Беларуская Служба

Аляксандр Памідораў: «Усё нармальна з нашай музыкай у эміграцыі адбываецца»

24.02.2024 10:35
Аляксандр Памідораў вядомы беларускі выканаўца, вядоўца. У яго за плячыма ўдзел у шэрагу супольных музычных праектаў такіх, як «Народны Альбом», «Я нарадзіўся тут». Ён вядоўца канцэртаў, фестываляў («Басовішча», «Рок за Баброў», «Be Free», «Рок-каранацыя»). І цяпер у розных гарадах Еўропы ў беларускіх эмігранцкіх колах Аляксандр дае свае сольныя канцэрты. У польскай Познані з ім пагутарыў наш карэспандэнт.
Аляксандр ПамідораўПольскае радыё/П.Залескі

Аляксандр, як даўно вы знаходзіцеся ў эміграцыі?

 - На стала са снежня 2021 году я ў Польшчы, паколькі ўжо немагчыма было заставацца ў Беларусі.

А што канкрэтна вас прымусілі пакінуць Беларусь?

- Сама сітуацыя, якая склалася ў мяне, прымушала гэта зрабіць. У мяне заблакавалі банкаўскія рахункі, пачаліся розныя выклікі ў Следчы камітэт… Ну і потым, не было ніякага жадання ізноў ісці ў турму.

Вы траплялі тады за краты?

- Канешне, канешне. Нас забралі адных з першых. Арыштавалі на дваровых канцэртах у верасні 20-га году.

Што зараз згадваецца з таго часу?

- У мяне ўжо быў досвед і я ведаў як сябе паводзіць у падобных сітуацыях. Хаця, усё роўна гэта адбіваецца на любым чалавеку, бо ты знаходзішся ў замкнёнай прасторы, на цябе адбываецца ціск. Праўда, мушу прызнаць, што мы тады яшчэ адбылі суткі даволі спакойна. Бо калі вышлі на волю напрыканцы месяца, нам распавядалі, што пачаліся сапраўдныя жарсці.

А як вам здаецца, што адчувалі тыя, хто быў па іншы бок турэмнай камеры?

- Яны баяліся і баяцца размаўляць. Яны баяцца на ўсіх узроўнях: ад простага шараговага выканаўцы да тых, хто прымае рашэнні – генералаў і міністраў. Усе яны баяцца і гэта бачна.

Аляксандр, як вы ўладкаваліся ў Польшчы?

- Мне ад пачатку пашчасціла, бо адразу замовілі тры артыкулы ў польскім выданні і напрыканцы снежня я атрымаў першы ганарар. А потым мы досыць хутка ўладкаваліся ў гіпермаркет на выкладку тавараў. Я патрапіў у малочны аддзел. Ну а калі з’явіліся выступы, здымкі, канцэрты, то гэта працы ў краме пачало замінаць. Справа ў тым, што з некім можна дамовіцца, каб цябе раней адпускалі, альбо, што цябе наагул цэлую змену не будзе, а некаму з адміністрацыі такая праца не падабаецца.

Гэта значыць, што выступамі, канцэртамі вы пражыць тут не можаце?

- Усё залежыць. Можна пражыць і выступамі і канцэртамі хаця б таму, што яны тут ёсць дзякуючы гледачам. Мушу заўважыць, што столькі канцэртаў, колькі ў нас тут ёсць, маю на ўвазе ўсіх беларускіх артыстаў, столькі канцэртаў у Беларусі ў нас не было вельмі даўно.

Значыцца, вы зараз акрамя, як артыстычнай дзейнасцю, больш ні чым не займаецеся?

- Фактычна вось зараз у дадзены момант я знаходжуся ў турнэ па еўрапейскіх гарадах, дзе існуюць беларускія дыяспары. Сёння раніцай я прыехаў у Познань з Аўстрыі. Канцэрты ў Познані, у Кракаве,  у Варшаве. Планаваў яшчэ адзін выступ, але здаецца трэба зрабіць перапынак. Сёння ўжо будзе 14 канцэрт.

За які перыяд?

- З 31 студзеня.

Гэта менш, чым за месяц… А што ўяўляюць сабой вашы канцэрты? Маецца на ўвазе, якія песні спяваеце, што распавядаеце гледачам, якія пытанні вам задаюць?

- Пытанні задаюць самыя розныя. Ды я і сам імкнуся, каб мой канцэрт быў размовай з гледачом. Прычым, заўсёды гатовы адказваць на любыя пытанні, якія мне задаюць. Як і ўсе артысты, калі яны выпускаюць новы альбом, на канцэртах не іграюць усе новыя песні, а імкнуцца спяваць хіты, альбо проста больш вядомыя. У мяне хітоў не шмат, але безумоўна людзі чакаюць «Цуд на Каляды», «Дзень без гарэлкі», «Быць беларусам»… І вельмі прыемна, калі людзі на канцэрце пачынаюць падпяваць.

А дзе вам было найцікавей выступаць?

- Я люблю выступаць у Вроцлаве, Кракаве, Познані, Берліне…, ну, паўсюдна. Я не магу сказаць, што недзе мне не падабаецца і я туды не паеду. А новыя месцы, калі адкрываеш іх, то гэта наагул файна. Я атрымаў эстэтычны шок у Брэмені і Бруселі. Потым атрымаў тэхнічны і тэхналагічны экстаз у Берліне.

Усе гэтыя ўражанні, якія вы чэрпаеце з падарожжаў і канцэртаў – яны ўплываюць на вашу творчасць, пішацца нешта новае?

- Пішацца, але не вельмі хутка. Я раблю нейкія замалёўкі, бо стварыць нешта адразу новае ў такім рэжыме цяжкавата.

Замежнікі трапляюць на вашыя канцэрты? Якія ў іх уражанні?

- Так, безумоўна. Да прыкладу, у Брэмені, немцы мне раілі зарэгістравацца ў нямецкім агенцтве аўтарскіх правоў, бо, маўляў, наступны раз, калі я ізноў да іх прыеду, гэта спатрэбіцца. Яны не разумелі беларускай мовы, але тое, што чулі і бачылі падчас канцэрту, прызнаваліся, што гэта іх уразіла. А мне, вядома, было прыемна. Дарэчы, на канцэрты прыходзяць і ўкраінцы і палякі…

У эміграцыю пасля 20-га году выехала шмат творчых людзей, у тым ліку музыкантаў. На ваш погляд, што адбываецца ў эміграцыі з беларускай музыкай?

- Усё нармальна тут з нашай музыкай адбываецца. Музыкі выступаюць, пішуць новыя песні, гастралююць, з’яўляецца шмат новых твараў, новай музыкі. Мне, да прыкладу, падабаецца апошні альбом Светы Бень і Галі Чыкіс, «Дліна валны», «Нюрнбэрг», плюс тое, што робіць Саня Багданаў, ды шмат чаго можна пералічваць. Назаву яшчэ гурт «Атэста» – гэта напэўна самая маладая наша зорачка.

Ці маеце вы сувязь з Беларуссю і што там адбываецца ў музычным свеце?

- Там нічога не адбываецца, там усё дрэнна – канцэртаў няма, магчымасцяў выступаць таксама няма. Мы кантактуем з калегамі і ў Беларусі, і ў Амерыцы, і ў Ізраілі. А таму ўсё вядома, што там адбываецца. І ўсе адказныя за гэта адкажуць, прыйдзе час. І я спадзяюся, што гэта будзе не помста, а нармальны Закон. Нам давядзецца не проста ўсё аднаўляць, а нанова ўсё будаваць. Проста не будзе.

Аляксандр, а як на вас уплывае эміграцыя, як вы яе пераносіце?

- Нармальна ўплывае. Мне па вялікаму рахунку ўсё роўна дзе жыць. Магчыма я касмапаліт, але працы паўсюль хапае і не толькі, каб перабівацца, а і жыць нармальна. А веданне мовы, культуры – гэта ўсё з часам набываецца. Канешне, ёсць нейкія рэчы па якіх сумуеш, але ў прынцыпе ўсё нармальна.

А вы па чым сумуеце?

- Я нават не магу сказаць. Ну ў мяне родныя засталіся ў Мінску і безумоўна гэта часам і нервы і іншае. Але так дакладна…, не скажу…

Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ

Фота аўтара: Аляксандр Памідораў