Яшчэ толькі да 25 чэрвеня ў варшаўскай галерэі «Кардэдарда» можна пабачыць карціны Ежы Навасельскага – выбітнага польскага жывапісца, рысавальшчыка, сцэнографа, філосафа і аднаго з найвыдатнейшых сучасных іканапісцаў.
Выстава «Ежы Навасельскі. Супярэчнасці» ў варшаўскай галерэі «Кардэдарда», арганізаваная Нацыянальным цэнтрам культуры ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння мастака, якое адзначаецца сёлета.
Куратар выставы Катажына Хабэр(Katarzyna Haber) падкрэсліла, што Ежы Навасельскі – адзін з найвыдатнейшых сучасных польскіх іканапісцаў, які ў сваёй творчасці спалучае традыцыі Захаду і Усходу:
- Гэта асабліва польскі мастак. Паводле мяне, ягоная польскасць асабліва інтэнсіўная, паколькі ён спалучае Захад і Усход; «знаходзіцца» дакладна па сярэдзіне паміж Парыжам і Візантыяй, паміж Парыжам, Падуяй а Руссю. Навасельскі – гэта перш за ўсё іканапісец, як бы на яго не глядзець. Ці гэта рэлігійныя ці свецкія карціны – усё гэта іканапісны жывапіс.
Мастацтва Ежы Навасельскага спалучае традыцыі фавізму, кубізму, геаметрычнай абстракцыі з візантыйскай іконай. «Гэта вельмі сапраўдны жывапіс», – канстатуе куратар выставы Катажына Хабэр:
- Тут бачны іканічны парадак, шчырасць і прастата. Адначасова таксама пасыл з нейкай іншай рэчаіснасці. Навасельскі казаў пра свае карціны, што гэта ангелы (у грэчаскім значэнні згаданага слова), то бок пасярэднікі з іншай рэчаіснасці. Навасельскі казаў таксама, што мастацтва пачынаецца тады, калі заканчваюцца іншыя спосабы і магчымасці выказвання думак. Шчыра запрашаю спадарства паглядзець гэтую выставу.
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра культуры Рафал Віснеўскі(Rafał Wiśniewski) нагадаў, што на выставе прадстаўленыя 18 твораў Ежы Навасельскага:
- Часам нам здаецца, што формы асобных прадметаў на карцінах кінуты выпадкова. Аднак, калі мы пачынаем прыглядацца дэталям, то Навасельскі паказвае майстэрскі клас. На выставу складаецца 18 карцінаў. Я хацеў бы падзякаваць куратару, установам і прыватным асобам, у якіх мы пазычылі згаданыя творы. Частка з іх на працягу многіх гадоў не паказвалася ў публічнай прасторы. //
Прысутны на адкрыцці выставы старшыня Рады культуры і аховы культурнай спадчыны ў Канферэнцыі епіскапату Польшчы біскуп Міхал Яноха(Michał Janocha) падкрэсліў, што творчасць Навасельскага глыбока падкрэслівае яго геній:
- На выставе паказанае тое, што найбольш прываблівае ў творчасці Навасельскага; што выяўляецца ў гэтых кампазіцыях, колерах, адценнях. Гэта прадстаўнічая выстава, таму што ў тут можна пабачыць пейзажы, прыроду, культуру, ёсць ню, ёсць нацюрморт – гэта сінтэз жыцця і творчасці. Гэта, напэўна, было выказана раней толькі ў творчасці ў Ван Гога. Гэтыя карціны напісаны з жыццём, верай, пакутай, праніклівай назіральнасцю і ўкаранёнасцю ў традыцыі – і ўсё гэта спалучанае нейкім творчым геніем.
У сваю чаргу віцэ-прэм’ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі(Piotr Gliński) падкрэсліў непаўторнасць каларыту карцін Навасельскага і глыбіню паслання мастака:
- Для мяне асабіста Навасельскі, гэта, перш за ўсё, каларыст, але ў яго творчасці шмат зместу, у тым ліку глыбокая філасофія і тэалогія. Гэта вышэйшы ўзровень мастацтва, поўны таямніц.
«Мы прыйшлі ўшанаваць памяць выдатнага мастака», – дадаў віцэ-прэм’ер Пётр Гліньскі:
- Мы прыйшлі ўшанаваць памяць мастака, жывапіс якога поўны таямніц. Я спадзяюся, што ў галерэі не будзе праблем з наведвальнасцю, таму што гэта месца, якое абавязкова трэба наведваць, а прозвішча Навасельскага, безумоўна, таксама прыцягвае людзей. Зараз мы павінны цешыцца тым, што можам глядзець гэтае цудоўнае мастацтва, таксама поўнае таямніц, але можа менавіта такім і павінна быць мастацтва.
Творы, прадстаўленыя на выставе «Ежы Навасельскі. Супярэчнасці» былі пазычаныя з розных польскіх музеяў і галерэяў, у тым ліку, Нацыянальнай мастацкай галерэі «Захэнта», Нацыянальнага музея ў Любліне, Музея ў Хэлме, Галерэі Студыя, Муніцыпальнай мастацкай галерэі ў Лодзі, а таксама з прыватных калекцый Кшыштафа Мусяла і Войцеха Фібака. Агулам гэта 18 работ, пераважна выкананы алеем і акрылам. Таксама ёсць два малюнкі. Іх тэмы разнастайныя – гэта і пейзажы, і нацюрморты, і ню, і партрэты. Самая ранняя праца паходзіць з 1947 года, самая сучасная – з пачатку 1982 года.
Выставу можна паглядзець да 25 чэрвеня, яна праходзіць пад патранажам Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны.
*Ежы Навасельскі (нарадзіўся 7 студзеня 1923 года ў Кракаве, памёр 21 лютага 2011 у Кракаве) – мастак, іканапісец, графік, сцэнограф, тэарэтык мастацтва і тэолаг.
У сваю чаргу на пачатку ліпеня галерэя «Кардэгарда» рыхтуе выставу з цыклу «Страчанае – вернутае», на якой будуць паказаныя страчаныя падчас вайны творы мастацтва, якія ўдалося паспяхова вярнуць у Польшчу.
IAR/Анна Задрожна