У познаньскай Galeria Duża Scena UAP адкрылася мастацкая выстава пад назваю «Белавежская пушча». У цэнтры ўвагі праекту – славуты «сармацкі лес» як экасістэма і прастора культур. У выставе ўзялі ўдзел мастакі з Беларусі, Польшчы і Украіны.
Куратарка выставы, беларуская мастацтвазнаўца Вольга кажа, што гэта своеасаблівы аповед пра гісторыю культур – унікальную, як і экасістэма Белавежскай пушчы. Выстава мае на мэце прадставіць «Белавежскую пушчу» як асаблівае месца, якое, захоўваючы свае характарыстыкі і належыць некалькім краінам
Першая ідэя, пры стварэнні гэтай выставы, паводле куратаркі, было тое, што сёлета мы адзначаем 500-годдзе выдання «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага.
- І вось гэтая гісторыя пра тое, як Мікола Гусоўскі для Папы Рымскага вырашыў прэзентаваць наш край, распавесці пра Белавежскую пушчу, пра зуброў і не толькі пра іх, а і тых волатаў, якія тут жывуць і робяць. Мне падалося гэта цікавым.
Вольга звяртае ўвагу, што Белавежская пушча за перыяд свайго існавання акумулявала ў сабе шмат тэмаў, якія цяпер па-рознаму адлюстроўваюцца ў розных культурах.
- Тэма Белавежскай пушчы дае магчымасць распавесці пра розныя ідэі. Сярод іх – і гістарычныя, як, да прыкладу, тыя, якія адбываліся ў 1991 годзе. Менавіта пушча стала сведкам развалу СССР.
.
Паводле яе, на працягу стагоддзяў мяняліся межы, але звычаі, характэрныя для гэтага рэгіёну, захаваліся. У культуры Польшчы і Беларусі было шмат агульных падзей, паняццяў, з’яў і сімвалаў, герояў. На думку мастацтвазнаўцы, беларуская культурная спадчына і яе цяперашні патэнцыял здольныя перасякаць межы, не парушаючы іх.
- Я на гэтую выставу зрабіла невялічкі канцэптуальны твор, дзе сабраны ў адзін калаж творы Яўгена Куліка, які ілюстраваў «Песню пра зубра». А таксама дадала твор Язэпа Драздовіча, бо свядомасць беларуса заўсёды была звязаная з лесам. І гэта таксама вельмі цікавая тэма. Апроч гэтага, на выставе шмат экалагічных тэмаў, ёсць тэмы, звязаныя з народнай культурай. Гэта повязь часоў вельмі цікавая, на мой погляд.
Мастак Аляксей з Беларусі прызнаецца, што яго ўдзел мінімальны ў гэтай выставе, але звяртае ўвагу на невялікі стэнд з дакументамі і тэкстам п’есы Мікіты Ільінчыка, якая прысвечаная праблеме мігрантаў, што зладзілі Пуцін і Лукашэнка, на граніцы з Польшчай у Белавежскай пушчы.
Аўтар п’есы, паводле суразмоўцы, знайшоў розныя паперкі на польскім баку мяжы ў тых месцах, дзе хаваліся мігранты. Сярод гэтых паперак – лісткі з сірыйскага пашпарту са здымкам, білеты на самалёт у Мінск, страхоўка беларускай фірмы, турыстычны тур з пражываннем у Мінску. Усе яны ў даволі пашкоджаным стане, але шмат чаго можна прачытаць. Вось яны ляжаць пад шклом.
Мастак кажа, што яму сумна найперш ад таго, што гісторыя з эмігрантамі звязаная з яго краінай. Ён згадвае пра фільм Агнешкі Голанд і кажа, што хоць рэжысёрка – еўрапейская зорка, але яе фільм падаўся яму даволі фармальным, бо ён значна глыбей адчувае гэтую праблему.
- Вось Мікіта распавядае ў сваёй п’есе пра канкрэтную персону з арабскага свету. Хаця мы не ведаем яе далейшага лёсу, але тыя паперы, якія аўтар знайшоў, тычацца рэальнай персоны. І калі ты бачыш канкрэтнага чалавека ў гэтай гісторыі, то гэта даволі балюча.
А вось адзін са студэнтаў мастацкага ўніверсітэту ў Познані – Альгерд. Яго працы – на выставе. Кажа, што апошнім часам наагул яго захапіла беларуская тэматыка і ён з задавальненнем прыняў бы ўдзел у гэтай выставе. На ягоных карцінах – магутны зубр, на іншай – вельмі прыгожы бусел.
- Мне здаецца, што мае працы – гэта такое нагадванне, што Беларусь, нягледзячы ні на якія выпрабаванні, выстаіць, як зубр, які хоць і паранены, але стаіць. Так і наша радзіма павінна выстаяць. І Белавежская пушча, як мне здаецца, такая нагода, каб нагадаць аб гэтым. А зубр, мне здаецца, гэта галоўны сімвал Беларусі і больш, чым бусел. Гэта стойкая жывёла, якая магутная і прыгожая.
Алеся – таксама студэнтка ўніверсітэту ў Познані. Яна выставіла свае літаграфіі. Кажа, што прыдумала канцэпцыю, каб перадаць дух Белавежскай пушчы. Сама дзяўчына неаднойчы там бывала ў дзяцінстве.
- Мае працы – гэта такое агульнае міфалагічнае ўвасабленне духу пушчы, якое бароніць лес. Мы павінны захоўваць першабытнасць лесу Белавежскай пушчы.
А вось беларускія студэнты ўважліва разглядаюць працы на выставе. Цікаўлюся ў аднаго з іх – ці падабаецца?
- Цікава, вельмі цікава, гэта такая часцінка дому. Я вельмі часта бываў у Белавежскай пушчы. Разам з бабуляй і дзядулям ездзілі туды ў грыбы. Усё так згадваецца цяпер.
.
Яшчэ адзін беларускі студэнт Аляксей згадвае, што быў у дзяцінстве з мамай у Белавежскай пушчы і цяпер, паглядзеўшы гэтую выставу, у яго ўсплылі тыя дзіцячыя ўспаміны.
- Прыемна, што выстава адбываецца і што палякі зацікаўленыя паказаць, што ў нас шмат агульнага. Бо часта даводзіцца сутыкацца, што Міцкевіч наш і ўсё. А тут яны падкрэсліваюць, што ў нас шмат агульнага і ў культуры, і ў гісторыі, і ў агульным жыцці.
А вось Лізавета з Беларусі прапанавала на выставу выцінанку. Кажа, што адразу захацела паўдзельнічаць, бо праблемы Белавежскай пушчы блізкія ёй.
- Мне здаецца, гэта важная тэма і варта гаварыць аб Белавежскай пушчы як аб спадчыне ўсяго чалавецтва.
Максім, які вучыцца ў познанскім універсітэце, кажа, што нечаканым для яго стала тое, што на выставу прыйшло так шмат людзей.
- Мне тут усё вельмі падабаецца і дае надзею, што творчыя людзі пасля ўсіх тых падзей у Беларусі не зніклі, а працягваюць працаваць, і гэта вельмі радуе.
Мяне зацікавіла адна інсталяцыя на выставе: «Ліст да Дзеда Мароза», які напісала дзяўчынка з Беларусі і ў якім просіць, каб Дзед Мароз бараніў зуброў і не дазваляў іх забіваць і рабіць з іх каўбасу. Куратарка выставы кажа, што гэта яшчэ адна важная тэма, якая датычыць Белавежскай пушчы.
- Гэта таксама такое прысвячэнне для гэтай дзяўчынкі, бо Дзед Мароз у Беларусі жыве ў пушчы і ёсць такая казачная гульня. І гэты ліст да Дзеда Мароза зусім няпросты, а з просьбай, каб не забівалі зуброў і не рабілі з іх каўбасу. Гэтая ідэя звязаная з захаваннем зуброў, нашай спадчыны. Аб чым мараць беларусы? Каб захаваўся іх сімвал.
Ідэя правядзення выставы «Белавежская пушча» належыць аб’яднанню «Перспектыва», якое падтрымлівае беларускіх дзеячаў культуры, з удзелам «Арсенала» і Познаньскага мастацкага ўніверсітэту.
Павел Залескі
слухайце аўдыёфайл