Фестываль African Beats распачнецца ў гэтую пятніцу, 9 жніўня, у Кавэнчыне пад Варшавай. Падчас яго выступяць некалькі афрыканскіх артыстаў, якія граюць надзвычай разнастайную музыку, якая паходзіць з розных традыцый.
Ініцыятар і арганізатар фестывалю Якуб Маліноўскі тлумачыць, што яго ідэя — шырокае прадстаўленне афрыканскай музыкі, якая ў пэўным сэнсе з’яўляецца адлюстраваннем характару жыхароў Афрыкі:
-У афрыканскай музыцы ёсць натура, радасць, а найперш рытм. Ёсць неверагодная энергія. Жыхары Афрыкі вельмі музыкальныя і рытмічныя. Яны спяваюць цэлымі сем’ямі, граюць на розных інструментах. Гэта энергія, якую я хачу запрашаць да нас, у Польшчу, каб адкрываць нас, палякаў.
Якуб Маліноўскі тлумачыць, што сёлета ўдалося запрасіць на фестываль унікальных артыстаў. У канцэртах прыме ўдзел, між іншым, В'ё Фарка Турэ, гітарыст і кампазітар з Малі, сын легендарнага Алі Фарка Турэ. Яго творчасць спалучае традыцыйную музыку Сонгай з сучаснымі ўплывамі, што робіць яго піянерам у жанры "пустынны блюз". На фестывальнай сцэне таксама выступіць Сона Джобартэх — віртуоз афрыканскай кары, спявачка і кампазітарка, якая спалучае ў сабе традыцыйную музыку народа Гамбіі. Таксама на фестывалі выступіць гітарыст і вакаліст Бамбіна з Нігера. Яго музыка, якую апісваюць як «пустынны блюз», спалучае ў сабе традыцыйныя туарэгскія мелодыі з рокам і блюзам. Бамбіна - першы выканаўца з Нігера, які ўвайшоў у чарт Billboard World Music, і першы нігерыец, які быў намінаваны на прэмію "Грэмі".
Якуб Маліноўскі дадае, што фестываль — гэта магчымасць навучыцца не толькі афрыканскай музыцы:
-Будзе зона варштатаў, дзе можна будзе павучыцца афрыканскаму танцу, варштаты ігры на афрыканскіх бубнах, варштаты песень. Будзе зона кіно і падарожжаў, у якой цягам дня самыя вядомыя польскія падарожнікі будуць расказваць пра свае прыгоды, якія іх сустрэлі на афрыканскім кантыненце.
Падчас фестывалю таксама пакажуць некалькі афрыканскіх фільмаў, а таксама можна будзе паспрабаваць стравы афрыканскай кухні.
Усю інфармацыю пра фестываль можна знайсці на сайце www.africanbeats.pl.