Прэзентацыі конкурсных радыё і тэлеспектакляў, а таксама сустрэчы з зоркамі, цікавінкі для дзяцей, майстар-класы і спадарожныя мерапрыемствы. 22 чэрвеня ў Сопаце распачнецца адна з найважнейшых культурных падзеяў Польшчы – 23-ці Тэатральны фестываль Польскага радыё і тэлебачання «Два тэатры».
Тэатр Польскага радыё рыхтуе два радыёспектаклі ў прамым эфіры. Гледачы будуць мець магчымасць пабачыць, як ствараецца культавы радыёраман «Матысякове», кажа актор Казімеж Качор:
-Мне вельмі цікава, як усё будзе адбывацца. З вялікай прыемнасцю мы сустрэнемся ў Сопаце. Спектакль напісаны ў лёгкай форме, зразумелай мовай, таму яго лёгка запісваць. Я з тых часоў, калі радыёспектаклі рабілі ў прамым эфіры.
У Год Вітольда Гамбровіча рэжысёр Марыюш Малец рыхтуе ў жывым эфіры радыёспектакль паводле авангарднага рамана «Фэрдыдурке»:
-Не здраджваючы таямніцы скажу, што будзе паядынак мінамі. Варта паглядзець, таму запрашаю ў Сопат. Граць у жывым эфіры будзе Мікалай Тшаска. Досвед мінулых гадоў паказвае, што да ўдзелу можна запрасіць гледачоў. Вы, гледачы і слухачы, прыйдзеце, а мы запросім вас да супрацы. Мы ўсе памятаем «Фэрдыдурке», таму сумеснае выкрыкванне слова «дупка» нас парадуе.
Сёлета на конкурс адабрана 16 радыёспектакляў для дарослых і 6 для дзяцей і падлеткаў.
ав