Беларуская Служба

Культурныя канікулы прапануюць школьнікам музейныя ўстановы ў Польшчы

19.01.2024 11:15
Спецыяльную прапанову для школьнікаў падрыхтавалі больш за 80 культурных устаноў у краіне.
Аўдыё
  • Культурныя канікулы прапануюць школьнікам музейныя ўстановы ў Польшчы
Zamek Królewski
Zamek KrólewskiTTstudio/shutterstock

Майстар-класы, мультымедыйныя выставы, тэматычныя заняткі, кінапрагляды, тэатральныя пастаноўкі, пазнавальныя гульні і анімацыі, канцэрты – гэта толькі частка прапаноў, якія на час зімовых канікулаў падрыхтавалі розныя культурныя ўстановы ў Польшчы ў супрацы з Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны. Спецыяльную прапанову для школьнікаў падрыхтавалі больш за 80 устаноў у краіне.

Двухтыднёвы адпачынак працягваюць вучні з чатырох ваяводстваў Польшчы: Ніжнэсілезскага, Мазавецкага, Апольскага і Заходнепаморскага. Школьнікі, якія па розных прычынах, застаюцца ў гэтым часе ў горадзе, могуць скарыстацца сапраўды цікавай прапановай музеяў, тэатраў, операў ці філармоніяў.

«У Каралеўскім замку ў Варшаве дзеці могуць пазнаёміцца з сакрэтамі каралеўскай рэзідэнцыі», – кажа Дамініка Яцковяк (Dominika Jackowiak) з аддзела адукацыі Каралеўскага замка:

- Для арганізаваных групаў мы падрыхтавалі заняткі пад загалоўкам: « Вялікія і малыя сакрэты замка». Іх удзельнікі знаёмяцца з рознымі архаічнымі прадметамі, якія даўно выйшлі з ужытку, як, напрыклад, гасільнік для тушэння падпаленых свечак. Запрашаем супольна адкрываць з намі таямніцы розных прадметаў.

У кожную нядзелю на індывідуальных наведвальнікаў у Каралеўскім замку будуць чакаць гіды- аніматары, кажа Дамініка Яцковяк:

- Аніматары дзяжураць на часовых выставах. Калі мы плануем наведаць замак з дзіцём, то з 12.00 па 14.00 можна далучыцца да аніматара. Падчас майстар-класаў мы можам выканаць карнавальную маску, пагуляць, а таксама пагаварыць пра мастацтва.

У Музеі гісторыі польскіх габрэяў POLIN у Варшаве можна паўдзельнічаць у дэтэктыўнай гульні, заахвочвае Анна Чарвіньска (Anna Czerwińska):

- Дэтэктыўная гульня пад загалоўкам: «У вас загад» адрасаваная моладзі. Яна патрабуе актыўнасці і заангажавання. Падказкаў трэба будзе пашукаць на нашай пастаяннай экспазіцыі. Каб пагуляць у яе, трэба куліць білет у касе, узяць аўдыягіда і гульнявую карту. Тады, паводле інструкцыі аўдыягіда, можам пачынаць гульню.

Анна Чарвіньска дадае, што музей POLIN таксама падрыхтаваў майстар-класы для груп, арганізаваных у рамках акцыі «Зіма ў горадзе»:

- Кожны дзень праходзіць восем майстар-класаў: чатыры а 10.15 і чатыры – а 13.00. Падчас іх мы абмяркоўваем розныя тэмы, але такім чынам, каб гэта ўспрымалася як гульня. Канікулы, гэта час гульні, свабоды і інтэграцыі з равеснікамі.

Акрамя таго, кожны дзень падчас зімовых канікулаў музей POLIN арганізоўвае адкрытыя творчыя анімацыі для сем’яў з дзецьмі.

У Каралеўскім музеі «Лазенкі» ў Варшаве можна прыняць удзел у майстар-класах і занятках па прыродзе і верхавой яздзе, а таксама наведаць летнюю рэзідэнцыю караля Станіслава Аўгуста, заахвочвае Агнешка Зомэр(Agnieszka Zommer) з Музея палявання і верхавой язды:

- Можна наведваць Каралеўскі музеі «Лазенкі» і Музей палявання і верхавой язды. Па пятніцах можна гэта зрабіць бясплатна. Нагадваю, у Канюшнях Кубіцкага можна паглядзець цікавую экспазіцыю, датычную коннага транспарту, у тым ліку калекцыю сёдлаў, між тым, жаночае, на якім калісьці жанчыны ездзілі бокам.

Моніка Кавэцка(Monika Kawecka) з аддзела адукацыі паведаміла, што адбудзецца таксама выстава дзіцячых работ:

- Дзеці малявалі гэтыя працы цягам апошняга года. На іх адлюстраваныя паасобныя будынкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі сталічнага парку «Лазенкі»- Палац на выспе, Старая аранжарэя, Канюшні Кубіцкага.

У сваю чаргу, Музей Варшаўскага паўстання запрашае моладзь на музейныя заняткі. Кіраўнік адукацыйнага аддзела музея Караль Мазур(Karol Mazur) паясніў, што згаданыя заняткі падрыхтаваныя ў форме гульні:

- З нагоды Калядаў мы праводзілі майстар-класы, прысвечаныя паштоўкам. І мы вырашылі, што варта працягваць гэтую тэму. Мы хочам паказаць дзецям, што калісьці не было электроннай пошты, эматыконаў, SMS-паведамленняў, але была традыцыя пісання паштовак. Мы хочам наблізіць нашым удзельнікам гісторыю гэтай традыцыі.

Удзельнікі заняткаў таксама даведаюцца, напрыклад, пра значэнне паштовай сувязі падчас Варшаўскага паўстання:

- Мы паказваем ім залу прысвечаную дзейнасці Гарцэрскай пошты падчас Варшаўскага паўстання. Знаёмімся з асобамі гарцэраў, якія дастаўлялі пошту – у асноўным, гэта былі дзеці ва ўзросце 12-14 гадоў. На канец кожны зможа сам намаляваць сваю паштоўку.

Такім чынам узнікнуць паштоўкі да надыходзячых Дня бабулі і дзядулі. Заняткі для вучняў класаў 1-6 праходзяць у Музеі Варшаўскага паўстання штодзённа а 10.15 і 12.15.Праект будзе працягвацца да 26 студзеня.

Зімовыя канікулы можна таксама выдатна правесці на мерапрыемствах, арганізаваных у Татранскім музеі ў Закапанэ, Нацыянальным марскім музеі ў Гданьску, Музеі Кіпрыяна Норвіда ў Дэмбінках, Нацыянальным музеі ва Уроцлаве, Музеі замка ў Мальбарку і Філармоніі імя Мечыслава Карловіча ў Шчэціне. Як мы ўжо згадалі, агулам у акцыю ўключылася каля 80 культурных установаў па ўсяе Польшчы.

Падрабязную інфармацыю пра прапанову паасобных установаў можна знайсці на сайце Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны.

Нагадваем, зараз працягваецца першы тур зімовых канікулаў у Польшчы, якія ў залежнасці ад ваяводства будуць працягвацца ў краіне да канца лютага.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Нацыянальны музей у Варшаве запрашае на выставу піянера рэпартажнай фатаграфіі Бруна Барбі

22.12.2023 16:01
У 1960-1980 гады фотажурналіст Бруна Барбі падарожнічаў па ПНР, чаго вынікам стала кніга пад загалоўкам: «Польшча».