Беларуская Служба

Квіткі на фестываль «Шапэн і яго Еўропа» прадалі за некалькі хвілін

20.08.2024 12:03
Прэстыжная музычныя імпрэза стартавала ў суботу і працягнецца да 8 верасня.
Аўдыё
  • Квіткі на фестываль «Шапэн і яго Еўропа» прадалі за некалькі хвілін
Піяніст Эрык Гуа грае на фестывалі «Шапэн і яго Еўропа» PAP/Leszek Szymański

З мінулай суботы да 8 верасня ў Варшаве праходзіць першакласная музычная падзея ў свеце – фестываль «Шапэн і яго Еўропа». І хоць большасць квіткоў на канцэрты разышлася на працягу некалькіх хвілін, надалей ёсць магчымасці далучыцца да імпрэзы і пачуць творы 65 кампазітараў і больш за 600 салістаў, камерных музыкаў, спевакоў і артыстаў аркестра.

Інтэрнэт-продаж білетаў на большасць канцэртаў ХХ Міжнароднага музычнага фестывалю «Шапэн і яго Еўропа» завяршыўся праз некалькі хвілін. Прэстыжная музычныя імпрэза стартавала ў суботу і працягнецца да 8 верасня.

Як і ўсе папярэднія выпускі фестывалю, гэты мае падзагаловак, які выдатна апісвае яго характар: «Шапэн і яго Еўропа, і астатні свет». Гэта паказвае на колькі шырокая праграма, багацце і разнастайнасць выканаўцаў. Слухачы маюць магчымасць пачуць творы 65 кампазітараў і больш за 600 салістаў, камерных музыкаў, спевакоў і артыстаў аркестра.

Сёлетні «Шапэн і яго Еўропа» – гэта музыка ажно чатырох стагоддзяў: ад эпохі Адраджэння да сучаснасці, выкананая з глыбокім усведамленнем свайго стылю, але таксама мадэрнізаваную з новай перспектывай. ХХ фестываль «Шапэн і яго Еўропа» – гэта сутыкненне творчасці Шапэна з еўрапейскай музыкай суседзяў, з усіх геаграфічных напрамкаў, а таксама – хоць і ў больш сціплай ступені – з далёкімі рэгіёнамі свету, а таксама з надзвычай цікавай мазаікай музычнага выканання, створанай па бескампрамісна высокіх мастацкіх крытэрыях.


. 

У бліжэйшую нядзелю, 25 жніўня, пройдзе адна з галоўных падзей сёлетняга фестывалю – прагучыць канцэртная версія «Страшнага двару» Станіслава Манюшкі на старадаўніх інструментах у выкананні гурта Europa Galante пад кіраўніцтвам Фабіа Біондзі і выдатных спевакоў.

Партыю Мечніка ў Вялікім тэатры-Нацыянальнай оперы праспявае Артур Руціньскі, які падчас прэс-канферэнцыі прызнаўся, што для гэтага праекта зрабіў выключэнне і выйдзе на сцэну ў вакацыйным сезоне:

-Летні сезон для мяне – святасць. Я прысвячаю яго толькі і выключна сям’і. Аднак, калі мне пазваніў дырэктар Станіслаў Ляшчыньскі, мы пачалі размаўляць пра праект, то я падумаў, што не магу адмовіць сабе і не заспяваць партыю Мечніка. Гэтая роля гадамі кружыла ў маіх думках. Таму я вельмі рады, што змагу заспяваць Мечніка, чакаю супрацоўніцтва з такім выбітным калектывам і маэстра Біондзі.

У сваю чаргу партыю Ганны праспявае мексіканская спявачка Карэн Гардэазабаль, якая падкрэсліла, што для яе гэта гонар, але і выклік:

-Манюшка – адзін з самых вялікіх выклікаў у маёй кар'еры. Яго музыка незвычайная. Я рада, што змагла праспяваць Графіню ў 2020 годзе, а цяпер і Ганну ў «Страшным двары». Я буду шчаслівая спяваць для вас, рада, што змагу падзяліцца сваім голасам і музыкай. Дзякуй, што дазволілі мне быць тут.

Дзякуючы Польскаму радыё аматары музыкі могуць слухаць унікальных выканаўцаў па ўсім свеце, гаворыць дырэктар Нацыянальнага інстытуту імя Фрыдэрыка Шапэна Артур Шкленэр:

-Калі казаць пра фестываль «Шапэн і яго Еўропа», то з самага пачатку, то бок 20 гадоў, Польскае радыё было галоўным СМІ, дзе транслююцца амаль усе канцэрты. Гэта мае асаблівае значэнне, паколькі Польскае радыё зʼяўляецца часткай Еўрапейскага вяшчальнага саюзу. Дзякуючы гэтаму многія канцэрты даступныя многім слухачам ва ўсім свеце.

Намеснік кіраўніка Другой праграмы Польскага радыё Пётр Матвейчук падкрэслівае, што юбілейны фестываль «Шапэн і яго Еўропа» амаль цалкам транслюецца на іх канале:

-Многія канцэрты мы транслюем, астатнія запісываем і транслюем іх з невялікім спазненнем. Хоць ёсць выдатныя кавалкі, якія мы пакідаем на спецыяльныя нагоды. Мы стварылі прапанову для Еўрапейскага вяшчальнага саюзу. І трэба сказаць, што гэтыя канцэрты карыстаюцца вельмі вялікай папулярнасцю. Іх расхопліваюць, калі казаць пра нашую прапанову.

Сярод выканаўцаў такія піяністы-віртуозы, як Брус Лю, Гарык Олсан, Кевін Кенер, Эва Паблоцка, Пётр Палечны і Януш Алейнічак, а таксама скрыпачы Фабіа Біондзі, Вілдэ Франг і Бамсоры Кім, віяланчэлісты Жан-Гіэн Кейрас, Пітэр Віспелвей і Марцін Здунік, а таксама плеяда спевакоў, у тым ліку Карэн Гардэазабаль, Агата Шмідт, Агнешка Рэліс, Пётр Некаранец і Артур Руціньскі.

Канцэрты праходзяць у Нацыянальнай філармоніі, Вялікім тэатры – Нацыянальнай оперы, Канцэртнай студыі Польскага радыё імя Вітольда Лютаслаўскага, Базыліцы Святога Крыжа і Каралеўскім замку. Суарганізатарам фестывалю зʼяўляецца Другая праграма Польскага радыё.

Фестываль «Шапэн і яго Еўропа» з’яўляецца першакласнай музычнай падзеяй у свеце. Ужо дваццаць гадоў фестываль збірае ў Варшаве тысячы людзей, у тым ліку аматараў музыкі з Польшчы і з-за мяжы, якія прыязджаюць адмыслова на гэтае мерапрыемства. Фестываль мае сваіх прыхільнікаў і слухачоў па ўсім свеце.

ав

слухайце аўдыё