Беларуская Служба

У Ноч музеяў Польскае радыё запрашае ў Палац Сташыца ў Варшаве

17.05.2024 13:30
18 траўня ў Польшчы адбудзецца Ноч музеяў – адна з самых чаканых культурных падзеяў у краіне.
Аўдыё
  • У Ноч музеяў Польскае радыё запрашае ў Палац Сташыца ў Варшаве
У Ноч музеяў Польскае радыё запрашае ў Палац Сташыца ў ВаршавеPR SA

У бліжэйшую суботу, то бок 18 траўня ў Польшчы адбудзецца юбілейная – 20-я Ноч музеяў. Як кожны год з гэтай нагоды ўстановы культуры ў краіне падрыхтавалі спецыяльныя праграмы і атракцыёны для наведвальнікаў: адмысловыя шоу і экскурсіі, канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, кінапаказы, сустрэчы з артыстамі, хэпенінгі, лекцыі, майстар-класы і конкурсы. Уваход на мерапрыемствы бясплатны, хаця ў многіх месцах патрабуецца ранейшая рэгістрацыя.

З кожным годам да акцыі Ноч музеяў далучаецца ўсё больш культурных установаў, нагадвае міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Ганна Врублеўска(Hanna Wróblewska):

- У акцыю уключаюцца ведамствы, тэатры, архівы, кіна-тэатры. Кожны хоча святкаваць Ноч музеяў. Чэргі перад культурнымі ўстановамі – гэта фенаменальная справа. Ноч музеяў – гэта таксама выключная нагода наведаць месцы, якія нармальна закрытыя для шырокай аўдыторыі.

А 20.30 ва ўнутраным двары сядзібы Мінкультуры адбудзецца прагляд фільмаў, прысвечаных творам мастацтва, якія загінулі падчас вайны.

Сёлета ў Варшаве ў Ночы музеяў плануе ўдзельнічаць 312 установаў. Гэта не толькі музеі і месцы, звязаныя з культурай. Напрыклад, у рамках акцыі можна наведаць сядзібу Міністэрства юстыцыі, Аддзел старой медыцынскай кнігі ў Галоўнай медыцынскай бібліятэцы, прафесійную студыю гуказапісу аўдыякніг і кабінет прэзідэнта Варшавы.

У будынках Сейма і Сената для ўдзельнікаў Ночы музеяў будуць адкрытыя: зала пленарных паседжанняў, залы паседжанняў камісіяў Сената, пастаянныя і часовыя выставы, якія там прэзентуюцца.

Свае дзверы для наведвальнікаў адчыняе таксама Кабінет прэмʼер-міністра. Гэта ўнікальная магчымасць убачыць, месца працы кіраўніка польскага ўраду, пазнаёміцца з сакрэтамі паспяховай прэс-канферэнцыі або прыняць удзел у семінарах па дыпламатычным пратаколе.

Лейтматывам сёлетняй Ночы музеяў у Нацыянальным банку Польшчы з’яўляецца 100-годдзе заснавання Нацбанка і 100-годдзе ўвядзення ў абарачэнне польскага злотага. З гэтай нагоды можна будзе пабачыць, сярод іншага, каштоўную манету з XIV стагоддзя, то бок грош Казіміра Вялікага.

Музей гісторыі польскіх габрэяў POLIN запрашае на экскурсіі пад загалоўкам: «У габрэйскім мястэчку». Ноч музеяў у гэтай установе будзе працягвацца з 19.00 па 01.00 ночы.

Да акцыі далучаецца таксама сталічны Цэнтр думкі Яна Паўла ІІ. Праграма ўключае, сярод іншага: эскейп-рум, танцы на вуліцы Фоксаль з гуртом «Hajda Banda», канцэрты і майстэрні каліграфіі.

У бліжэйшую суботу ў Музеі Варшаўскага паўстання ўжо ў дзясяты раз будзе адкрыты «Пакой на лета» – месца для сустрэч, канцэртаў, майстар-класаў; прастора для абмеркавання праблемаў жыхароў сучаснай Варшавы, заяўляе дырэктар установы Ян Алдакоўскі(Jan Ołdakowski):

- «Пакой на лета» – гэта спроба сінтэзу таго, чым з’яўляецца сучасная Варшава. У рамках праекта пройдуць сустрэчы на тэму варшаўскай архітэктуры, кулінарныя майстэрні, сустрэчы, звязаныя са звычаямі сучаснай Варшавы.

У сваю чаргу ў Цэнтры дыялогу «Przełomy» Нацыянальнага музея ў Шчэціне ў Ноч музеяў адкрыецца выстава «Варшаўскае паўстанне – люстэрка пакаленняў». Яе складаюць экспанаты з прыватнай калекцыі Міраслава Бароўскага(Mirosław Borowski):

- Гэта артэфакты міжваеннага перыяду. Крыху экспанатаў часоў Варшаўскага паўстання, а таксама сучасныя, то бок пасляваенныя медалі, якія выпускаліся ў апазіцыі да тагачаснай улады.

Вернісажы, шахцёрскія прагулкі, канцэрты – гэта толькі некаторыя з мерапрыемствах, запланаваных у сілезскіх культурных установах. Музей «Верхнесілезскі этнаграфічны парк у горадзе Хожаў» запрашае на мерапрыемства пад назвай: «Чума ў музеі пад адкрытым небам». Галоўная тэма – чума і іншыя хваробы, якія пераследавалі вёскі. Госці пазнаёмяцца таксама з рэгіянальнымі гісторыямі і легендамі.

Упершыню ў Ноч музеяў уключаецца Рацлавіцкая панарама – аддзел Нацыянальнага музея ў Вроцлаве. Манументальны твор Яна Стыкі і Войцеха Косака можна будзе пабачыць бясплатна ў рэжыме 15-хвілінных сеансаў.

Толькі ў рамках Ночы музеяў, 18 траўня, у гарадку Ружан(Różan) на Нарве ў Мазавецкім ваяводстве можна будзе наведаць Нацыянальнае сховішча радыеактыўных адходаў, якое размяшчаецца на тэрыторыі царскага форта, пабудаванага на пачатку XX стагоддзя.

У сёлетнюю акцыю актыўна ўключаецца таксама грамадскае Польскага радыё, якое ў суботу запрашае ў Палац Сташыца ў Варшаве. Наведвальнікі змогуць не толькі пазнаёміцца з гісторыяй і багаццем архіваў грамадскага вяшчальніка, але і «дакрануцца да гуку», кажа дырэктар Архіва Польскага радыё Анджэй Мяткоўскі(Andrzej Mietkowski):

- Мы нагадаем нашу акцыю, бадай, дзесяцігадовай даўніны, гэта была прапанова на тагачасны Навуковы пікнік. Гаворка ішла пра тое, каб надрукаваць на 3D-прынтары культавыя, знакавыя запісы з гісторыі Польскага радыё, напрыклад, гукавы запіс выказвання Юзэфа Пілсудскага.

Удзельнікі Ночы музеяў у Палацы Сташыца змогуць таксама бліжэй пазнаёміцца з рэдакцыямі і праграмамі Польскага радыё. Пра ролю грамадскага вяшчальніка будуць гаварыць дырэктаркі Першай і Трэцяй праграмаў Паўліна Сталярэк-Марат і Агнешка Шыдлоўска, а таксама галоўны рэдактар Студыі рэпартажа і дакумена Барташ Панэк. Ноч музеяў у Палацы Сташыца завершыцца музычнай вечарынай, якую павядуць Пётр Мец, Томаш Шахоўскі і Пшэмэк Псікута.

Першая Ноч музеяў адбылася ў Берліне ў 1997 годзе. Дзякуючы поспеху гэтага мерапрыемства іншыя еўрапейскія гарады таксама пачалі арганізоўваць падобныя культурныя мерапрыемствы. У Польшчы першая Ноч музеяў была арганізавана ў 2003 годзе ў Нацыянальным музеі ў Познані, а праз год таксама ў Кракаве і Варшаве. Зараз Ноч музеяў ладзіцца штогод у некалькіх дзясятках польскіх гарадоў.

Ноч музеяў у Польшчы не толькі павялічвае даступнасць культуры, але таксама спрыяе разнастайнасці культурных установаў; дае магчымасць прадставіць свае калекцыі больш шырокай аўдыторыі. Многія музеі і галерэі выкарыстоўваюць гэтую акцыю для арганізацыі спецыяльных мерапрыемстваў, такіх як майстар-класы, лекцыі, часовыя выставы і канцэрты, яшчэ больш узбагачаючы культурную прапанову ў гэтую ноч.

Ноч музеяў у Польшчы карыстаецца нязменнай папулярнасцю, прыцягваючы як мясцовых жыхароў, так і турыстаў з розных куткоў краіны і свету. Зараз яна з’яўляецца адной з самых чаканых культурных падзеяў года.

IAR/аз

У Ноч музеяў Польскае радыё запрашае ў Палац Сташыца ў Варшаве У Ноч музеяў Польскае радыё запрашае ў Палац Сташыца ў Варшаве
Больш на гэтую тэму: Запрашаем у Польшчу

Запрашаем на Свята ротмістра Пілецкага ў гарадок Остраў Мазавецка (ФОТА)

10.05.2024 15:01
Мерапрыемства, прымеркаванае да дня нараджэння героя, ладзіцца сёлета ўжо восьмы раз, супадаючы з акцыяй «Ноч музеяў» у Польшчы.