна, бо ўжо ў кастрычніку таго ж года, пачаліся работы па забеспячэнні руін: быў наладжаны часовы дах, замураваныя вокны, паднесеныя калоны.
Падчас Варшаўскага паўстання комплекс Вялікага тэатра стаў сцэнай баёў і драматычных падзеяў. На руінах тэатральнай установы свае пазіцыі замацавалі немцы. Захаваныя часткі будынка пацярпелі падчас баёў. 6 і 8 жніўня 1944 года ў руінах Вялікага тэатра былі забіта каля 350 польскіх мірных жыхароў. У рамах помсты за Варшаўскае паўстанне немцы амаль да канца 1944 года паслядоўна знішчалі горад, у тым ліку Тэатральную плошчу з ейнай забудовай. На шчасце акупанты не паспелі ўзарваць каланаду тэатра.
Вялікі тэатр 1945 г./ Autorstwa nieznany/unknown - Karol Małcużyński, Szkice warszawskie, Książka i Wiedza, Warszawa 1955, photo between pages 192 and 193, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=88087872
У выніку ваенных знішчэнняў тэатральны комплекс быў разбураны прыкладна ў 75 працэнтах. Захаваліся ўсходняя частка фасада і калонны парадны фасад. Пасля вызвалення руіны тэатра былі забяспечаныя, а ў 1947–1949 гадах быў адбудаваны паўднёвы флігель. У гэтым часе калектыў тэатра працаваў на іншых сцэнах.
З 1950 года комплексам пачало адміністраваць адмысловае дзяржаўнае прадпрыемства пад назвай Вялікі тэатр оперы і балета ў Варшаве.
Першыя работы па рэканструкцыі Вялікага тэатра пачаліся ў 1953 годзе. Фасады з боку Тэатральнай плошчы і вуліцы Вежбовай былі пакінуты без зменаў, у той час як фасад з боку плошчы Юзэфа Пілсудскага быў адбудаваны паводле зусім новага праекта падобным чынам, як інтэр'ер тэатра, у тым ліку новая сцэна, якая ў гэты час лічылася адной з самых сучасных у Еўропе.
19 лістапада 1965 года адбылося ўрачыстае пераадкрыццё тэатральнага комплекса, а таксама пераадкрыццё помніка Войцеху Багуслаўскаму, які быў разбураны немцамі ў 1944 годзе і помніка Станіславу Манюшку.
Здавалася б, што гэта канец трагічнага перыяду ў гісторыі Вялікага тэатра. Між тым, 9 сакавіка 1985 года ў будынку ўспыхнуў пажар, які ў значнай ступені знішчыў частку будынка, якую займаў тэатр.
Важным момантам у гісторыі Вялікага тэатра быў 2002 год, калі тымпан, то бок поле франтона з боку Тэатральнай плошчы папоўніўся квадрыгай – скульптурай Апалона, апекуна мастацтваў, які кіруе чатырохконнай калясніцай. Такім чынам фасад атрымаў свой першапачатковы выгляд, прыдуманы Антоніа Карацы яшчэ ў 1825 годзе.
Тэатральная плошча/ Autorstwa Adrian Grycuk - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=89246837
Вялікі тэатр на Тэатральнай плошчы ўжо амаль 200 гадоў з’яўляецца прадстаўнічай сцэнай польскай сталіцы. Зараз тут дзейнічаюць Нацыянальная опера, Польскі нацыянальны балет, Оперная галерэя, якая прэзентуе творы класікаў польскага авангарду.
У сваю чаргу Тэатральны музей – арганізоўвае выставы і прапануе багатыя калекцыі: экспанаты (творы мастацтва) і тэатральную дакументацыю. Усяго яны налічваюць каля 200 тысяч абʼектаў.
У Вялікім тэатры праводзяцца оперныя і балетныя спектаклі, канцэрты, выставы, майстар-класы для артыстаў і адукацыйныя заняткі для дзяцей. Таксама арганізоўваюцца спецыяльныя мерапрыемствы, такія як урачыстыя прэмʼеры фільмаў, канферэнцыі і гала-канцэрты.
Анна Задрожна