Сёння запрашаем у Ольштын – горад размешчаны ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве, на тэрыторыі гістарычнай Варміі. Ольштын – гэта найбуйнейшы горад у рэгіёне і яго адміністрацыйны цэнтр. За амаль 600 гадоў сваёй гісторыі Ольштын шмат разоў мяняў сваю нацыянальную прыналежнасць, а на яго тэрыторыі сутыкаліся розныя культурныя, этнічныя і рэлігійныя ўплывы. Усё гэта аказала вялікі ўплыў на сучасны выгляд і клімат горада.
Стары горад Ольштына/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Ольштын можа пахваліцца не толькі надзвычай прывабным размяшчэннем – сярод азёр і лясоў. Ён прыцягвае турыстаў таксама багаццем помнікаў даўніны.
Замак вармінскага капітула, Ольшын /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Бадай найбольш славутым з іх з’яўляецца замак вармінскага капітула, у якім цяпер знаходзіцца Музей Варміі і Мазураў. Самым выбітным жыхаром гатычнага аб’екта быў Мікалай Капернік, які менавіта тут напісаў першы варыянт свайго манетарнага трактата і першую кнігу рэвалюцыйнага твора «Пра кручэнне нябесных сфер».
Астранамічная дошка Каперніка на сцяне замка вармінскага капітула ў Ольштыне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Свае назіранні ён праводзіў з дапамогай адмысловай астранамічнай дошкі, фрагменты якой захаваліся на сцяне замку. Гэта выключны артэфакт – адзіны захаваны ў свеце навуковы інструмент, які Капернік выкарыстоўваў у сваёй працы.
Замак вармінскага капітула ў Ольштыне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
З замкавай вежы адкрываецца цудоўная панарама горада, а на замкавым дзядзінцу, акрамя калодзежа, стаіць каменная пруская баба, адна з нямногіх, што захаваліся пасля плямёнаў, якія стагоддзі таму насялялі гэтыя землі. На самой справе пруская баба – гэта мужык, які трымае ў правай руцэ рог, а ў левай – кароткі меч. Сімволіка скульптуры дагэтуль выклікае спрэчкі сярод гісторыкаў.
Пруская баба /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Перад уваходам у замак знаходзіцца лаўка-помнік Мікалаю Каперніку. Турысты вераць, што трэба пацерці нос выдатнага астранома, паколькі гэта гарантуе шчасце.
Лаўка-помнік Мікалаю Каперніку /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У непасрэднай блізкасці ад замка размяшчаецца амфітэатр імя Чэслава Немэна – месца, дзе летам кіпіць культурнае жыццё горада.
Aмфітэатр імя Чэслава Немэна/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Высокая брама таксама званая Верхняй брамай – гэта адзін з самых пазнавальных помнікаў Ольшына і адзіная захаваная гарадская брама ў абарончых сценах, якая была пабудавана ў XIV стагоддзі. У 2014 годзе падчас рэканструкцыі брамы ў яе ўмуравалі вобраз Маці Божай. Мазаіка, выкананая рымскім майстрам, была ахвяравана гораду святым Папам рымскім Янам Паўлам ІІ.
Высокая брама, Ольшын /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Каля Высокай брамы ў 1915 годзе быў пабудаваны будынак новай ратушы з вежай, з якой кожны дзень апоўдні гучыць гімн, аўтарства Фелікса Нававейскага «Вармія, мая дарагая».
Будынак новай ратушы ў Ольштыне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Варта прыглядзецца таксама да цаглянага будынка пошты, які быў узведзены ў 1887 годзе, у стылі неаготыкі.
Будынка пошты ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Адразу за Высокай брамай пачынаецца Стары горад Ольштына, рэканструяваны пасля Другой сусветнай вайны – на месцы эклектычных камяніц паўсталі будынкі, стылізаваныя пад рэнесанс і барока.
Стары горад Ольштына /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Бліжэй да брамы распаложаны Рыбны рынак. Тут размяшчалася рэдакцыя і даваенная друкарня выдання «Gazeta Olsztyńska» – сёння гэта адзін з філіялаў Музея Варміі і Мазураў.
Рыбны рынак /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
На рынкавай плошчы знаходзіцца гарадская бібліятэка і Старая ратуша, якая часткова адноўлена да даваеннага выгляду. На сцяне ратушы знаходзіцца дзеючы сонечны гадзіннік.
Старая ратуша ў Ольштыне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Кафедральны сабор святога Якава – адзін з трох касцёлаў на тэрыторыі Старога горада -гэта найстарэйшы сакральны будынак у Ольштыне, які датуецца XIV стагоддзем, але за гэтыя гады шмат разоў разбураўся і аднаўляўся. Тут захоўваюцца мошчы святога Войцеха.
Кафедральны сабор святога Якава ў Ольштыне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Побач сабора знаходзіцца Музей Вармінскай архідыяцэзіі. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў – залаты рэліквіярый святога Анджэя і рукапіс паэмы Ігнацыя Красіцкага «Манахамахія, або Вайна манахаў».
Mост святога Яна Непамуцкага ў Ольштыне /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Рухаючыся на поўдзень мы апынаемся на мосце святога Яна Непамуцкага, які з'яўляецца самым старым мостам у Ольштыне. Тут знаходзіцца сціплы помнік чэшскаму святому-мучаніку. Гэта копія помніка, які загінуў пасля Другой сусветнай вайны.
Фантан "Дзіця з рыбкай", Ольштын /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Папулярнасцю сярод турыстаў карыстаецца Астранамічны планетарый у Ольштыне, адкрыты да 500-годдзя з дня нараджэння Мікалая Каперніка, а некалькі хвілін пяшком ад яго на гары святога Анджэя, у будынку былой воданапорнай вежы, знаходзіцца Ольштынская астранамічная абсерваторыя, дзе захоўваецца некалькі часцінак зямлі з Месяца – падарунак ад экіпажа касмічнай місіі «Апалон 11».
Варта дадаць, што ракавіна ў гербе Ольштына – атрыбут святога Якава, апекуна горада. Праз Ольштын праходзіць Camino Polaco, гэта значыць адна з сцежак Шляху святога Якава ў Сантʼяга-дэ-Кампастэла. Калі падчас шпацыру па горадзе вы заўважыце сімвал жоўтай ракавіны на сінім фоне, то гэта сведчыць аб тым, што вы зараз на шляху паломніцтва.
Стары горад Ольштына/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Шматлікія азёры, паркі, гарадскі лес, байдарачныя, веласіпедныя маршруты, а таксама культурныя мерапрыемствы – усё гэта чакае на турыстаў у адным горадзе – Ольштыне.
Анна Задрожна