У гэтым мы паспрабуем разабрацца з прафесарам гуманітарных навук, шматгадовым выкладчыкам, аўтарам кніг пра гісторыі хрысціянства прафесарам Войцехам Рашкоўскім, які быў госцем Польскага радыё.
Ён адзначае, што са свецкага пункту гледжання Евангелле – гэта літаратурны твор. Аднак яго можна аналізаваць і як гістарычную крыніцу. Так адбываецца апошнія 200 гадоў. Тэкст Евангелля вывучаецца як гістарычная крыніца: хто і калі напісаў, чаму так напісаў, што з гэтага вынікае і гэтак далей.
Ці Евангелле з’яўляецца гістарычнай праўдай? Прафесар Войцех Рашкоўскі гаворыць, што на гэтае пытанне вельмі цяжка адказаць. Гэта літаратурны твор, крыніца гісторыі і веры. Дзякуючы гістарычным даследаванням пра аўтараў Евангелляў ёсць пэўныя веды, гаворыць гісторык.
-Напрыклад, Евангелле Мацвея, верагодна, узнікла на арамейскай мове, а пазней яго пераклалі. Пра кожнае Евангелле мы можам нешта сказаць, пра час узнікнення, плюс мінус 5-10 гадоў. Ці Евангелле расказвае праўду? Калі мы чытаем Евангелле і стараемся зразумець падзеі, якія яно апісвае ў кантэксце эпохі, людзей, якіх яно тычыцца, сведкаў, якія бачылі, а потым перадалі, то для мяне падзеі, апісаныя ў Евангеллі, сапраўды так выглядалі.
У сваіх кнігах прафесар Войцех Рашкоўскі распраўляецца з рэлятывізацыяй значэння чатырох Евангелляў. Толькі вядомыя нам чатыры Евангеллі з’яўляюцца Евангеллем, астатняе – гэта апокрыфы.
Тры першыя Евангеллі ўзніклі ў 60-х гадах, Евангелле Яна – у 90-х. У іх, а таксама ў лістах святых Яна, Паўла і Пятра падзеі пацвярджаюцца з пункту гледжання сведак.
-Сведкам быў Ян, які стаяў пад крыжам, сведкам быў Пётр, якія пісаў лісты. Павал не быў сведкам, але пад Дамаскам у яго было цудатворнае прасвятленне. Мацвей быў сведкам, быў апосталам. Марк і Лука былі вучнямі, карані якіх былі ў тагачасным асяроддзі, і яны мелі інфармацыю з першакрыніц. Такім чынам мы маем дачыненне з непасрэднымі сведкамі. У сваю чаргу ўсе іншыя гэтак званыя евангеллі, якія ўзніклі пазней ці значна пазней – гэта апокрыфы, якіх ёсць мноства, – гаворыць прафесар Рашкоўскі.
Апокрыф – тэрмін, які ў цяперашні час выкарыстоўваецца ў асноўным у рэлігійным кантэксце для кніг на біблейскія тэмы, якія лічацца ненатхнёнымі і таму не ўключаны ў канон Бібліі.
Прафесар Рашкоўскі расказвае, што сярод іх ёсць моцна артадаксальныя творы, якія імкнуліся дапоўніць факты з Евангелля, і якія надалей мясціліся ў дактрыне. Іншыя з’яўляюцца поўнай спекуляцыяй і казкай, якія расказвалі гностыкі і розныя ерэтыкі І, ІІ і ІІІ стагоддзяў. Напрыклад, гэтак званае евангелле Юды не мела з Юдам нічога супольнага. Гэта твор, які ўзнік у ІІ стагоддзі і быў цалкам прыдуманы. У той час паяўлялася шмат альтэрнатыўнай інфармацыі пра жыццё Езуса Хрыста.
-Ёсць два віды крыніц. Калі Евангеллі расказваюць больш і яны тычацца місіі Хрыстуса, то ўсе апокрыфы – хутчэй крыніца для азнаямлення з асяроддзямі, якія былі альтэрнатывай для першых хрысціян, – гаворыць прафесар Рашкоўскі.
Ёсць гісторыкі, якія сцвярджаюць, што пасля святых Пятра і Паўла пра дзейнасць іх вучняў і паплечнікаў наступае маўчанне. Суразмоўца Польскага радыё цалкам не згодны з такой тэзай. Ён сцвярджае, што імёны супрацоўнікаў апосталаў добра вядомыя. У лістах святых Паўла і Пятра ёсць дзясяткі імёнаў вучняў і паплечнікаў, – кажа прафесар Рашкоўскі. Ён, аднак, прызнае, што гісторыя місіі апосталаў вядомая толькі фрагментарна.
Можна вылучыць дзве асноўныя прычыны такога стану рэчаў. Па-першае, па розных прычынах да нашага часу захавалася мала багатых крыніц, прысвечаных антычнасці. Па-другое, першыя хрысціянскія абшчыны ў асноўным складаліся з непісьменных людзей. Евангелле звычайна паўтаралася вусна. Больш за тое, вусны пераказ быў асноўным спосабам перадачы ведаў. Людзі рэдка пісалі, і завучванне было адным з надзвычай важных элементаў адукацыі – тлумачыць госць Польскага радыё. Маладыя габрэі часцей за ўсё ведалі на памяць старазапаветны канон. Чытанне ў сінагогах было спосабам замацавання і практыкавання памяці.
Прафесар Рашкоўскі адзначае, што сціплыя крыніцы не азначаюць, што феномену распаўсюджвання хрысціянства не існавала. Гэта было зроблена спосабамі, адрознымі ад тых, якія мы можам сабе ўявіць сёння.
ав
слухайце аўдыё