Барчэва – горад у паўночнай Польшчы, каля 20 кіламетраў на паўночны-ўсход ад Ольштына. З-за таго, што ён размешчаны ў месцы, дзе зліваюцца рэкі Піса і Кермас, у горадзе больш за 10 мастоў і масткоў, і таму Барчэва называюць таксама Маленькай Венецыяй Поўначы.
Барчэва/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Ваколіцы Барчэва – гэта прыгожыя лясы, чыстыя азёры і шматлікія рэкі, а таксама многія помнікі архітэктуры. Апошнім часам горад праводзіць інтэнсіўныя працы па рэстаўрацыі мясцовых аб'ектаў культурнай спадчыны і эфектыўна павялічвае сваю турыстычную прывабнасць.
Барчэва/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Гісторыя гарадка сягае канца XIII і пачатку XIV стагоддзяў, то бок часоў існавання ўмацаванай крэпасці пад назвай Вартэмборк, якая ўпершыню атрымала гарадскія правы ў 1329 годзе. Пасля таго, як амаль 30 гадоў пазней, літоўскія войскі спалілі крэпасць і мястэчка, новы горад быў дыслакаваны ў новым месцы (у 7 кіламетрах ад старога), дзе, паводле яго заснавальнікаў, назіраліся больш спрыяльныя ўмовы для яго магчымай абароны. Паводле гістарычных дакументаў, горад хутка багацеў і пашыраўся.
Барчэва/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У 1466 годзе, паводле Торуньскага міру, які завяршыў Трынаццацігадовую вайну паміж Польшчай і Тэўтонскім ордэнам, разам з усёй Варміяй, быў уключаны ў склад Каралеўства Польскага і з гэтага часу належаў вармінскім біскупам.
У 1772 годзе, у выніку Першага падзелу Польшчы, горад увайшоў у склад Прусіі і, з таго часу, стаў называцца Вартэнбург. На пачатку XIX стагоддзя, пасля секулярызацыі маёмасці францысканскага ордэна, прускія ўлады заснавалі тут турму.
Барчэва/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У міжваенным перыядзе, у выніку тэрытарыяльнага плебісцыту, мястэчка заставалася пад уладай Германскай імперыі. Вярнулася ў Польшчу, як і ўся Вармія, толькі ў 1945 годзе.
Pатуша з XIX стагоддзя, Барчэва /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У 1946 годзе польскія ўлады памянялі нямецкую назву гарадка спачатку на Нававейск – у гонар вядомага польскага кампазітара Фелікса Нававейскага, які тут нарадзіўся, а пазней на Барчэва – у гонар іншага выдатнага паляка – этнографа, польскага дзеяча ксяндза Валента Барчэўскага.
Сучаснае Барчэва – гэта прыгожы, спакойны гарадок, размешчаны ўдалечыні ад найбольш папулярных турыстычных шляхоў у Варміі. Адначасова, гэта месца дасканала вядомае аматарам гісторыі, паколькі тут сапраўды ёсць на што паглядзець.
На рынкавай плошчы знаходзіцца гарадская ратуша з XIX стагоддзя ў стылі неаготыкі, з вежы якой можна палюбавацца панарамай Барчэва.
Pатуша з XIX стагоддзя, Барчэва /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
На рынкавай плошчы можна паглядзець унікальныя ў гэтым рэгіёне Польшчы, археалагічныя касеты – гэта выяўленыя падчас раскопак фрагменты сценаў старога горада. Яны забяспечаныя шкляной вітрынай і асветленыя.
Bыяўленыя падчас раскопак фрагменты сценаў старога горада, Барчэва /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Шэдэўрам архітэктуры з’яўляецца касцёл святой Анны і святога Сцяпана з XIV стагоддзя. У святыні варта звярнуць увагу, між іншым, на арган з 1700 года.
Kасцёл святой Анны і святога Сцяпана з XIV стагоддзя, Барчэва/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У капліцы касцёла святога Андрэя Апостала з 1325 года, захоўваецца адзін з найпрыгажэйшых твораў эпохі Адраджэння ў Варміі – надмагілле Анджэя і Бальтазара Баторыяў – пляменнікаў караля Польшчы Стэфана Баторыя.
Kасцёл святога Андрэя Апостала з 1325 года, Барчэва /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Наступную святыню – касцёл святога Дысмаса, які размяшчаецца на тэрыторыі турэмнага комплекса – можна паглядзець выключна з-за турэмнай сцяны. Ён недаступны для наведвальнікаў.
Kасцёл святога Дысмаса, які размяшчаецца на тэрыторыі турэмнага комплекса, Барчэва /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У сваю чаргу, былая евангелічна-аўгсбургская царква ХІХ стагоддзя – гэта самы малады аб’ект рэлігійнага культу ў горадзе. Пасля рэстаўрацыі яна была адаптаваная пад карцінную галерэю, бібліятэку і малую канцэртную залу.
Былая евангелічна-аўгсбургская царква ХІХ стагоддзя, Барчэва /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Барчэва ганарыцца таксама адзінай у Ольштынскім павеце захаванай габрэйскай сінагогай з 1894 года. Зараз у будынку знаходзіцца карцінная галерэя.
Габрэйскай сінагогай з 1894 года, Барчэва /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Варта паглядзець таксама воданапорную неагатычную вежу з 1907 года і добра захаваныя фрагменты гатычнай Паўднёвай, інакш Ольштынскай брамы з XIV стагоддзя.
Ольштынская брамa з XIV стагоддзя, Барчэва /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
Як мы ўжо згадалі ў Барчэве нарадзіўся выдатны польскі кампазітар, дырыжор і педагог Фелікс Нававейскі, аўтар музыкі да верша Марыі Канапніцкай «Рота», які з’яўляецца найбольш вядомай польскай патрыятычнай песняй.
Музычны салон, Барчэва/Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ
У прыгожай камяніцы, непадалёк ад рынкавай плошчы, размяшчаецца, прысвечаны кампазітару біяграфічны музей – Музычны салон.
Тут можна паглядзець шматлікія сувеніры, фатаграфіі, рукапісы песень, асабістыя рэчы кампазітара. Штогод у Барчэве адбываецца вядомы Міжнародны фестываль харавой музыкі імя Фелікса Нававейскага.
Анна Задрожна