70 гадоў таму – 14 верасня 1953 года – у вайсковым судзе ў Варшаве распачаўся судовы працэс над кялецкім біскупам Чэславам Качмарэкам. Разам з ім на лаве падсудных сядзелі тры святары і манахіня.
Камуністычная ўлада ператварыла суд у прапагандысцкую акцыю. Праз восем дзён быў вынесены прысуд – 12 гадоў пазбаўлення волі за дзейнасць на шкоду Савецкаму Саюзу, шпіянаж на карысць ЗША і Ватыкана ды сабатаж. Судовы працэс быў часткай рэпрэсій, якія сустрэлі біскупа Качмарэка. У 1951-1956 гадах ён быў зняволены камуністычнымі ўладамі, і да самай смерці ў 1963 годзе пераследаваўся імі.
Падчас Другой сусветнай вайны ён прыняў і даў прытулак некалькім сотням святароў з-за межаў Кялецкай дыяцэзіі, якія знаходзіліся ў небяспецы. Вёў тайную настаўніцкую і дабрачынную дзейнасць, падтрымліваў жыхароў Варшавы, якія ўцякалі са сталіцы пасля разгрому Варшаўскага паўстання.
Пасля вайны біскуп Качмарэк стаў аб'ектам палявання на ведзьмаў. Лаяльная да ўлады прэса паведамляла аб ягоным нібыта супрацоўніцтве з немцамі і здзеках з няверуючай моладзі. У 1947 годзе супрацоўнікі Упраўлення аховы ўварваліся ў дом ксяндза, а ў студзені 1951 году ён быў арыштаваны. Біскуп Качмарэк быў першым іерархам у Польшчы, затрыманым Службай бяспекі.
Нагодай для арышту біскупа – у студзені 1951 году – стала абвінавачванне ў знаёмстве і зносінах з паслом ЗША ў Польшчы. Больш за два з паловай гады яго катавалі – ізалявалі, марылі голадам, пазбаўлялі сну і адпачынку, выкарыстоўвалі фармакалагічныя сродкі.
Паказальны працэс над біскупам Качмарэкам перад Акруговым вайсковым судом у Варшаве пачаўся 14 верасня 1953 года. Падзею зафіксавала адмысловая рэдакцыя Польскага радыё – Палітычныя архіўныя запісы (Polityczne Nagrania Archiwalne). Абвінаваўчы акт зачытаў суддзя Мечыслаў Відай, падкрэсліўшы, што ксёндз належаў да, як ён сказаў, «рэакцыйнай часткі касцёльнай іерархіі»:
-Гэтыя здрайцы польскага народу, паслухмяныя слугі Ватыкану і амерыканскага імперыялізму намагаюцца сцягнуць на Польшчу пагрозу новай вайны і здабыць тэрыторыю Польшчы для агрэсіі супраць Савецкаму Саюзу. Абапіраючыся на рэакцыйнай частцы клеру дзейнічаў антыдзяржаўны і антынародны цэнтр, якім кіраваў абвінавачаны Качмарэк, які займаўся палітычнай дыверсіяй, варожай прапагандай, уключаючы шпіянаж.
Знясілены катаваннямі біскуп Качмарэк прызнаў сябе вінаватым, узяўшы на сябе ўсю адказнасць, абараняючы суабвінавачаных. У архіве Польскага радыё захавалася яго заява, зачытаная ў залі суду:
-Для рэалізацыі планаў аўтараў маёй палітычнай думкі я стараўся ўцягнуць польскі Касцёл у прыкры для яго канфлікт з уладай ПНР, якая гарантуе Касцёлу павагу правоў і рэлігійных свабодаў, якія пашырае і гарантуе Канстытуцыя ПНР.
У перадачы з 2001 году, прысвечанай акалічнасцям суда над біскупам Качмарэкам, гісторык Ежы Эйслер патлумачыў, што ў сталінскі перыяд было звычайнай справай выбіванне прызнанняў з дапамогай псіхалагічнага ціску, а таксама катаванні падсудных. Такому ціску падвяргаўся і святар, які ў судзе выказаў словы самаабвінавачання:
-Мы ведаем пра допыты, якія доўжылі некалькі дзён бесперапынна. Мяняліся следчыя, абвінавачаны не мог есць, спаць, памыцца, хадзіць у прыбіральню. Ён у пэўным сэнсе пераставаў быць чалавекам, бо ў яго забіралі яго чалавечнасць. Наступала фізічная і псіхалагічнае знішчэнне, а потым спецыялісты маглі збіраць яго па новаму. Раптам апазіцыянер ці біскуп самыя сябе называлі здрайцамі і калабарантамі.
Па амністыі 1956 году біскуп Качмарэк быў вызвалены, але яго па-ранейшаму пераследавалі камуністы. Знясілены шматгадовымі здзекамі фізічна і псіхічна, яго здароўе пагоршылася. Ён перанёс два інфаркты і памёр 26 жніўня 1963 года. Яго пахаванне адбылося праз тры дні ў кялецкай катэдры. На цырымоніі прысутнічаў, між іншым, біскуп Караль Вайтыла. Труну з целам змясцілі ў сутарэннях катэдры.
У 1990 годзе біскуп Качмарэк быў пасмяротна апраўданы і рэабілітаваны. У 2007 годзе рашэннем прэзідэнта Леха Качыньскага святар быў узнагароджаны Вялікім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы «за выдатныя заслугі ў справе незалежнасці Рэспублікі Польшча, пастырскую і дабрачынную дзейнасць».
слухайце аўдыё
ав