Беларуская Служба

Сярод планаў Каралеўскага замка - прэзентацыя твораў Рафаэля

04.01.2024 08:02
Прэзентацыя твораў Рафаэля, выстава работ Уладзіслава Хасёра і далейшыя інвестыцыі – гэта планы Каралеўскага замка ў Варшаве на 2024 год.
Каралеўскі замак у ВаршавеIwona_Olczyk/pixabay.com/CC

 Гэта будзе апошні год святкавання 50-годдзя рэканструкцыі замка. Яго дырэктар Войцех Фалькоўскі паведаміў у эфіры Польскага радыё, што ў новым годзе наведвальнікі змогуць убачыць малюнак Рафаэля з выявай ваяра, набыты замкам у снежні:

-Гэта першы твор Рафаэля пасля страты «Партрэту маладога чалавека», скрадзенага немцамі падчас Другой сусветнай вайны. Цяпер Рафаэль вяртаецца ў замак. Спачатку мы будзем паказваць яго на выставе новых экспанатаў, з лютага. Пад канец 2024 году мы плануем выставу «Рафаэль і яго акружэнне», дзе гэтая карціна таксама будзе.

Войцех Фалькоўскі паведаміў, што адным з элементаў 50-годдзя рэканструкцыі Каралеўскага замка ў Варшаве, якое заканчваецца ў гэтым годзе, будзе выстава работ Уладзіслава Хасёра:

-Гэта план вяртання да сітуацыі 50 гадоў таму. У 1974 годзе яшчэ на неатынкаваных сценах замку прайшла манаграфічная выстава Уладзіслава Хасёра. Мы хочам звярнуцца да той выставы. Гэта пэўнага роду сентыментальны ўспамін-падарожжа.

Сёлета ў Каралеўскім замку таксама будзе арганізавана выстава італьянскага мастацтва са збораў Нацыянальнага мастацкага музею Барбары і Багдана Чаненкаў у Кіеве. У планах таксама адкрыццё Галерэі фарфору, Італьянскага кабінета, дзе можна будзе палюбавацца «Мадоннай з немаўлём» Паола Учэла, а таксама рэканструкцыя троннай залы паводле ўзору Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Да 14 студзеня ў Каралеўскім замку будзе працаваць выстава «Геній Львова. Львоў як цэнтр мастацтва і яго мастацкія зборы», якая ахоплівае жывапіс і скульптуру XVII-XX стагоддзяў.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры

Наведаць выставу «Пікаса» ў Нацыянальным музеі ў Варшаве можна толькі да 14 студзеня

03.01.2024 11:59
Адна з частак выставы прысвечана візіту мастака ў Польшчу.