Беларуская Служба

Кафедральны сабор у Ольштыне хавае шмат таямніцаў(ФОТА)

16.02.2024 13:12
Гісторыкі па сённяшні разыходзяцца ў меркаваннях наконт даты будаўніцтва найстарэйшага храма ў Ольштыне.
Аўдыё
  • Кафедральны сабор у Ольштыне хавае шмат таямніцаў
Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў ОльштынеAnna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сёння мы запрашаем у кафедральны сабор у Ольштыне, а на самай справе, Сукафедральную базіліку святога апостала Якуба. Манументальны касцёл размяшчаецца ў самым цэнтры старога горада Ольштына і з'яўляецца адным найважнейшых архітэктурных элементаў яго панарамы.

Будаўніцтва святыні пачалося хутчэй за ўсё з моманту заснавання Ольштына і было завершанае пасля дзесяцігоддзяў работаў напрыканцы XIV і пачатку XV стагоддзяў. Гэта найстарэйшы культавы будынак горада і ўнікальны помнік архітэктуры Варміі.

Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Касцёл уяўляе сабой зальны будынак з трыма нефамі, пабудаваны з чырвонай цэглы на каменным падмурку. Характэрныя элементы гатычнага архітэктурнага стылю базілікі ўключаюць: узвышаныя вітражы, дэкаратыўныя франтоны з пінаклямі, то бок дэкаратыўнымі вежкамі і характэрную квадратную вежу, якая дамінуе над будынкам і ў якой змешчаны галоўны ўваход у святыню.

Дарэчы згаданая вежа ў сваёй першапачатковай форме мела тры мураваныя паверхі і драўляную надбудову. Свой цяперашні выгляд, то бок сем мураваных паверхаў, яна атрымала толькі ў канцы XVІ стагоддзя. Вежа дасягае 70 метраў вышыні.

Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

На працягу стагоддзяў касцёл шмат разоў разбураўся, аднаўляўся і перабудоўваўсія. Напрыклад, у 1721 годзе парадная вежа была пашыраная на дзве капліцы.

Самым цяжкім перыядам у гісторыі храма аказалася ХІХ стагоддзе. Касцёл моцна пацярпеў ад напалеонаўскіх войскаў. У 1807 годзе французы зняволілі ў храме паўтары тысячы рускіх палонных. Паколькі зіма была вельмі марозная салдаты грэліся, спальваючы гістарычнае абсталяванне касцёла.
Больш за тое, пажар, які яны выклікалі, пашкодзіў канструкцыю будынка, у выніку чаго ў 1819 годзе абрынулася яго скляпенне. Касцёл быў адрамантаваны толькі ў другой палове XIX стагоддзя ў неагатычным стылі. Аднак у канцы таго ж стагоддзя ў будынку зноў успыхнуў чарговы сур’ёзны пажар, які на гэты раз знішчыў галоўны алтар.

Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Хоць базіліка святога апостала Якуба – гэта найстарэйшы касцёл у Ольштыне, то гісторыкі па сённяшні дзень спрачаюцца наконт падрабязнай даты яго ўзнікнення. Усё гэта з-за надпісу ў адной з капліцаў храма, які абвяшчае, што касцёл быў пабудаваны з падмурка ў 1315 годзе, то бо на шмат раней да заснавання самога Ольштына. Менавіта таму, частка экспертаў лічыць гэтую дату нерэальнай, тым больш, што велізарных памераў храм, несумненна будаваўся дзесяцігоддзямі. Паводле некаторых адмыслоўцаў, архітэктар Пётр Альхоўскі з Рэшэля, які ў 1721 годзе займаўся перабудовай абедзвюць знішчаных вежавых капліцаў і змясціў згаданы падпіс, проста здзейсніў памылку.

Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Сітуацыю ўскладняе факт адсутнасці гістарычных дакументаў, якія, хутчэй за ўсё, згарэлі падчас шматлікіх пажараў, ад якіх пакутаваў горад. У выніку архітэктар, які пабудаваў святыню, невядомы, а ў найстарэйшых даступных матэрыялах пра гісторыю будаўніцтва касцёла згадак няма.

Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

У цяперашні час, унутры касцёла мы можам бачыць, між іншым: сярэднявечны табернакль з рэнесансавым жывапісам і гатычнымі кратамі, мармуровую купель з XVІІ стагоддзя, барочныя фігуры святых, трон вармінскіх арцыбіскупаў, амбон з 1913 года і прывезеныя з неіснуючага ўжо касцёла ў Браневе багата аздобленыя познегатычныя лаўкі.

Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Варты ўвагі і арган, які прайшоў грунтоўную рэстаўрацыю ў 2006-2008 гадах. Напрыканцы XІX і пачатку XX стагоддзяў на ім іграў выбітны польскі кампазітар, аўтар вядомага патрыятычна-рэлігійнага гімна «Роты» Фелікс Нававейскі. Ён нарадзіўся ў непадалёкім Барчэве і служыў у кафедры арганістам. Дарэчы, з 1979 года базіліка з’яўляецца месцам правядзення штогадовых Ольштынскіх арганных канцэртаў.

Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне - тыпы скляпенняў /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне - тыпы скляпенняў /Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Асобныя часткі інтэрʼера храма ўвянчаны двума тыпамі скляпенняў: галоўны неф – сеткаватымі, а два бакавыя – унікальнымі крыштальнымі скляпеннямі.

У касцёле захоўваюцца мошчы святога Войцеха, якія ў Ольштын трапілі проста з Гнезна. З 1965 года храм з’яўляецца таксама грабніцай вармінскіх біскупаў.

Грабніцай вармінскіх біскупаў/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Грабніцай вармінскіх біскупаў/ Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Адной з цікавінак, у храме з’яўляецца мелюзіна – кандэлябр у выглядзе кампазіцыі з рагоў аленя. Паводле легенды, у XVI стагоддзі ў лясах каля Олштына праводзіліся буйныя паляванні. Мясцовы бурграф арганізоўваў іх ля возера Доўгае. Цэлы дзень у лесе гудзелі трубы, гучалі крыкі паляўнічых. Нягледзячы на змярканне і старадаўні звычай спыняць паляванне на захадзе сонца, ольштынскія паляўнічыя са зграяй сабак пагналіся за цудоўным аленем. Стомленая жывёла ў смяротным страху пабегла ў горад, перасекла некалькі вуліц і ўварвалася ў сабор, дзе памерла ад знясілення ў галоўным нефе. У памяць аб гэтай падзеі адзін з кандэлябраў сабора мае менавіта форму галавы аленя.

Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне - вітраж, які навязвае да абяўленняў Марыі, што адбыліся ў Гетшвалдзе ў 1877 годзе / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ Сукафедральная базіліка святога апостала Якуба ў Ольштыне - вітраж, які навязвае да абяўленняў Марыі, што адбыліся ў Гетшвалдзе ў 1877 годзе / Anna Zadrożna/Redakcja Białoruska/PRdZ

Іншай цікавінкай з’яўляецца вітраж, які навязвае да абяўленняў Марыі, што адбыліся ў Гетшвалдзе ў 1877 годзе. Вітраж змешчаны над галоўнымі дзвярыма касцёла. На ім Маці Божая нагадвае вернікам, якія выходзяць са святыні, каб яны маліліся на ружанцы.

Анна Задрожна

Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Барчэва – вармінскі гарадок, які называюць польскай Венецыяй (ФОТА)

01.12.2023 15:01
У гарадку нарадзіўся вядомы польскі кампазітар Фелікс Нававейскі, аўтар музыкі да вядомай патрыятычнай песні «Рота».