Ураджэнец Пінска Уладзімір Пугач, франтмэн поп-рок групы J:Mors са сваіх 47 гадоў 30 пражыў у Мінску, дзе стаў зоркай беларускай музычнай сцэны. Але з сакавіка 2022 года жыве ў Варшаве.
Адаптацыя да жыцця ў Польшчы праходзіць паступова.
Уладзімір Пугач: — Я толькі сёлета ў лютым пачаў вучыць польскую мову. Бо пэўны час заняла псіхалагічная адаптацыя. І толькі пасля пачынаешся азірацца вакол: дзе я, у якой краіне, якая культура цябе акружае. А мова краіны дапамагае пазнаваць і культуру.
Але ў мяне няма плана стаць палякам. Унутры сябе я маю надзею, што я, мы вернемся дамоў.
Уладзімір Пугач душой па-ранейшаму жыве ў Беларусі.
Уладзімір Пугач: — Я пачаў больш пісаць па-беларуску ў апошнія гады. А пасля пачатку вайны РФ супраць Украіны ў мяне проста не атрымліваецца пісаць па-руску, няма такой патрэбы. Але гэта не пазіцыя, не поза. Проста не цягне да рускай мовы. Увогуле ж, з пачатку нашай творчасці ў 1999-2004 гг. мы пісалі па-беларуску, хаця спачатку большасць песень была на рускай мове.
У новым альбоме на рускай мове будзе толькі адна песня — “1986”, напісаная ў 2021 г., а таксама будзе адна па-ўкраінску, але рэшта — па-беларуску.
Дзе сябе бачыць Уладзімір Пугач заўтра, у будучыні? І тут ён глядзіць у бок Беларусі, як і многія эмігранты з 2020-га і наступных гадоў.
Уладзімір Пугач: — Мы ўсе прыехалі ў Польшчу перачакаць навальніцу. Калі я толькі сюды прыехаў, то думаў, што праз тры-чатыры месяцы вярнуся дамоў, што мы ўсе вернемся. Але так не атрымліваецца.
Загадваць, што будзе з намі, краінай праз месяц, немагчыма. Але ўвесь час цягне — на бацькаўшчыну...
Праводзячы паралелі паміж сваёй творчасцю і тым, што робяць польскія калегі, Уладзімір Пугач прызнаецца, што яму імпануе тое, што робіць на сцэне Арганэк і Давід Падсядла.
Свае крокі на музычнай сцэне ў Польшчы Уладзімір Пугач і J:Mors робяць пакуль няспешна. Але ў любым выпадку, у кантэксце падзей апошніх гадоў, — гэта рух наперад.
7 ліпеня ў зале Chopin Boutique на вул. Смольнай, 14 у Варшаве адбудзецца канцэрт «J:Mors на даху». На ім можна будзе пачуць у т.л. новыя песні вядомай беларускай групы. Сярод кампазіцый, якія прагучаць 7 ліпеня, — «Вікторыя», асабліва дарагая Уладзіміру Пугачу.
А затым чакаюцца яшчэ тры канцэрты групы J:Mors — у жніўні: у іншых гарадах Польшчы і ў Літве.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё